Крыніцы
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

— Ідзіце займайцеся сваімі справамі,— сказаў Бародка ціха, але з такім націскам на «сваімі справамі», што Шапавалаў вылецеў куляй.

— Падхалім, сукін сын, — усміхнуўся Валатовіч, адыходзячы ад грубкі.— Разагнаў бы ты ix, а то, глядзі, кіўнуць табе калі-небудзь: падхалімамі абкружыўся!

— Таксама твой тэзіс? — чамусьці весела спытаў Бародка.

— Не. У мяне на дробязі рэгламенту не хопіць. А вось як вы ў райкоме тры месяцы не можаце вырашыць справу аб аб'яднанні арганізацый — калгаснай i тэрытарыяльнай — скажу.

— Далібог, ты робішся наіўным чалавекам. Гэта ж трэба вырашаць у прынцыпе. Ёсць статут партыі. Паспрабуй зменшы колькасць арганізацый — што табе скажуць?..

— Статут не забараняе старшыням сельсавета i сельпо, дырэктару школы быць у калгаснай арганізацыі. А гэта ўмацавала б арганізацыю. A ў нас зноў-такі фармальна: абы большая лічба была. Баімся, што колькасць зменшыцца! Давай нарэшце аб якасці падумаем!

Бародка раптам засмяяўся.

— У мяне такое ўражанне, што ты рэпеціруеш сваё выступление перада мной. — Ён замкнуў на ключ шуфляду стала, — Ты прабач. Але трэба начальства пабачыць. Пасядзі тут.

— Не, дзякую. У мяне спраў хапае. Пайду ў Сельгасснаб палаюся: два месяцы як грошы за трубы i кормазапарнік пералічылі, а абсталяванне, мабыць, цераз два гады будзе. Вось дзе трэба лепш планаваць!

* * *

Малашанка i Алена Сямёнаўна сядзелі ў пакоі i пасяброўску гутарылі. Калі яны працавалі ў адным раёне, Малашанка — першым сакратаром, Бародка — другім, сем'і ix дружылі.

У размове Малашанка спытаў як бы між іншым:

— Не праваляць сёння Арцёма?

— Праваляць? — Алена Сямёнаўна змоўкла, задумалася, абветраны просты твар яе зрабіўся суровым. — Бадай, не. Няма каму крытыкаваць. Баяцца. Хіба Валатовіч. А трэба. Ох, трэба пакрытыкаваць. Хаця б ты, Пётр Андрэевіч, прачысціў яму мазгі.

Малашанка ўсміхнуўся.

— Ты ўсё такая ж, Алена. Пазнаю, — i задумаўся. — Бачыш, калі я выступлю рэзка, яго сапраўды могуць праваліць. А гэта не пажадана. Зразумей, мы не можам у такі адказны час раскідвацца такімі вопытнымі кадрамі, як Бародка, — ён, быццам забыўшыся, дзе знаходзіцца, выказаў гэта афіцыйна, аўтарытэтна, як належыць сакратару абкома, — куды падзеліся яго прастата i непасрэднасць!

Мабыць, адчуўшы гэта, Алена Сямёнаўна ўздыхнула.

— Шкада, што я не дэлегат, — я яму наклявала б.

Малашанка ўраз змяніўся i весела зарагатаў:

— A няўжо выступіла б?

— Выступіла б! Ён хацеў мяне ў партыю не дапусціць. Спалохаўся, што жонка расце…

У сакратара ад смеху i захаплення заблішчалі на вачах слёзы.

— Малайчына ты, Алена. Гляджу я на цябе — i радасна мне робіцца. І за Арцёма спакайней на душы.

Іх размову перапыніў гаспадар. Арцём Захаравіч, які ішоў дахаты з нейкім страхам, ад якога самому рабілася агідна, у калідоры пачуў вясёлы смех Малашанкі i супакоіўся.

— Весела вам тут! — сказаў ён, вітаючыся.

— А што нам! Дакладаў нам на канферэнцыі не рабіць. Крытыкаваць нас бадай што не будуць. А цябе напэўна будуць. Ты i сумуй, — пажартаваў Малашанка.

Калі жонка выйшла на хвіліну, Бародка таксама як бы жартам спытаў:

— Ты што гэта сам? Мяне здымаць прыехаў? Цяпер жа вобласці спаборнічаюць: хто больш ператасуе раённыя кадры!

— Можаш не хвалявацца. Ты непахісны. Была прапанова перакінуць цябе ў Святлоўку старшынёй райвыканкома…

— Ці не ты прапанаваў па дружбе?

— Не, не я. Наадварот. Абараняў.

— Дзякую.

— Вось бачыш. А ты крыўдзішся, што твой аўтарытэт не падтрымліваем… Абком падтрымлівае… Сам толькі ты не даражыш ім. З Лемяшэвічам — непрыгожая гісторыя, я табе скажу… Акрамя ўсяго, — ён аглянуўся на дзверы i перайшоў на шэпт: — Мне сказал! што ты ўпарта не кідаеш свае візіты. Глядзі, Арцём! Паважаючы цябе, а яшчэ больш Алену Сямёнаўну, не дарую, калі гэта праўда.

Бародка пачырванеў i раптам, страціўшы свой горды, незалежны выгляд, пачаў апраўдвацца, як вучань:

— Хлусня гэта, Пётр Андрэевіч. Чорт ведае што выдумляюць! Паклёп за паклёпам! Прашу вас… цябе: не давай веры! Я Крыніцы бокам аб'язджаю, каб спынілі пляткарыць…

Вярнулася жонка, i ён папрасіў:

— Леначка, дай, калі ласка, перакусіць, а то праз гадзіну пачынаем…

Яна здзіўлена паглядзела на яго: даўно ўжо ён не звяртаўся да яе так ласкава.

* * *

Да іншых сходаў i пленумаў, калі даклад не патрабавалі ў абком, Бародка звычайна пісаў толькі разгорнутыя тэзісы. Для справаздачна-перавыбарчых канферэнцый ён заўсёды пісаў увесь даклад, ад першага слова «Таварышы» да апошняга — закліку. Але ўсё адно рэдка дакладваў па напісанаму; амаль заўсёды, прачытаўшы ўступ — агульнапалітычную частку i тую частку, дзе гаварылася аб дасягненнях раёна за справаздачпы перыяд, — ён адсоўваў тэкст даклада ўбок i пра ўсе недахопы гаварыў вольна, крытыкаваў дасціпна, востра, кідаючы часам такія трапныя афарызмы i вызначэнні, якія пасля рабіліся крылатымі. Выступаючы так, ён умеў завалодаць увагай аўдыторыі, слухаючы яго, не драмалі i не размаўлялі. Людзі любяць вастрыню, ён ведаў гэта, ганарыўся сваімі здольнасцямі i часам злоўжываў, бо, як кажуць, усяму ёсць мяжа. Бародка разумеў гэта, але не заўсёды адчуваў такую мяжу.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 95
  • 96
  • 97
  • 98
  • 99
  • 100
  • 101
  • 102
  • 103
  • 104
  • 105
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win