Крыніцы
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

A ў пакоі для прэзідыума, куды выйшлі ў часе перапынку, Бародка сказаў Малашанку:

— Гэта правакацыя Лемяшэвіча! Ён проста расперазаўся пасля бюро. Нельга пры такіх людзях разносіць сакратара райкома…

Валатовіч, пачуўшы гэтыя словы, абурыўся:

— Табе ўсюды здаецца правакадыя. Яны да сённяшняга дня адзін аднаго ў вочы не бачылі.

— Да сённяшняга!.. Такія хутка могуць спецца.

Малашанка, мяшаючы лыжачкай чай, заўважыў:

— У партыі дысцыпліна адна для ўсіх i тайны ад камуністаў няма.

— Ты сам напрасіўся на такое пытанне. Людзі помняць усю гісторыю: газета абвяржэнне друкавала, — сказаў Валатовіч. — Тваю крытыку ўспрынялі як помету! Інакш ацаніць i нельга!

Бародка ўскіпеў.

— Вы мяне не лавіце, таварыш Валатовіч! Свае памылкі я сам ведаю!

— Аднак ты ні слова не сказаў пра ix.

— Цішэй, таварышы, — супакоіў ix Малашанка. — Для спрэчак ёсць трыбуна.

* * *

Першыя з выступаючых, падрыхтаваныя загадзя, гаварылі кожны пра работу сваёй арганізацыі — пра свой калгас, сельсавет, МТС, асцярожна i ў меру, якая стала шаблонам, крытыкавалі райком. Дырэктар Крыніцкай МТС Рашчэня першы шчыра сказаў, што даклад сакратара яго не задаволіў.

— Я ажно здзівіўся. Далібог. Што такое, думаю! Арцём Захаравіч, які так любіць самакрытыку, не знайшоў ніводнага слова, каб сказаць пра нашы агульныя недахопы, пра работу райкома. І гэта ў такі час, таварышы! Я чытаю пастанову пленума, i мне здаецца, што члены ЦК проста на наш раён глядзелі, калі пісалі яе. Усё — як у нас. І вось зараз партыя робіць такі пералом у кіраўніцтве сельскай гаспадаркай, выкрывае ўсё — начысціню… Каб усё было відаць. Вось як! Такога даклада, баявога такога, шчырага, як пастанова, чакаў я ад Арцёма Захаравіча… А выходзіць, што ва ўсім адзін Кляўкоў вінаваты. Ай, які злачынца Кляўкоў!

— Мы па гэтых пытаннях два пленумы правялі, таварыш Рашчэня, — падаў рэпліку Бародка.

— Правялі? — як бы здзівіўся Рашчэня. — Ого! І што ж — адразу пастанову выканалі? Правялі — i крышка: усё зроблена! На канферэнцыі, у справаздачы райкома, можна i не гаварыць ужо? Так, ці што? Вось як мы працуем — люба-міла! Абы праведзена было! Мы i на месцах ужо прывыклі так: сход праведзены — справа зроблена! Абы ціха было!..

Ніхто з дэлегатаў, апрача крынічан, не зразумеў з даклада, што ж здарылася ў Крыніцкай школе. Дакладчыку пасылалі запіскі з просьбай растлумачыць падрабязна. Бародка чытаў гэтыя запіскі i паціскаў плячамі: ніколі яшчэ не было такой павышанай цікавасці да школьных спраў. Звычайна пытанні асветы на канферэнцыях закраналі толькі загадчык райана i дырэктары школ, ды i то апошнія — у канцы сваіх выступленняў, пасля спраў калгасных, бо пераважная большасць ix была сакратарамі партарганізацый.

У адной запісцы прапанавалі даць слова Лемяшэвічу.

Але ўсё растлумачыў Валатовіч. Ён пачаў з таго, што папрасіў прадоўжыць яму рэгламент. Дэлегаты хорам падтрымалі:

— Даць! Да-даць!

