Шрифт:
Наталля Пятроўна раптам зірнула на старога настаўніка i сумна ўсміхнулася.
— Вы нас мірыце, як дзяцей. А мы не біліся. Калі ласка. — І яна падала Лемяшэвічу руку. Мабыць, ёй хацелася хутчэй скончыць гэтую непрыемную размову. Паціскаючы руку, яна глянула зблізку яму ў вочы, i раптам твар яе заліўся такой чырванню, што Лемяшэвіч у сваю чаргу збянтэжыўся: чаму? што з ёю? Яна адышла да кніжнай шафы i пачала выбіраць кніжку.
Больш пра свае адносіны яны не сказалі ні слова. Лемяшэвіч i Даніла Платонавіч пачалі гаворку пра школьныя справы. Наталля Пятроўна, зноў сеўшы ў крэсла, праглядала том энцыклапедыі. Лемяшэвічу вельмі хацелася даведацца, што цікавіць яе ў энцыклапедыі, але ён не адважыўся i ўсё сядзеў насупраць грубкі, у якой гудзела ўжо даволі зыркае полымя.
На кухні грукнулі дзверы, i неўзабаве бабка Наста прынесла газеты i часопісы.
— Во… зноў цэлы пуд, — з папрокам сказала яна, кладучы пошту на стол. Потым прыветліва ўсміхнулася Наталлі Пятроўне, мабыць, ухваляючы, што тая з'ела мёд, i раптам звярнулася да Лемяшэвіча: — Дзілектар, мядку хочаш?
Яна спытала гэта ўпершыню за ўсе чатыры месяцы, як ён наведваецца ў дом, i Міхась Кірылавіч узрадаваўся гэтаму: бабуля нарэшце як бы прызнала яго сваім, блізкім чалавекам, такім, як Наталля Пятроўна, i гэтым нібы яшчэ больш збліжала ix. Мабыць, Наталля Пятроўна таксама адчула нешта падобнае, бо з цікавасцю стала чакаць, што ён адкажа. І хоць Лемяшэвіч не надта быў ласы да мёду, але весела крыкнуў:
— Хачу, бабуся! Вельмі хачу!
— Праца, дарагі Міхась Кірылавіч, ніколі людзей не раз'ядноўвае, якая б цяжкая яна ні была, — гаварыў між тым Даніла Платонавіч, адказваючы на сумненні Лемяшэвіча наконт таго, што ў калектыве ix нібыта няма належнай дружбы i еднасці i што, магчыма, прычына гэтага ў перагружанасці настаўнікаў працай. — Наадварот… Калі, вядома, яна правільна арганізавана i размеркавана паміж членамі калектыву. Я не сказаў бы, што ў нас нагрузкі няправільна размеркаваны. Людзі не скардзяцца. Але вы кажаце праўду… У калектыве ёсць нейкая… насцярожанасць, я сказаў бы. Калегі нашы як бы баяцца адзін аднаго…
— Вось іменна… І мяне гэта турбуе, Даніла Платонавіч. Мне незразумела: чаму гэта? хто вінаваты?
— Я сам не разумею, — паціснуў плячамі Шаблюк. — Сам прыглядаюся, шукаю… Недзе прычына павінна быць. І нам трэба знайсці яе, бо, скажу вам, — хвароба заразная…
Наталля Пятроўна адарвалася ад газет, якія пераглядала.
— Вы даруйце, што я ўмешваюся. Але мне здаецца — выдумалі вы свае страхі, ва ўсякім разе перабольшваеце ix. A калі ёсць нешта падобнае ў вас, дык ці варта ламаць галаву над прычыиай. Вельмі ж ясна яна, прычына, — Прыходчанка.
— Чаму Прыходчанка? — здзівіўся Лемяшэвіч.
— Чаму? Наіўныя вы ці абваражыла яна вас?..
Даніла Платонавіч запярэчыў:
— Не, не, Наташа! Гэта не тое. І ты, калі ласка, не ўзвальвай усё на чалавека толькі за тое, што не любіш яго. Так ніколі не будзеш аб'ектыўным суддзёй!
