Крыніцы
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

Арэшкін пазіраў на яго з баязлівасцю i прыкметна нерваваўся.

Лемяшэвіч выйшаў з кабінета, прычэсваючы валасы.

— Вы даруйце, таварышы, але мне не падабаецца, што вы пішаце. Калі гаварыць аб паклёпе, дык ён узведзены не на аднаго Лемяшэвіча. А старшыня сельсавета? Сакратар партарганізацыі?

— Правільна, — падтрымаў Бушыла.

Арэшкін перанёс руку ад сэрца на патыліцу, глянуў на гадзіннік — ці ёсць час перапісаць пісьмо нанава — i зморшчыўся.

— Правільна… Вядома, правільна! А вы седзіцё i не можаце падказаць, пішам калектыўна. Маўчаць лягчэй за ўсё! — накінулася на Бушылу Вольга Калінаўна, якая заўсёды да ўсяго ставілася з выключнай шчырасцю i добрасумленна.

— Без мяне ёсць каму пісаць, — кіўнуў Бушыла на Арэшкіна. — Віктар Паўлавіч майстар пісаць.

— Што я пішу? — перасмыкнуўся Арэшкін. — Я пісьмо раз у месяц пішу.

Баючыся, што няўрымслівы Бушыла i тут выкажа сваё падазрэнне, якое выказаў учора Сяргею, а сёння за снеданнем усім Касцянкам i яму, Лемяшэвічу, Міхась Кірылавіч паспяшаўся перавесці яго ўвагу на іншае. Бушыла зразумеў i, нічога не адказаўшы, выйшаў з настаўніцкай.

— Наш Адам устаў не з той нагі,— пажартавала Вольга Калінаўна, сама, без падказак, перарабляючы пісьмо. — Я думаю, вось так трэба! — Яна начала чытаць, як напісала.

Цяпер былі прозвішчы Полаза i Раўнапольца, але Лемяшэвіч пачырванеў ад той пахвалы, якая выказвалася ў пісьме асабіста яму, i запярэчыў:

— Зразумейце, таварышы, што вы ставіце ў няёмкае становішча i сябе i мяне. Я — дырэктар, вы — настаўнікі…

— Міхась Кірылавіч праўду кажа, ад пісьма патыхае падхалімажам, — раптам падтрымала яго Марына Астапаўна.

У гэты момант увайшоў Даніла Платонавіч, i ўсе змоўклі. Распрануўшыся, ён абвёў настаўнікаў праніклівым позіркам, нібы жадаючы па вачах адшукаць злачынцу. Вольга Калінаўна падала яму пісьмо.

— Прачытайце i скажыце сваю думку, Даніла Платонавіч.

— Хто гэта пісаў? — спытаў ён, прачытаўшы пісьмо.

— Калектыўна.

— Калектыўна i так дрэнна? Доўга, блытана i такім высокім штылем, быццам оду складаеце.

Арэшкін запярэчыў:

— Мы выказалі свае пачуцці…

— Ну, калі ўжо вы выказалі ix, — Даніла Платонавіч кінуў позірк на Лемяшэвіча, — то i мы, відаць, маем права выказацца.

Ён дастаў са старога пацёртага партфеля аркуш паперы i прачытаў на імя сакратара абкома (настаўнікі пісалі ў рэдакцыю) пісьмо, у якім не было ніякіх залішніх пахвал ні Лемяшэвічу, ні Полазу, ніякіх гучных слоў, а быў рашучы пратэст супроць хлусні i паклёпу на сумленных людзей. Падпісалі: Шаблюк, Марозава-Груздовіч, Сяргей Касцянок, Валатовіч.

— І я! — адгукнуўся з парога Адам Бушыла.

— Дазвольце i мне, — папрасіў Кавальчук.

— Таварышы, я думаю, мы ўсе падпішам гэтае пісьмо? А? — жвава звярнуўся да калег Арэшкін. — Даніла Платонавіч мудра выказаў нашу агульную думку.

Лемяшэвіч глянуў на гадзіннік.

— Пара званіць, Дар'я Пракопаўна, — кінуў ён i пайшоу у кабінет, поўны супярэчлівых пачуццяў, з нейкім непрыемным асадкам на душы.

Радасна было ад шчырай падтрымкі i ад таго новага, што раптам адкрыў ён у многіх з настаўнікаў. Яно давала права спадзявацца, што калектыў па-сапраўднаму згуртуецца. Чаму разам з гэтым было непрыемна — ён ніяк не мог зразумець.

У класе абмеркаванне гэтай падзеі праходзіла куды больш бурна, са спрэчкамі, узаемнымі папрокамі. Калі Паўлік Варанец паспрабаваў выказаць думку, што друка валі не проста так, а, мабыць, належным чынам праверыўшы, у яго паляцелі скамечаная папера, крэйда, мокрая ануча.

— Дурань! Значыцца, па-твойму, i Даніла Платонавіч злодзей?

Паўлік мусіў неадкладна змяніць сваю думку.

Валодзя Полаз на поўны голас філасофстваваў аб поддаст людзей, якія пішуць ананімныя пісьмы, i аб нікчэмнасці тых, хто падтрымлівае паклёпнікаў нават у думках.

— У нашым грамадстве паклёпнікаў трэба асуджаць да вышэйшай меры… Што, не? Паклёпнік — гэта той жа дыверсант. І калі, напрыклад, у нашым калгасе завяліся такія, мы не маем права спаць спакойна!

— А ты думаеш, што гэта напісаў хто-небудзь з Крыніц? — спытаў хітры Лявон Цялуша, жадаючы даведацца, каго падазраюць Валодзеў бацька, Раўнаполец i ўсе іншыя дарослыя.

— Не сумняваюся! Ёсць там такія дэталі, якія мог ведаць толькі наш чалавек.

— А хто? На каго ты думаеш?

У гэты час у клас увайшоў Алёша Касцянок, i ўсе на момант пераключылі ўвагу на яго. Так мімаволі пераключалі ўвагу на кожнага, бо многія пачыналі выказвацца з парога. Але Алёша, прывітаўшыся, моўчкі ішоў да сваёй парты. Увага да яго пабольшала, калі ўсім прыйшло на думку, што Касцянок, напэўна, i сёння, як заўсёды, снедаў за адным сталом з дырэктарам.

— Дык на каго ж ты думаеш? Хто гэта мог зрабіць? — паўтарыў сваё пытанне Лявон, калі Алёша сеў побач з ім.

Валодзя Полаз сумеўся.

— Хто? Хіба мала такіх! Ёсць яшчэ ў нас…

— Акрамя Арэшкі, гэтага ніхто не мог зрабіць, — спакойна сказаў Алёша, вельмі нечакана для ўсіх i для самога сябе; калі ўжо сказаў, тады спахапіўся, успомніў, як Сяргей i Міхась Кірылавіч сурова загадвалі Адаму, каб той трымаў язык за зубамі. Алёша ніяк пасля не мог зразумець, чаму ў яго, чалавека не балбатлівага, вырвалася гэта. Няўжо таму, што ён ненавідзеў Арэшкіна?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win