— У мяне, таварышы, ёсць многа пра што сказаць i — галоўнае — пра нашы калгасныя справы, пра нашу сельскую гаспадарку. З ix я хацеў пачаць. Але пачынаю не з ix. Вінаваты ў гэтым дакладчык. Я пачынаю з таго, чым па сутнасці таварыш Бародка скончыў — з яго крытыкі Крыніцкай школы i яе дырэктара Лемяшэвіча. Я мушу гаварыць пра гэта таму, што, на маю думку, у гэтай, з дазволу сказаць, «крытыцы» асабліва яскрава выявіўся стыль работы першага сакратара i яго метад самой крытыкі… Вядома, што даклад зацвярджаўся на бюро. І нічога там пра Крыніцкую школу не было. Усё гэта таварыш Бародка ўставіў ад сябе. Што яму бюро! Хіба ўпершыню ён ігнаруе бюро! Я два гады працаваў разам з Бародкам i таму бяру ўсю адказнасць за свае словы. Я гаварыў Арцёму Захаравічу адзін на адзін, як камуніст камуністу. Не памагло… Ён заўсёды ўсё рабіў з наскоку, штурмам, без належнай праверкі, без вывучэння фактаў, без аналізу ix… Адгэтуль i дзіўны метад крытыкі: раздзьмуць любы факт, любы намёк з паўелова i чалавека, які не падабаецца, такім чынам знішчыць…

Бародка падпёр лоб левай рукой так, што твару яго, вачэй з залы не было відаць, i нешта глыбакадумна занатоўваў у блакнот з такім выглядам, быдцам усё гэта гаворыцца не пра яго.

— А што датычыцца крытыкі Лемяшэвіча, то тут наогул непрыгожая гісторыя. Тут пахне пометай… Так, так, — рашуча пацвердзіў Валатовіч, убачыўшы хуткі позірк Бародкі.— Мне здаецца, таварыш Кавалёў недарэмна задаў на першы погляд бестактоўнае пытанне. Усе помняць фельетон у абласной газеце. Паклёп на сумленных людзей санкцыяніраваў Бародка i за гэта атрымаў вымову на бюро абкома, дзе разбіралася ўся справа. Што ж зараз адбылося ў Крыніцкай школе?

Ён падрабязна расказаў пра канфлікт Алёшы Касцянка з Арэшкіным, пра вывады педкалектыву.

— Як бачыце, факт не заслугоўвае таго, каб прысвячаць яму гэтулькі часу на раённай партканферэнцыі… Звычайны выпадак з жыцця школы… Мне думаецца, каб таварыш Бародка праверыў сам, калі гэта зацікавіла яго, ён не зрабіў бы такіх нечаканых вывадаў, не сказаў бы, што ў школе адсутнічае выхаваўчая работа. Можна спрачацца з педагагічнага пункту гледжання, ці ўсюды правільна i разумна паступаў дырэктар школы. Гэта справа іншая. Можна не згаджацца з Лемяшэвічам. Але трэба не забываць, што выхаванне — гэта не адны ўрокі, сухія маралі, праборкі на сходах. Не! Выхаванне — гэта вельмі складаны працэс. І нельга, не разабраўшыся, апраўдваць такога тыпа, як Арэшкін, i ганіць..

— Ніхто нікога не ганіць! — перапыніў яго Бародка. — A Арэшкін — не тып, таварыш Валатовіч! Гэта вы з Лемяшэвічам так адносіцеся да беспартыйнага педагога!

— Дэмагогіяй займаешся, Арцём Захаравіч!

— Ваша выступленне — дэмагогія…

Малашанка павярнуўся да прамоўцы:

— Гаварыце канферэнцыі!

Валатовіч, відаць, усхваляваны гэтай спрэчкай, хвіліну маўчаў, гартаючы блакнот. Потым як бы пачаў выступление нанава:

— Таварышы!.. Адразу хачу папярэдзіць: як член бюро i былы старшыня райвыканкома я не здымаю віны з сябе за ўсе недахопы ў кіраўніцтве калгасамі… Больш таго, віна мая, як i іншых членаў бюро, павялічваецца ад таго, што мы доўга маўчалі, ішлі за першым сакратаром, прыглушаныя яго аўтарытэтам…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 98
  • 99
  • 100
  • 101
  • 102
  • 103
  • 104
  • 105
  • 106
  • 107
  • 108
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win