Шрифт:
— Цябе, Наташа. Адну цябе, — i раптам моцна абняў яе i пацалаваў раз… другі… трэці… Ён цалаваў яе ў вусны, у шчокі, у вочы i няспынна шаптаў: — Цябе, Наташа… Цябе…
Яна без абурэння адштурхоўвала яго, адварочвалася І… смяялася.
— Вар'ят… вар'ят… ты звар'яцеў, Сяргей. Пакінь, калі ласка. Ну, хопіць!..
Невядома, чым усё гэта скончылася б, што яны маглі б сказаць адно аднаму, каб не пачулі прысутнасць старонняга сведкі. Чалавек пад бярозай кашлянуў i пайшоў прэч, загрукатаўшы ботамі па мёрзлай зямлі. Яны не надта каб засаромеліся, ведаючы, што ніхто ў вёсды ix не асудзіць, бо ўсе за тое, каб яны даўно пажаніліся. Але гэты невядомы сведка чамусьці вельмі моцна збянтэжыў ix абаіх. Да самай вёскі яны ішлі моўчкі, як бы баючыся, што гэты сведка ідзе за імі назіркам.
20
Махнач панура маўчаў, калі сход адзінадушна выбіраў Валатовіча, не сказаў ні слова, нават не выступіў. А пасля сходу — запіў, на другі дзень хадзіў п'яны, крычаў, што яго няправільна знялі ca старшынства, што ён паставіў калгас на ногі, а яму вось як аддзякавалі, пагражаў напісаць у ЦК, не прыходзіў здаваць справы i… не аддаваў пячаткі. А калгас жыў сваім жыццём, пячатка патрэбна была кожную хвіліну. Полаз злаваў, гаварыў, што ён так i ведаў, што Патап выкіне нейкую штуку. Валатовіч смяяўся, мала турбуючыся аб лесе калгаснай пячаткі. З Махначом гаварылі па чарзе — Полаз, Раўнаполец, Рашчэня, Лемяшэвіч, участковы міліцыянер, праеілі, пагражалі. Але чым больш яго прасілі, тым больш ён упарціўся: старому п'янаму чалавеку, відаць, падабалася гэтая гульня ў героя. Аб яго «подзвігу» хадзілі анекдоты. Расказваючы, як ён хаваецца з пячаткай, крынічане тут жа прыгадвалі нейкага Піліпа, які быў да вайны крамнікам. І калі яго зволілі, ён вось гэтак жа не аддаваў ключы ад крамы, дзён пяць хаваўся, пакуль мужчыны не злавілі яго на лузе i сілком не адабралі ключы; тады ён прыйшоў здаваць краму.
«Прыгода» гэтая дайшла да Бародкі. У райкоме ён весела пасмяяўся, a ў Крыніцы прыехаў нездаволены, пануры.
— Што вы спектакль робіце з гэтым Махйачом? Увесь раён смяедца, — сказаў ён у калгаснай канцылярыі.
— Няхай пацешыцца чалавек, — весела адказаў Валатовіч.
— З пячаткай не жартуюць. Паклічце яго сюды, гэтага старога дурня.
На здзіўленне ўсім Махнач з'явіўся надзвычай хутка. Ён стаяў перад сакратаром з вінаватым выглядам, пасаромлены, прыніжаны.
— Дай пячатку, — уладна патрабаваў Арцём Захаравіч.
Махнач палез за пазуху ў нейкую патаемную кішэню, выцягнуў зашмальцаваную скураную сумачку i моўчкі працягнуў яе сакратару.
