Шрифт:
Яе падтрымалі Прыходчанка, Кавальчук. Мая Любаміраўна прапанавала:
— Не выдаваць дакументаў ніякіх — нікуды не пойдзе!
Даніла Платонавіч змаўчаў, хоць слова яго i чакалі ўсе, a калі Лемяшэвіч звярнуўся пасля да яго за парадай, стары сказаў:
— Я сам пагутару з ім.
І ён гутарыў. Прыйшоў раніцой да Касцянкоў, калі Алёша яшчэ спаў. A калі Лемяшэвіч ішоў снедаць, яны сядзелі пад паветкай на дровах i мірна гутарылі — стары i юнак.
Пасля ўвечары, у доме Шаблюка, дзе прысутнічалі Сяргей i Наталля Пятроўна, яны дэталёва ўсё абмеркавалі.
— Я спытаў яго, — расказваў Даніла Платонавіч. — «Кахаеш? Моцна?» Зразумейце, што ў такім узросце гэта нялёгка — прызнацца, тым больш старому настаўніку. А Алёша даверліва глянуў на мяне i кіўнуў галавой. Відаць, кахае па-сапраўднаму i пакутуе цяжка. Божа мой! Хто з нас не помніць гэтага пачуцця — першага кахання!
Наталля Пятроўна ўпусціла кніжку i хутка нахілілася за ёй.
Даніла Платонавіч схамянуўся.
— Вось адгэтуль i пачынайце… Чым мы можам памагчы яму? Нічым. Значыцца, няхай едзе — так яму будзе лягчэй, патроху забудзецца, сустрэне новых людзей, новых сяброў. А там — хто ведае… Можа, жыццёвыя дарогі звядуць ix зноў, i Рая, гэтая дурніца Рая, паразумнее.
— Усё гэта, безумоўна, правільна, — згадзіўся тады Лемяшэвіч. — Але ў той жа час цяжка пагадзіцца, што вялікі калектыў педагогаў, сяброў, камсамольцаў… усе мы, як бачыце, нічога не можам зрабіць… Усе мы бяссільныя…
— Выганіце Арэшку, — сур'ёзна прапанавала Наталля Пятроўна.
— Гэта не так проста, Наташа. Ды i наўрад ці паможа гэта Алёшу.
— Дарэчы, кажуць, што ў яго раман з гэтай маленькай Шачкоўскай, — сказаў Сяргей. — Праўда гэта?
…Лемяшэвіч прайшоўся па пакоі, пастаяў каля акна i раптам павярнуўся да Валатовіча:
— Ведаеш што, Павел Іванавіч, давай мы дамо яму
ўсе даведкі. Думаю, што Аляксей не падвядзе нас!
Магчыма, што гэта здарылася выпадкова, а магчыма, што i знарок было падладжана Алёшам i яго сябрамі. Але развітацца з класам ён прыйшоў на перапынку, перад урокам Арэшкіна. Ён не зайшоў у школу, сябры сустрэлі яго на вуліцы i па прапанове Валодзі рушылі правесці да МТС, дзе Алёша павінен быў сесці на машыну. Ніхто i слова не сказаў пра ўрок. І наогул маўчалі. Дзень быў марозны i ветраны. Вецер кідаў у твары калючы сухі снег. Перамятала дарогу. Ішлі, шчыльным колам абкружыўшы Алёшу.
У настаўніцкай гэтага не бачылі i не ведалі, а таму Арэшкін, як звычайна, увайшоў у клас шпарка i весела. І аслупянеў на паўдарозе ад дзвярэй да стала: клас быў пусты. На пярэдняй парце, сціснуўшы галаву далонямі, сядзела з акамянелым тварам Рая, ды ў праходзе паміж партамі стаяла з абыякавым выглядам другая вучаніца — кульгавая, хваравітая Ніна Кулікава. Рая не ўстала i нават не глянула на яго. Адчуваючы ўсю недарэчнасць свайго становішча, трацячы вытрымку, бляднеючы з твару, Арэшкін спытаў у Ніны адным позіркам: дзе?
Яна пераступіла на карацейшую нагу i ca здзеклівай абыякавасцю, быццам зусім нічога i не здарылася, адказала:
— Пайшлі Алёшу Касцянка праводзіць.
Арэшкін задыхнуўся i выбег з клас а.
Тады Рая апусціла галаву на парту, i плечы яе закалаціліся ад плачу.
Ніна паглядзела на яе спачатку зняважліва, потым — з цікавасцю, а яшчэ праз хвіліну — з жалем. Нарэшце не вытрымала, падышла i легка дакранулася далоняй да яе валасоў.
— Я ж ведала, што ты яго кахаеш. Ты проста сама сябе ашуквала. Алёшу нельга не кахаць.
Тым часам Арэшкін, бледны, абураны i нават спалоханы. ускочыў у клас, дзе вёў урок Лемяшэвіч.
— Я прашу вас…
Лемяшэвіч выйшаў за ім у калідор.
— Што здарылася?
— Гэта дэманстрацыя! — зашыпеў Арэшкін, пырскаючы слінай. — Гэта бяспрыкладная дэманстрацыя! Гэта… гэта… ганьба!
— Што?
— Яны ўсе пайшлі правесці гэтага, — ён скрывіўся, — гэтага… А?
Лемяшэвіч здагадаўся нарэшце, што здарылася, i шумна ўцягнуў праз нос паветра, ноздры яго раздзьмуліся.
— Калі гэта дэманстрацыя супраць вас, то я — за такую дэманстрацыю, — сказаў ён i пайшоў у клас, пакінуўшы разгубленага Арэшкіна ў паўцёмным калідоры.
29
Бародка сустрэўся з Валатовічам у раённым Доме культуры, дзе мелася адкрыцца канферэнцыя.
Першымі, як заўсёды, прыязджалі старшыні калгасаў — у ix знаходзіліся тэрміновыя справы ў аддзелах райвыканкома, у банку, на базах. A паколйкі ў ix руках транспарт, то разам з імі задоўга да пачатку канферэнцыі прыехала большая частка дэлегатаў.