Шрифт:
Невядома чаму, але Лемяшэвіч згадзіўся, i яны, пагутарыўшы пра іншыя школьныя справы, разышліся мірна, ветліва, i здавалася Лемяшэвічу, што пасля гэтай размовы неяк нават зблізіліся.
Не мог Лемяшэвіч знайсці тое нешта, якое магло б перашкаджаць згуртаваншо калектыву. Усё, здавалася, i шло як мае быць, ніхто не меў права лічыць сябе пакрыўджаным. Кавальчукі прасілі дадатковыя гадзіны — ён даў ім гэтыя гадзіны, хоць не разумеў i здзіўляўся, адкуль прагнасць у гэтых двух маладых людзей, выхаванцаў інстытута: яны імкнуліся зарабіць як мага больш i лічылі кожную капейку. Як ні адзін з яго папярэднікаў, ён забяспечыў кватэры настаўнікаў палівам; самі яны дзякавалі яму за гэта. Хіба толькі магло не задавальняць асобных настаўнікаў, што занадта многа даводзілася працаваць. Некаторыя звыкліся з тым, як было раней: адчытаў — i дадому. А цяпер — i піянерская, i камсамольская работа, i гурткі, i работа сярод бацькоў, i — галоўнае — складаныя абавязкі агітатараў. Выканання гэтых абавязкаў Лемяшэвіч патрабаваў з не меншай настойлівасцю, чым выканання школьнай праграмы. Гэтага патрабавала жыццё. З'явіліся рашэнні партыі, якія ўскалыхнулі ўсю краіну. Лемяшэвіч добра разумеў, што ў нялёгкай i пачэснай барацьбе народа за ўздым сельскай гаспадаркі вясковая інтэлігенцыя і, у прыватнасці, настаўнікі абавязаны быць на пярэдняй лініі, у адным страю з непасрэднымі выканаўцамі — калгаснікамі, механізатарамі. Ён верыў у магутную еілу слова i, не ў прыклад некаторым скептыкам, яшчэ з партызанскіх часоў ставіўся да агітацыі з пашанай. Ён не мог сказаць, што большасць настаўнікаў яго школы была іншай думкі.
Але яму прыгадвалася адна нарада, на якой ён крытыкаваў многіх за слабую работу на агітацыйных участках. Тады, на здзіўленне яму, самая актыўная ў школе, самая энергічная i ініцыятыўная ў рабоце з вучнямі Вольга Калінаўна амаль са слязамі ў голасе сказала:
— Не магу я так працаваць, як вы патрабуеце… Не магу… Не выходзіць у мяне, i ўсё. Сяджу, сяджу, рыхтуюся, а прыйду, пачну гаварыць — нудна, нецікава, сама адчуваю гэта… Людзі пазяхаюць…
Лемяшэвіч ніколі раней не думаў, што настаўнік, які цудоўна можа гутарыць з дзецьмі, губляецца перад дарослымі. Ён змяніў тон, пачаў расказваць, як лепш правесці гутарку. A Даніла Платонавіч параіў Вользе Калінаўне пайсці паслухаць, як гутарыць з людзьмі Наталля Пятроўна.
