Шрифт:
Валатовіч выказаў усё тое, што ён некалі яшчэ ўлетку гаварыў Бародку ў яго кабінеце, i свае думкі аб планаванні, аб рабоце МТС i аб падборы людзей на пасады старшынь калгасаў.
— … Людзей у нас пайшло ў калгасы нямала, i людзей дастойных. Гэта радасна. Праўда, трэба сказаць шчыра, не ўсе ішлі добраахвотна i з вялікім жаданнем. З многімі райкому прыйшлося гутарыць не адзін раз. Але што мне хочацца сказаць… Магчыма, я памылюся, няхай таварышы даруюць i паправяць пасля. Але ў мяне такое ўражанне, што Арцём Захаравіч стараецца паслаць у калгасы выключив тых, хто яму не па душы, хто часам пярэчыў яму. Для калгасаў гэта, я ўпэўнены, увогуле нядрэнна, бо болыиасць такіх — неспакойныя, смелыя, дзёрзкія i рашучыя таварышы. Такія i трэба цяпер у калгасах! Але я баюся іншага… Я выказваю гэта, карыстаючыся прысутнасцю сакратара абкома. Я баюся, як бы ў раёне, на кіруючых пасадах не засталіся вельмі ўжо спакойныя да ўсяго людзі… Чыноўнікі… Гэткія Шапавалавы… Ёсць у нас такі інструктар, якога, я чуў, хочуць зрабіць загадчыкам аддзела… Я з практыкі ведаю, якая сіла — райпартактыў. І аслабіць яго…
— Не бойцеся, Павел Іванавіч, — раённыя кадры ўмацуем, — запэўніў Малашанка, прыветліва кіўнуўшы галавой.
Бародка сядзеў пануры, маўклівы, змораны на выгляд, з патухлымі вачамі; ён раніцой галіўся, i ўжо к вечару барада яго зноў пачарнела.
Яго крыху ўсцешыла i падбадзёрыла, што Валатовічу не апладзіравалі. Праўда, ён скончыў сваё выступление без пафасу, простым разважаннем. Але калі гаварыў, яму разы два крыкнулі з залы: «Няпраўда!», «Скажыце пра сваю работу!» Значыцца, ёсць людзі, якія разумеюць яго, Бародку. Аднак на перапынку ён пачуў i ўбачыў, як горача дэлегаты абмяркоўваюць прамову Валатовіча. У пракураным калідоры, каля буфетаў, на вуліцы — усюды стаялі групамі i спрачаліся. Адны цалкам падтрымлівалі Валатовіча, другія прымалі не ўсё ў яго выступленні i крытыкавалі асобныя сцверджанні, трэція маўчалі, чацвёртыя горача абаранялі Бародку. Але чацвёртых было значна менш, чым першых i другіх. І амаль усе, хто выступіў пасля Валатовіча, смела крытыкавалі райком i першага сакратара. Адным словам, канферэнцыя ішла даволі бурна i цікава. Спіс дэлегатаў, якія жадалі выступіць, увесь час папаўняўся. Прасілі слова нават тыя, хто на раённых сходах раней ніколі не выходзіў на трыбуну.
Малашанка па запрашэнню Алены Сямёнаўны пайшоў начаваць да Бародкі. Ішлі моўчкі. Праўда, маўчанне апраўдвалася тым, што навакол былі людзі: наперадзе, ззаду, на другім баку вузкай вуліцы ішлі дэлегаты, накіроўваючыся ў сталоўку. Арцём Захаравіч глыбока, на поўныя грудзі, удыхаў марознае паветра i разглядаў заснежаную вуліцу гарадка, заінеўшыя дрэвы, драты тэлефона i тэлеграфа, абмёрзлую калонку, каля якой коўзаліся хлапчукі,— быццам бачыў усё гэта ўпершыню. Сакратар абкома ўпотай з цікавасцю назіраў за ім, уяўляючы, што перажывае цяпер «пабіты».