— Я не збіраюся яе судзіць. Але я паспрабавала паставіць сябе на месца вашых настаўнікаў. І, відаць, я таксама адчувала б сябе няёмка… насцярожана, як вы кажаце, каб ведала, што адзін з членаў калектыву, як кажуць, — вочы i вушы начальства…
— Ну, гэта глупства, Наташа! — адмахнуўся Даніла Платонавіч. — Што ж мы, па-твойму, сакратара райкома баімся?
— Не, сакратара мы не баімся, калі пра нашу работу дакладваюць у райком як мае быць, па-партыйнаму, падзяржаўнаму… Але калі пра нашы размовы, учынкі, чалавечыя слабасці даносіцца, даруйце мне, у ложку… Тут — не боязь, тут…. ну, проста… проста непрыемна, абразліва…
Яна зноў пачырванела і, разгарнуўшы газету, закрылася ёй.
— Не, усё-такі гэта глупства. Гэта не прычына, — не згадзіўся Даніла Платонавіч, беручы жалезную качаргу, каб разбіць галавешкі. A Лемяшэвіч падумаў: «Яна мае рацыю. Гэта можа быць», — хоць у душы нешта пратэставала; не хацелася думаць так дрэнна i пра Бародку, i тым больш пра Марыну Астапаўну.
Даніла Платонавіч разбіў галавешкі, потым, падумаўшы, зноў укінуў дроў, i Лемяшэвіч назіраў, як хутка яны загараюцца, як на паленнях выступаюць слязінкі смалы, капаюць у жар.
— Таварышы, — ціха i як бы спалохана паклікала Наталля Пятроўна. Лемяшэвіч павярнуўся i ўбачыў яе твар, надзвычай разгублены. Нешта моцна i нечакана ўсхвалявала жанчыну. — Вы даруйце мне… Паглядзіце, што тут…
Яна працягнула аблаеную газету. Лемяшэвіч узяў яе i адразу знайшоў тое, што ўсхвалявала жанчыну, — фельетон на другой старонцы. Ён прачытаў яго вачамі за нейкую хвіліну, пакуль Шаблюк, па-старэчаму, не спяшаючыся, шукаў на стале акуляры. Фельетон называўся «Ад школы Да крамы». Ён пачынаўся ca злоснага сатырычнага апісання, як тры чалавекі — дырэктар Крыніцкай школы Лемяшэвіч, старшыня сельсавета Раўнаполец i парторг Полаз зачыніліся у краме i пілі. П'яны дыялог, у якім яны хваляць адзін аднаго. Тлумачэнне — за якія сродкі пілі. Пілі, аказваецца, за дошкі, якія Лемяшэвіч прадаў калгасніды Леванчук. Нарэшце, агульная, «сур'ёзная» частка фельетона, з вывадамі, яна пачыналася словамі: «Не шанцуе школе на дырэктараў». Два ўжо зволены за п'янства, цяпер трэці на чарзе, чалавек, на якога ўскладалі надзеі: малады педагог, аспірант… Намёк на тое, што ці не таму i дысертацыю не абараніў, што заглядваў у бутэльку. У канцы фельетона галаслоўна, без фактаў i прыкладаў, сцвярджалася, што дырэктар зусім не займаецца наладжваннем педагагічнага працэсу i школа як была ў ліку адстаючых, так i застаецца. Подпісы: А. Свістун, В. Капелька.
Так, факт быў, была злашчасная выпіўка за зачыненымі дзвярамі крамы. Але шго зрабілі з гэтага факта?!
Лемяшэвіч, забыўшыся на хусцінку, выцер лоб рукавом. Газету ад яго ўзяў Даніла Платонавіч. Ён чытаў павольна, асобныя словы вымаўляў уголас i ўсё больш i больш хмурнеў, усё глыбейшымі рабіліся складкі каля яго рота i неяк ніжэй абвісалі сівыя вусы.
Скончыў чытаць — паглядзеў на Лемяшэвіча, але не цераз акуляры, а паверх ix, ад чаго позірк яго здаўся надзвычай суровым. Лемяшэвіч, не чакаючы яго пытання, махнуў рукой.