Шрифт:
— Вы што язык i прыкусілі? Моцна дзейнічае на вас медыцына!
Алёша, нібы абураны яго жартам, адразу вылез з-за стала. За ім кінуў недапітую шклянку Сяргей. Лемяшэвіч, каб не даць Бушылу падставы для жартаў, дапіў чай не спяшаючыся. Ён зайшоў у светлую палавіну апошнім. Наталля Пятроўна ўжо без капялюшыка, але ў паліто, сядзела за сталом, заваленым кнігамі i газетамі,— за гэтым сталом працавалі па чарзе — i гаварыла збянтэжанаму Алёшу:
— На каго я не магу налюбаВацца — дык гэта на Алёшу. Штодзень бачыла я i не заўважыла, як вырас чалавек. Далібог. Вось помню, перад вачамі стаіць, — яна заплюшчыла вочы, i на нейкі момант твар яе стаў сур'ёзным i сумным. — Помню, як ён лядзяшкамі кідаў у мяне, калі я тыфозную маці ў бальніцу забірала. Гадоў сем яму тады было. А раптам неяк глянула ўлетку, калі ён на камбайне працаваў — Божа мой! Які чалавек вырас! Дзіўна i радасна… — i пасля паўзы дадала: — І сумна… Я раптам зразумела, як многа прайшло часу… ад маёй маладосці…
— Ах, якая глыбокая старасць! — пажартаваў Лемяшэвіч.
Яна не адказала. Яна, як i раней, пры сустрэчах як бы не заўважала яго. Лемяшэвіча гэта абражала. Ужо не першы раз яму хацелася крыкнуць ёй, спытацца: «Чаму вы не хочаце мяне прызнаваць? Завошта вы зневажаеце мяне?» Але ён губляўся ў яе прысутнасці. І зараз разгубіўся. Яна размаўляла з Сяргеем, а той маўчаў гэтак жа, як i Алёша: аднолькава i настаўнік i вучань адчувалі сябе перад ёй блазнюкамі.
Наталля Пятроўна раптам прапанавала:
— Сяргей Сцяпанавіч, хадзем пагуляем. У поле куды-небудзь. Вечар — надзіва. Месячык! Першы мароз…
Сяргей на момант анямеў ад шчасця. І, мабыць, не верыў сваім вушам. Гулялі яны часам i раней, вярталіся разам з клуба, ca сходаў. Але ўпершыню яна вось гэтак запрашала. Дык як жа зразумець гэтае яе запрашэнне? Аня мнагазначна пераглянулася з мужам, Адам замармытаў пад нос нейкую невыразную мелодыю, каб зрабіць выгляд, што яго нічога не здзіўляе. Міхась Кірылавіч, ведаючы пачуцці Сяргея, зычыў яму ўдачы i шчасця, але сам адчуваў, як яго апаноўвае нейкі незразумелы смутак. Ён раптам блага падумаў аб Наталлі Пятроўне: тры гады за нос вадзіла простага механіка, a даволі было__стаць механіку галоўным інжынерам… Ведаем мы вас! Ён нават хацеў пажартаваць, намякнуўшы на гэта, але стрымаўся: занадта сур'ёзна ставіліся да гэтага ўсе іншыя ў сям'і. Калі Сяргей i Наталля Пятроўна выйшлі, маці сказала:
— Дай, божачка, каб у ix на лад пайшло. Хопіць ім ужо мучыць адно аднаго.
— Ды i хопіць, — гэтак жа сур'ёзна згадзілася Аня. — Як бы я была рада за Сярожу!
— Ну i народ! Заўсёды вам радасць, калі чалавек у хамут залазіць, — пажартаваў Бушыла.
— Не смейся, Адамка, — папрасіла цешча.
— Пасаромеўся б! — абурылася жонка. — Дрэнна табе, жанатаму. Замучыўся!.. Толькі i клопатаў — зубы скаліць.