— Я слухала Марозаву. У яе — шчаслівая прафесія. Яна з кожным чалавекам, як з сябрам, i аб усім умее расказачь проста… Учора яна расказвала пра пастанову, а гаварыла пра здароўе людзей…
А Прыходчанка пасля гэтай нарады падышла да Лемяшэвіча i сам-насам сказала:
— Я буду працаваць, але замяніце мне, калі ласка, участак. На гэтай ферме — адны бабы. Не люблю баб. — Яна вымавіла апошнія словы з такой знявагай да той палавіны чалавечага роду, да якой належала сама, што гэта проста ашаламіла Міхася Кірылавіча. Не ведаючы, што адказаць, ён паабяцаў пагутарыць з Полазам, каб яе перавялі агітатарам у якую-небудзь будаўнічую брыгаду, дзе адны мужчыны. А пасля ён думаў над яе словамі, абураўся i быў нездаволены сабой, што даў такое абяцанне. Гэтая жанчына не раз ужо здзіўляла яго надзвычайнай супярэчлівасцю свайго характару: то яна выказвала разумныя думкі, выяўляла разумную ініцыятыву, то раптам гаварыла i рабіла страшэнныя глупствы. Праўда, у гэтых яе словах не было нічога дзіўнага: йна не любіла жанчын таму, што жанчыны не любілі яе, зуб за зуб, як кажуць. Але Лемяшэвіч успомніў, як яму скардзілася Вольга Калінаўна, даводзячы, што Прыходчанка заніжае вучаніцам адзнакі, што нельга паверыць i пагадзіцца, каб па такіх прадметах, як руская мова i літаратура, сярэднія вучні паспявалі лепш за самых здольных вучаніц. Тады Лемяшэвіч не надаў гэтаму асаблівай увагі, пажартаваў нават i супакоіў маладую настаўніцу. А цяпер, пасля парады, сам праверыў класныя журналы i пераканаўся, што гэта, бадай, сапраўды так. Але паспрабуй заікніся такой Марыне Астапаўне, што варта павышаць адзнакі!
І, аднак, усё гэта не магло быць прычынай ненармальных адносін у калектыве. Прычына ў нечым іншым. Але ў чым? «А магчыма, што i няма яе, магчыма, усё гэта мне здаецца», — думаў ён.
Неяк надвячоркам Лемяшэвіч зайшоў да Данілы Платонавіча. У апошні час ён да старога наведваўся не так часта, як у першыя месяцы, асабліва да пачатку навучальнага года. Набралася пямала рознай работы, нагрузак, з'явілася многа новых знаёмых, з якімі яго звязвала грамадская праца, як, напрыклад, з Валатовічам, які цяпер часта заходзіў вечарамі, i яны абмяркоўвалі калгасныя справы, спрачаліся, пілі чай, гулялі ў шахматы. Мацнела дружба з Сяргеем Касцянком. Лемяшэвіч з прыемнасцю хадзіў у МТС на сходы, парады i нават часта ў вольны час ездзіў з галоўным інжынерам у брыгады, у іншыя калгасы, дзе, дарэчы, пры выпадку знаёміўся ca школамі, з радасцю пераконваючыся, што ў яго школе многае лепш, што i калектыў, якім ён не зусім здаволены, таксама лепшы, дружнейшы. Магчыма, сам Даніла Платонавіч крыху быў вінаваты, што ў Лемяшэвіча аслабла цікавасць да яго. Малады дырэктар спадзяваўся, што гэты стары, вопытны педагог будзе i надалей яго бліжэйшым памочнікам, дарадцам — будзе вырашаць усе спрэчкі, памагаць, раіць, вучыць маладых настаўнікаў, у тым ліку i яго, Лемяшэвіча.
Але стары, праявіўшы пэўную энергію i ініцыятыву ў часе рамонту школы, як толькі пачаліся заняткі, як бы астыў. У настаўніцкай не было чалавека больш маўклівага i сціплага: сядзе дзе-небудзь у куточку, слухае, усміхаецца нейкім сваім думкам i, пакуль да яго не звернуцца, не спытаюць, ніколі не ўмяшаецца ў спрэчку, хоць, усе ведалі i сам ён ведаў гэта, адзін ён здольны разблытаць многія самыя спрэчныя пытанні, толькі з яго думкай могуць згадзіцца непрымірымыя спрачальнікі. Лемяшэвіча такія паводзіны старога вельмі непакоілі i прымушалі ўсё больш крытычна сгавіцца да сябе: яму здавалася, што Даніла Платонавіч зрабіўся такім таму, што расчараваўся ў ім, дырэктару. Тым больш што паводзіў ён сябе так толькі сярод настаўнікаў. Іншым ён быў сярод калгаснікаў i зусім перайначваўся, калі прыходзіў да вучняў, асабліва ў свой, дзесяты клас. Там ён рабіўся гаманкім, вясёлым, жыццярадасным, там, здавалася, былі самыя лепшыя i самыя блізкія яго сябры. Часцей за ўсё ён i не прыходзіў на перапынках у настаўніцкую: заставаўся ў класе адказваць на пытанні ці нешта расказваць. Лемяшэвіч мусіў нават зрабіць яму далікатную заўвагу: «Вам жа трэба адпачываць, Даніла Платонавіч, ды i вучням таксама».