— Вось так… Здай справы i з'яўляйся ў райком, атрымаеш усё, што заслужыў, у тым ліку i новую работу…
Валатовічу не прыйшлося асабліва знаёміцца з калгасам — ён добра ведаў гаспадарку, яе слабыя i моцныя бакі. Ён адразу пачаў працаваць. Не ад жадання ўсё перарабіць па-свойму (у яго ніколі не з'яўлялася такога жадання, ён заўсёды паважаў працу i парадкі сваіх папярэднікаў), а ад таго, што канцылярыя сапраўды была абадранай i бруднай, ён вырашыў пачаць наводзіць парадак з яе. Загадаў пабяліць сцены, вымыць, адрамантаваць падлогу, зрабіць новыя дзверы ў свой «кабінет» — адгароджаны Махначом куток. Але ў той жа дзень Полаз, да якога ён пайшоў абедаць, параіў яму:
— Павел Іванавіч, ліквідуй ты к чорту гэты кабінет. Навошта табе гэтая каморка? З кім ты там будзеш сакрэтнічаць? Выкінь! Не кабінетная гэта пасада — старшыня калгаса. Месца яго — у полі, у брыгадах.
Валатовіч з цікавасцю слухаў свайго бухгалтара. Колькі год ведае яго i ніколі не думаў, што гэта такі цікавы чалавек. Яму падабалася тое, што Полаз адразу да яго пачаў звяртацца на «ты», што ён чалавек просты, не любіць ліслівіць; i тое, што ён дае такія смелыя парады.
Валатовіч падумаў i выканаў яго параду — выкінуў «кабінет». У канцылярыі стала прасторна, светла, чыста, i людзі больш ахвотна сталі заходзіць сюды. Гэта неяк збліжала старшыню з калгаснікамі.
Аднойчы ўвечары, на другі тыдзень сваёй прады, Валатовіч прыйшоў да Лемяшэвіча, у яго школьную кватэру.
— Нічога не маеш супраць, каб мы пасядзелі ў цябе вечарок, па-дамашняму? — проста, па-сяброўску спытаў старшыня.
— Калі ласка, — узрадаваўся Міхась Кірылавіч. — Такі госць!
— Я не адзін, я да цябе запрасіў некалькі гасцей. Не будзеш пратэставаць? — Растлумачыў: — Хочацца бліжэй пазнаёміцца з людзьмі. А то мы ўсё афіцыйна: пасяджэнні, сходы… Гэтага мала. Ды i нельга ў афіцыйнай абстаноўцы пагаварыць пра ўсё па душах… А да тутэйшых пайдзі — адразу пачастунак i абавязкова гарэлка. Ох, гэты мне звычай! Няшчасце гэта наша! Чаму абавязкова трэба выпіваць? Не разумею. Трэба нам змагацца з гэтым.
Павел Іванавіч, разважаючы, уважліва разглядваў халасцяцкую кватэру дырэктара.
— Чаму не абсталюешся? Няўтульна ў цябе. Жаніцца табе варта, Міхась Кірылавіч.
Лемяшэвіч засмяяўся.
— Нявесты няма.
— Ліха вас ведае, якія вам нявесты трэба. Пераборлівыя вы сталі занадта. Красунь шукаеце i забываецеся, што не ўсё золата, што блішчыць. У чалавека павінна быць у першую чаргу прыгожая душа. — Ён узяў электрачайнік, што стаяў на падаконніку. — Спраўны? Тады прыгатуем чай, — i сам наліў у чайнік вады.
Неўзабаве прыйшлі Андрэй Полаз i Раўнаполец. Трымалі яны сябе ў пачатку крыху афіцыйна ці, магчыма, проста адчувалі ніякаватасць у гасцях у дырэктара. Але Валатовіч хутка i ix уцягнуў у размову, на першы погляд звычайную, бытавую, паўжартаўлівую размову, у якой пра справы гаварылася нібыта між іншым. Але калі Лемяшэвіч унікнуў глыбей у сутнасць гутаркі, то не мог не заўважыць, што Валатовіч умела i хітра ўсё падпарадкоўвае справе — i самую гэтую сустрэчу, i размовы пра сем'і, i жарты пра Махнача з яго гісторыяй з пячаткай, i расказы Полаза пра людзей калгаса.