Крыніцы
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

Арцём Захаравіч гукнуў дзяцей абедаць i ў час абеду быў па-ранейшаму вясёлы, гаманкі, жартаўлівы. Лемяшэвіч з непакоем назіраў з якой зачараванасцю лавіў Алёша кожнае слова сакратара.

13

Раніца першага верасня выдалася хмурная i халодная: уначы ішоў дождж. Аднак гэта не псавала агульнага радаснага, святочнага настрою. Як заўсёды ў гэты дзень, i вучні i настаўнікі з'явіліся задоўга да пачатку заняткаў, i свежаадрамантаваныя гулкія класы i калідоры школы напоўніліся звонкімі дзіцячымі крыкамі, смехам, тупатам ног.

Весела было i ў настаўніцкай. Крышачку ўзрушаныя, узаемна прыв. етлівыя, настаўнікі жартамі сустракалі кожнага свайго калегу. І кожны, мужчына i жанчына, уваходзячы, лічыў сваім абавязкам прывітацца з усімі за руку, хоць дзень назад усе сустракаліся на пасяджэнні педсавета i некаторыя там нават паспрачаліся. Але зараз ніхто не выказваў нездавальнення раскладам, «форткамі», ніхто не быў яшчэ раздражнёны двойкамі i іншымі няўдачамі. І ўсе яны падабаліся Лемяшэвічу ў гэтай новай для яго, a ў сапраўднаеці ў натуральнай сваёй ролі. Ён з цікавасцю прыглядаўся да кожнага з настаўнікаў, нават да Адама Бушылы, з якім штодзень тройчы сустракаўся за сталом.

Расчырванелая, як бы иечым узрушаная, сядзела на новай канапе, насупраць адчыненага акна, Марына Астапаўна; няспынна смяяліся яе поўныя шчокі: на ix то знікалі, то зноў з'яўляліся прывабныя ямачкі. Апранутая ў новае сіняе плацце з шарсцянай тканіны, яна выглядала прыгожай.

Лемяшэвіч злавіў сябе на тым, што мімаволі любуецца ёй. Ён прымушаў сябе думаць пра яе непрыязна i такую ж непрыязнасць хацеў заўважыць i ў яе адносінах да сябе.

На педсавеце ён нечакана адхіліў Марыну Астапаўну ад кіраўніцтва дзесятым класам, хоць яна кіравала ім у мінулым годзе, i назначыў класным кіраўніком Данілу Платонавіча. Марына Астапаўна не патрабавала тлумачэння, слова не сказала, нібы чакала гэтага. А зараз яна зусім прыветліва глядзела на дырэктара, на Данілу Платонавіча i больш за ўсіх смяялаСя i жартавала. «Актрыса», — думаў Лемяшэвіч, не верачы ў шчырасць яе пачуццяў.

Арэшкін сказаў ёй камплімент:

— А вы ўсё прыгажэеце, Марына Астапаўна!

— А вы лысееце, Віктар Паўлавіч, — адказала яна пад агульны смех.

Завуч, як ніхто, здзівіў Лемяшэвіча сваім выглядам i паводзінамі. Штодзень на працягу месяца Лемяшэвіч бачыў яго ў незвычайным стракатым адзенні: белыя або клятчатыя штаны, курткі з «маланкамі», зялёны або саламяны капялюш, заўсёды кій у руках. І хада нейкая расслабленая, ленаватая. І раптам ён з'явіўся на заняткі ў простым, новым, старанна адпрасаваным гарнітуры, у кепачцы, без кія, рухавы i падцягнуты, як добры афіцэр. Ён адзін быў дзейным: заглядваў у расклад, напамінаў, каму ў які клас ісці, выходзіў у калідор супакойваць вучняў. Вяртаўся i зноў намагаўся сказаць што-небудзь прыемнае жанчынам.

— I ўсё-такі не магу не зазначыць, што ў нашым калектыве найпрыгажэйшыя настаўніцы. Букет! A? — i гладзіў сэрца.

— Дзіва што! У нас жа i дырэктар i завуч халастыя, — знешне сур'ёзна, аднак не без іроніі адказала Вольга Калінаўна, паліваючы кветкі. Увогуле, гэтая дзяўчына, нізкарослая i непрыгожая з твару, паводзіла сябе ў настаўніцкай, як руплівая гаспадыня.

Даніла Платонавіч сядзеў на табурэце, абапёршыся на доўгі стол, што стаяў пасярод пакоя. Ён выпадкова сеў тут, а атрымалася, што нібы гак i трэба, каб етарэйшы настаўнік, ветэран, у гэтыя ўрачыстыя хвіліны сядзеў у цэнтры.

Размаўляючы, жартуючы, настаўнікі, у тым ліку i дырэктар, міма-волі пазіралі на яго: як рэагуе ён, стары i мудры чалавек? Даніла Платонавіч удзельнічаў у размове скупымі заўвагамі, як бы захоўваючы сілы для ўрока. Ён добра разумеў, чаму ўсе такія ўзрушаныя, гаманкія: усе хваляваліся, праўда, адны больш, другія менш, у залежнасці ад стажу работы, ды i сам ён, хоць працуе паўстагоддзя, таксама крыху хваляваўся. А больш за ўсіх, безумоўна, хвалявалася гэтая маладзенькая, зусім яшчэ дзіця, Ядвіга Казіміраўна: ёй праз некалькі хвілін трэба будзе даваць першы ў жыцці самастойны ўрок. І таму яна больш i мацней за ўсіх рагатала, яе смяшыла ўсялякая дробязь, але смех яе быў ненатуральны, дрыготкі, нервовы.

Моўчкі i нерухома, у кутку, як чужыя i лішнія ў гэтым калектыве, сядзелі муж i жонка Кавальчукі. Праўда, у Паўла Паўлавіча колькі разоў напіналіся шчокі ад смеху — Лемяшэвіч назіраў за імі i бачыў гэта, але Мая Любаміраўна з дакорам пазірала на мужа, i ён стрымліваў свой смех. Яны перамаўляліся паміж сабой, але толькі аб справе, праглядаючы планы ўрокаў. І — дзіўная рэч — самыя калючыя на язык ні адным словам не зачапілі ix.

«Вось каму ў першую чаргу трэба заглянуць у душу — гэтаму Паўлу Паўлавічу, — думаў Лемяшэвіч. — Як толькі падступідца… які ключык падабраць? А трэба абавязкова!»

— Нешта Марозавай сёння няма, — сказала Прыходчанка.

— Але, кожнае першае верасня прыходзіла. Што гэта з ёй?

— Занята, — коратка адказаў Даніла Платонавіч.

За дзвярамі шумелі вучні.

— Зазіраюць у замочную шчыліну. Вунь якое вока блішчыць, — засмяялася Вольга Калінаўна, развешваючы на сцяне снапкі жыта, ячменю, проса, канюшыны.

— А гэта вельмі спакусліва i цікава — падгледзець, чым займаюцца настаўнікі. Можа, яны на галовах стаяць, — сказаў Бушыла, — Я сам любіў падглядваць. А снапам тваім даволі ўтульна тут, Вольга…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win