Аб чым ён гутарыў з вучнямі? Што расказваў? Лемяшэвіча гэта цікавіла, i ён разы два-тры падслухаў выпадкова. Першы раз на перапынку, акружаны дзесяцікласнікамі, пераважна хлопцамі, Даніла Платонавіч расказваў аб дзяржаўным ладзе Францыі: аб парламенце, працэдурах галасавання, урадавых крызісах i ix сутнасці. У той час Францыя якраз перажывала чарговы ўрадавы крызіс, i таму няцяжка было зразумець, чаму ўзнікла такая размова. Расказваў Даніла Платонавіч займальна, з такімі падрабязнасцямі, якіх не ведаў i Лемяшэвіч, i вельмі дасціпна, на гістарычных прыкладах, выкрываў сутнасць усёй гэтай «дэмакратыі».
— Вы, Даніла Платонавіч, быццам самі там сядзелі, у парламенце, — пажартаваў Лявон, i ўсе засмяяліся, стары таксама смяяўся разам ca сваімі вучнямі.
Яшчэ цікавейшай была другая размова, якую Лемяшэвічу ўдалося пачуць. Даніла Платонавіч з захапленнем кіраваў драматычным гуртком — ставіў «Грозу» i «Паўлінку». Гурткоўцы збіраліся на рэпетыцыі ў школу вечарамі i часта заседжваліся даволі позна. Вяртаючыся аднойчы з пасяджэння праўлення i ўбачыўшы ў адным з класаў святло, Лемяшэвіч непрыкметна зайшоў i спыніўся ў калідоры, каля прыадчыненых дзвярэй. Ён думаў, што ўсё яшчэ прадаўжаецца рэпетыцыя, у часе якой звычайна бывае даволі шумна. Не, цяпер было ціха, i ў насцярожанай цішыні гучаў ціхі, крыху хрыпаты голас Данілы Платонавіча:
— …і вось гэты паэт з вялікім натхненнем i талентам апяваў у сваіх вершах сваю каханую. Прыгажэй за яе няма ў цэлым свеце! Вочы яе, як глыбокія празрыстыя крыніцы, як зоры… Як ранішнія праменні сонца, яе позірк… Вусны яе… З чым толькі ён не параўноўваў яе вусны! Як спеў цудоўнай флейты, яе голас… I ўсё гэта пісалася з такой сілай, што нельга было не верыць, i ўсе верылі: каханая паэта — самая прыгожая жанчына на зямлі. Прачытаў гэтыя вершы шах, уладар краіны, i паклікаў паэта. «Слухай, паэт, — сказаў шах, — у мяне сто трыццаць жонак, ix прыгажосць можа зацьміць сонца, бо мае сатрапы шукалі мне па ўсёй краіне самых найпрыгажэйшых жанчын. Аднак пра самую прыгожую з маіх жонак я не магу сказаць i дзесятай часткі таго, што ты напісаў пра сваю каханую. Якая ж гэта павінна быць прыгажуня! Пакажы яе мне!» І паэт мусіў паказаць шаху сваю каханую. Уладар убачыў звычайную дзяўчыну i, вядома, угневаўся. «Ты хлусіш, паэт! — крыкнуў ён. — Няма ў тваёй каханай таго хараства, пра якое ты спяваеш! Яна — звычайная, простая дзяўчына. Ты хлус!» А паэт адказаў: «Уладар, каб убачыць усю чароўнасць маёй каханай, на яе трэба паглядзець не вашымі, a маімі вачамі…»