За час сумеснай працы ён добра вывучыў характар Бародкі, яго самалюбства, ганарыстасць. Некалі ён нават жартам спытаў: «Ты, Арцём, не з шляхты часам?» Бародка тады ўзлаваўся за недарэчнае пытанне.
У кватэры маўчаць нельга было. Алена Сямёнаўна адразу па выгляду мужа здагадалася, што яму «насыпалі». Яна адным позіркам спытала ў Малашанкі: «Вельмі?» — i, атрымаўшы гэтак жа адказ, шчыра пашкадавала мужа, ра. зумеючы, як цяжка яму зараз.
Пакуль яна завіхалася на кухні, Бародка раз-другі прайшоўся па пакоі, спыніўся каля Малашанкі, які ў гэты момант пераглядаў свежыя газеты, i спытаў:
— Як табе падабаецца гэта?
— Што? — узняў галаву Малашанка, не адразу зразумеўшы i падумаўшы, што размова ідзе пра нешта ў газеце.
— Работа Валатовіча.
— Якая работа?
— Яго, з дазволу сказаць, «крытыка» i ўсё, што арганізавана ім.
— Што ж, крытыка як крытыка. Крыху ёсць суб'ектыўнага…
— Усё суб'ектыўна! Старыя крыўды… Помета! І, заўваж, гэта нездаровая з'ява — групоўка з мэтай разграміць першага сакратара райкома…
Малашанка, хаваючы хітрую ўсмешку ў вачах, прыжмурыўся.
— Ты некаторых граміў мацней — i нічога, жывыя, здаровыя, працуюць.
— Што ты раўняеш? — Бародка кінуў на стол газету i зноў закрочыў па пакоі.— Я крытыкую, каб палепшыць работу. А тут… Я табе скажу… Калі ты не дасі належнага адпору, не паставіш на месца гэтага старога дэмагога, які носіцца з сваёй уяўнай прынцыповасцю… Я вымушаны буду ставіць перад абкомам…
На твар Малашанкі нібы ўпаў цень.
— Ты што ж… хочаш, каб я ад імя абкома адгарадзіў цябе ад крытыкі камуністаў?
— Гэта — не крытыка.
— Не, гэта — крытыка! Крытыка сапраўдная, накіраваная на паляпшэнне справы, магчыма, у большай ступені, чым твае «разносы». У Валатовіча — боль камуніста за становішча ў раёне… А ты — «паставіць на месца»… Дзіўнае ў цябе разумение партыйнай дэмакратыі.
— Але, вядома, я забыўся… Вы разумееце яе лепш, — пакрыўджана адвярнуўся Бародка.
Нечаканае «вы» i наогул увесь тон Бародкі непрыемна' ўразілі Малашанку. Каб не гаспадыня, якую ён шчыра паважаў i не мог пакрыўдзіць, ён напэўна пакінуў бы гэты дом.
Алена Сямёнаўна прынесла закускі i, адчуўшы, што паміж мужчынамі адбылася сур'ёзная размова, далікатна выйшла зноў — няхай дагавораць да канца.
— Але, — уздыхнуў Арцём Захаравіч. — Быў Бародка першы ў вобласці… i стаў Бародка…
Малашанка адкінуў газеты.
— Ты прабач, але ты — баязлівец i панікёр! Пакрытыкавалі — i ты раскіс. Адвык ты ад крытыкі, вось што я табе скажу! — Ён сеў за стол насупраць гаспадара i паклаў на сваю талерку капусты.
— Ты прывык прызнаваць толькі крытыку зверху! Цябе на бюро абкома не так крытыкавалі — i ты прызнаваў i дзякаваў. А тут заела: як адважыліся крытыкаваць цябе, Бародку, першага сакратара! — Малашанка раптам проста, па-сяброўску паклаў яму руку на плячо, — Нельга так, Арцём. Зразумей. Не той час. Народ актывізаваўся. Цяпер самае лепшае — прызнаць крытыку, а не станавіцца на дыбы. Падтрымаюць Валатовіча, а не цябе. Вось так! — Ён узняў руку i весела паклікаў: — Алена Сямёнаўна! Чакаем вашай каманды. Без вас не можам пачынаць!