Міхась Кірылавіч пажадаў ім добрай ночы. А ноч сапраўды была чароўная! З яснага, без адзінай хмурынкі, глыбокага неба з россыпам зорак i туманнай паласой Млечнага Шляху свяціў поўны месячык. Святло яго серабрыла шэрань першага марозу на зямлі, на дрэвах, на страсе. І была надзвычайная цішыня! Дзіўна, што гэта была не поўная цішыня: недзе, мабыць каля клуба, чуліся галасы, недзе ў полі тарахцеў воз, глуха стукала турбіна i шумела вада на гідрастанцыі. Але ўсё адно, нягледзячы на гэта, была цішыня, такая своеасаблівая i непаўторная, якую Лемяшэвіч, здавалася яму, не перажываў яшчэ ніколі. Парушалі яе хіба толькі ўдары яго сэрца. Колькі хвілін ён стаяў у двары. Цішыня i душэўны неспакой пацягнулі яго ў поле, можа, гэтак жа, як Наталлю Пятроўну. А можа, яму захацелася пайсці таму, што недзе там, у полі, маўклівым i бяскрайнім, залітым месячным святлом, хадзіла яна. Ён не ведаў, у якім напрамку пайшлі Сяргей i Наталля Пятроўна, але адчуваў, што сустрэцца яму з імі было б няёмка. А таму перасігнуў цераз плот i пайшоў гародам, па зяблевым ворыве па светлай дарожцы, вытканай месяцам на белай зямлі.
І ўсё адно ён сустрэўся з імі…
Гадзіны праз паўтары блукання Міхась Кірылавіч выйшаў на шлях каля МТС i раптам пачуў ix галасы. Ён схаваўся ў цень старой бярозы, якая расла воддаль ад гравійкі, бо новая дарога праходзіла крыху ў баку ад старога шляху. Яны набліжаліся да яго, размаўляючы весела, жвава. І раптам яны спыніліся i пацалаваліся.
Лемяшэвіч у душы здзекліва засмяяўся над самім сабой — недарэчным i наіўным здалося гэтае блуканне i розныя там думы i мары, якім ён так легка аддаўся.
«Урэшце, браце, усё — проза. Вось i яшчэ адна празаічная сям'я. Тры гады! Глупства!» Ён вылаяў Сяргея, што той прыкідваўся няшчасиым у сваім каханні, упарта пазбягаў гутарыць на гэтую тэму.
Але ў сапраўднасці адносіны паміж Сяргеем i Наталляй Пятроўнай у той вечар не былі такімі простымі i зразумелымі, як уявілася Лемяшэвічу.
Некалі ў пачатку свайго кахання Сяргей з маладой рашучасцю пацалаваў Наталлю Пятроўну. Але пасля таго, як яна катэгарычна адмовілася стаць яго жонкай, у яго знікла гэтая рашучасць.
Два гады ён не толькі што пацалаваць, a баяўся пажартаваць, папрасіць пайсці пагуляць вось гэтак, як сёння зрабіла яна.
Нельга сказаць, каб гэта вельмі ўжо акрыліла яго, вярнула смеласць i рашучасць. Не. Але ўсё-такі прыемныя нечаканасці таго дня крыху ап'янілі яго, прымусілі паверыць, што i радасць, як i гора, ніколі не ходзіць адзінока — за адной ідзе другая. Яны хадзілі па гулкіх палявых дарогах i гутарылі аб усім, аб чым маглі гутарыць людзі, якія жывуць у адной вёсцы, робяць па сутнасці адну справу i якіх аднолькава хвалююць многія падзеі жыцця. Дарэмна нашы крытыкі так паўстаюць супроць «вытворчых размоў» паміж закаханымі. Нават самыя юныя i палымяныя закаханыя не могуць на працягу шматлікіх i доўгіх сваіх спатканняў гаварыць толькі аб сваім каханні, такія размовы хутка абрыдлі б i агорклі б ім так, што, бадай, i ад кахання нічога не засталося б. А Наталля Пятроўна i Сяргей — не юныя, ix сапраўды з усей сур'ёзнасцю цікавілі i займалі «вытворчыя» навіны. назначэнне Сяргея (дарэчы, яна даведалася пра гэта толькі зараз ад яго i павіншавала), рашэнне Валатовіча, магчымыя змены ў раёне, прыезд новых людзей у МТС.
Размаўляючы, яны міжвольна i непрыкметна пераходзілі ад адной тэмы на другую, ад абмеркавання простай i яснай жыццёвай падзеі да абстрактных філасофскіх разважанняў, часам даволі туманных.
Сяргей пасля нават не мог успомніць, пра што іменна яны спрачаліся. Помніць толькі, што ён нешта нігілістычна адмаўляў, i не столькі ад цвёрдага пераканання, колькі ад простай мужчынскай упартасці. Наталля Пятроўна з дакорам спытала:
— А што вы любіце па-сапраўднаму, Сяргей Сцяпанавіч?
Ён задыхаўся ад раптоўнага прыліву самых пяшчотных пачуццяў, ад прыліву смеласці i рашучасці, якой яму дагэтуль не хапала. Ён спыніўся i сказаў: