Крыніцы
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

— Глупства, — сказаў ён, хоць нялёгка яму было здавацца знешне абыякавым.

— Не, гэта не глупства! Не! Гэта… паклёп!.. А паклёп не глупства! Ах, сукін сын! — Даніла Платонавіч скамячыў газету i злосна шыбнуў на падлогу. — Гэта страшна, калі ў калектыве ёсць чалавек, здольны на такі паклёп. — Стары нахіліўся, падняў газету, прачытаў подпісы: — Свістун, Капелька, Свістун… Схаваўся, трус…

— Ну, я, магчыма, насаліў сяму-таму, — сказаў Лемяшэвіч. — А пры чым тут Раўнаполец, Полаз? А Даша? Гэта ўжо проста подла! У беднай удавы, работніцы школы, правалілася падлога, i я аддаў ёй абрэзкі дошак… Скарыстаць гэта мог толькі закончаны нягоднік.

— Усё подла ад пачатку да канца! Усё! А вы — «глупства». Так мы не выкрыем гэтую гніль. Супроць подласці трэба змагацца, а не рукой махаць… Змагацца!

Наталля Пятроўна сядзела, сціскаючы скроні далонямі, i на твары яе была пакута.

— Божа мой! Што вы падумаеце пра мяне? Я толькі што нагаварыла вам глупства з-за гэтай п'янкі. І раптам… якое недарэчнае супадзенне!..

Даніла Платонавіч, зразумеўшы яе думкі, пачаў супакойваць:

— Гэта ты дарэмна, Наташа. Нічога Міхась Кірылавіч не падумае.

— Вы абраЖаеце мяне, Наталля Пятроўна, — горача сказаў Лемяшэвіч. — Што я магу падумаць? Пра вас? Каб вы ведалі, як я думаю… — Але ён не скончыў, схамянуўшыся, каб схаваць сваю збянтэжанасць, нахіліўся i пачаў размешваць вуголле ў грубцы.

З хаты Шаблюка яны выйшлі разам. Разам ішлі да кватэры Наталлі Пятроўны. Яна маўчала. A Лемяшэвіч, магчыма, гаварыў залішне многа; гэта — ад узрушанасці i ад несвядомага жадання паказаць, што фельетон яго мала кранае. І самога сябе ён сапраўды напачатку пераканаў, што хвалявацца няма з-за чаго. Не бывае ліха без дабра. Выпадак гэты памог яму зблізіцца, падружыцца з Наталляй Пятроўнай, да чаго ён так імкнуўся, i гэта радавала яго значна больш, чым-засмучвала недарэчная гісторыя з фельетонам.

На развітаннс Наталля Пятроўна моцна паціснула яму руку i ціха сказала:

— Даруйце мне, Міхась Кірылавіч. Я пазбягала вас зусім не таму.

— А чаму?

Яна не адказала. Пажадала добрай ночы, падзявочаму хутка, нібы баючыся, што ён спыніць, шмыгнула ў двор, стукнула весніцамі, зачыніла ix на засоўку.

Толькі дома, у сваёй пустой халасцяцкай кватэры, Лемяшэвіч адчуў, як яму балюча i крыўдна ад гэтай незаслужанай абразы. Цяпер, калі ўсё наладжвалася, усё ішло як мае быць, калі ён зведаў сапраўдную радасць ад працы, дружбы… Прачытаюць вучні, бацькі, настаўнікі. Што іншае не прачытаюць, а гэта прачытаюць усе, нават тыя, хто ніколі газету ў рукі не бярэ. І — розныя ёсць людзі! — адны зразумеюць правільна, a другія… павераць надрукаванаму слову. Як-ніяк — абласная газета. Асабліва — дзеці. Што падумаюць дзеці?

«Аднак хто гэта мог зрабіць? — думаў ён. — Бародка? Няўжо Бародка? Няўжо ён здольны так нізка, так подла адпомсціць? — у гэта не хацелася верыць. — Не можа быць. Не мог ён напісаць! Hi ў якім разе. Гэта ж легка выявіцца… Ён чалавек разумны. Аднак матэрыял такі не мог ісці без праверкі. Але хто i як правяраў? У Крыніцы карэспандэнты не прыязджалі. Значыць, рэдакцыя атрымала візу аўтарытэтнай асобы. Значыцца, зноў — Бародка… Няўжо ён? Больш ніхто пацвердзіць не мог».

Ад думак такіх ажно разбалелася галава. Прыйшоў Сяргей Касцянок.

— Я ўжо двойчы заходзіў,— сказаў ён. — Дзе ты быў? Чытаў? Што ты скажаш?

— Што сказаць? Непрыемная рэч, асабліва для нашага брата, настаўніка.

— Раўнапольцу непрыемна не менш, чым табе.

— Вядома. Але дарослым растлумачыць лягчэй. А вось калі маеш справу з дзецьмі… Тут, брат, цяжэй. Тым больш што я не святы, як i кожны з нас. Але, выпіваў. І вось уяві, што нейкая частка дзяцей паверыць, шго я прадаваў школьныя дошкі…

— Сапраўды. — Сяргей кінуў на канапу шапку i ўскудлачыў рукамі валасы. — Але хто мог зрабіць такую подласць, скажы мне? Адам крычыць i грыміць на ўсю хату, што гэта справа Арэшкіна, i рвецца пайсці «пагутарыць» з ім.

— Яшчэ не хапала глупстваў! Скажы яму, каб — ні слова! — Лемяшэвіч на момант задумаўся. — Арэшкін? Ведаеш, я менш за ўсё схільны думаць на яго. Мне чамусьці здаецца, што пра фельетон не мог не ведаць Бародка. А Арэшкін i Бародка… не, несумяшчальна.

— А чаму Бародка? — спахмурнеў Сяргей. — Ты проста неаб'ектыўны i злапамятны, Міхась. Ну, паспрачаліся вы… Ёсць у яго недахопы, як i ў мяне, i ў цябе, i ў кожнага з нас, смяротных. Але падумай: каб ён быў перакананы, што_ ўсё гэта праўда, ён даўно выцягнуў бы цябе на бюро… Ён, брат, патрыёт свайго раёна, i выносіць смецце з уласнай хаты — не ў яго характары. Яму ж трэба цяпер рэагаваць!

Лемяшэвіч не спрачаўся. Ён i сам разважаў амаль гэтак жа, i яму было нават прыемна, што Сяргей абараняе Бародку. Але якім тады чынам мог з'явіцца такі фельетон?

— Ды проста, — адказаў Сяргей на яго пытанне. — Нехта напісаў пісьмо, a работнікі рэдакцыі зрабілі фельетон. Ім абы факт!

— Без праверкі?

— Ды ліха ix ведае, як яны правяраюць. Ці мала яшчэ ў нас безадказнасці! Але за безадказнасць трэба біць! Біць бязлітасна, чорт вазьмі!

Пакуль яны гутарылі, прыбег Антон Раўнаполец, разгублены, спалоханы, з газетай у кішэні.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 70
  • 71
  • 72
  • 73
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • 79
  • 80
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win