Шрифт:
— Нічога, — сумна адказаў ён i больш не сказаў ні слова, як яго ні распытвалі.
Валодзя зноў завалодаў агульнай увагай i знарок голасна i смела выказваў сваё абурэнне супроць завуча:
— Фармаліст ён i наогул… — Каб размова ішла не аб настаўніку, Валодзя, відаць, даволі б моцна вызначыў гэтае «наогул». — Мы не маленькія, не вучні пятага класа! І трэба даць зразумець яму гэта!
Пятро Хмыз сказаў яму:
— Ты, Валодзя, як п'яны заяц.
Валодзя абразіўся, i, каб не званок, справа, напэўна, скончылася б моцнай лаянкай.
Праз усё гэта забылі, што першы ўрок — гісторыя — дырэктара, якога чакалі з цікавасцю i нецярпеннем, як чакаюць кожнага новага настаўніка.
Лемяшэвіч весела прывітаўся, пазнаёміўся, жартаўліва адказаў на пытанні, якія тычыліся выключна яго біяграфіі. Усё, здавалася, ішло як мае быць. Але ён адразу, як толькі зайшоў у клас, адчуў нейкую насцярожанасць i стрыманасць вучняў, асабліва хлогіцаў: яны сядзелі не па гадах сур'ёзныя, нават суровыя, усміхаліся скупа — для ветлівасці толькі i як бы баяліся ці не жадалі глядзець дырэктару ў вочы. Міхаеь Кірылавіч не адразу здагадаўся, у чым прычына такога настрою вучняў. A калі здагадаўся, незнарок глянуўшы на Алёшу, зноў разгубіўся i не ведаў, што трэба зрабіць, каб выказаць свае адносіны i ў той жа час не закрануць аўтарытэт завуча. Ён пачаў пытаць, як адпачывалі, што рабілі ўлетку. Спадзяваўся, што можа хто-небудзь загаворыць аб працы Алёшы i тады ён выкажа сваё ўхваленне. З'явілася нават думка аб'явіць Алёшу падзяку ад педсавета. Але яго перапыніў Валодзя Полаз (Лемяшэвіч ужо ведаў сына рахункавода) — ён узняў руку. Атрымаўшы дазвол, Валодзя падхапіўся, як салдат, стукнуўшы абцасамі аб падлогу, І, хвалюючыся, сказаў:
— Міхась Кірылавіч… Я хачу сказаць… Я ад усіх, — ён глянуў назад, дзе сядзелі Касцянок, Цялуша, Хмыз, — увесь клас скажа, што Алёша не вінаваты. Што калі што… калі вінаваціць, то мы ўсе i я першы… Мы проста падымалі яго «на ўра» за яго працу, бо гэта ж гераізм!..
Ніхто не звярнуў увагі на нечаканае прызнанне Валодзем працы Алёшы гераізмам; вучні загаманілі, пацвярджаючы яго словы. Лемяшэвіч, крыху расчулены такой салідарнасцю, пастукаў алоўкам аб стол, каб суцішыць клас, i сказаў, як мог бы сказаць зусім дарослым людзям:
— Таварышы! А хто вінаваціць Касцянка? Ніхто. Атрымалася непаразуменне… А праца Алёшы сапраўды гераічная!.. З такой працы мы ўсе павінны браць прыклад. Нам, людзям зямлі, дзецям калгаснікаў, варта падзякаваць Алёшу за яго працу…
І — дзіўная, нябачаная на ўроку рэч — вучні заапладзіравалі, страшэнна збянтэжыўшы гэтым Алёшу, на долю якога i так ужо хагйла перажыванняў.
Міхась Кірылавіч дадаў, ужо як дзецям:
— Але падымаць «на ўра» i ўсё іншае такое — не рабіце гэта ў класе. На вуліцы — вунь якая прастора!
I ўраз усе твары, акрамя Алёшавага, сталі прыветлівымі, дружалюбнымі.
Першы ўрок прайшоў добра. Міхась Кірылавіч доўга ўспамінаў яго з прыемнасцю i пачуццём радасці i задавальнення самім сабой.
Перад апошнім урокам у школу прыехаў Бародка. У настаўніцкай усе разгубіліся, калі ён нечакана зайшоў, нават Лемяшэвіч адчуў сябе ніякавата. Праўда, Бародка, з уласцівым яму ўменнем, хутка ўключыў усіх у агульную, як бы жартаўлівую, з вясёлымі прыкладамі, але ў той жа час вельмі сурезную — аб грамадскай працы настаўніка — размову. Але Лемяшэвіч заўважыў, што да яго асабіста сакратар звяртаецца суха — афіцыйна i непрыязна, нібы жадаючы даць зразумець калектыву, што новы дырэктар не карыстаецца павагай райкома. І першы, хто гэта зразумеў,— Арэшкін, ён ажно заззяў увесь. Да Прыходчанкі Бародка звяртаўся на «ты», як да блізкага чалавека: «Ты, Марына, не пярэч. Колькі ты сама прачытала лекцый?»
Лемяшэвічу ён сказаў:
— Збярыце вучняў пасля ўрокаў. Старэйшыя класы.
— Навошта?
— Уявіце, таварыш Лемяшэвіч, што сакратар райкома хоча пагутарыць з вашымі вучнямі. Дазваляеце?..
Надвор'е праяснілася — i вучняў сабралі ў двары школы, на пляцоўцы.
Бародка пачаў гаварыць аб ролі працы ў выхаванні чалавека камуністычнага грамадства. Гаварыў ён проста i цікава. Слухалі яго ўважліва i вучні i настаўнікі; нават калгасніцы, што ішлі з поля на абед, спыніліся каля плота, ды так i прастаялі да канца прамовы.
Сакратар высмейваў тых вучняў, якія, скончыўшы «якіх-небудзь сем класаў на тройкі з хвосцікамі», запісваюць сябе ў «інтэлігенты» i лічаць для сябе нізкім працаваць у калгасе.
Потым ён гаварыў аб політэхнічным навучанпі i хоць, як адзначыў Лемяшэвіч, крыху спрашчаў пытанне, але канчатковыя вывады рабіў правільныя, ясныя.
— Усе магчымасці ў вас, у вашай школе, для політэхнізацыі ёсць: добры прышкольны ўчастак, a галоўнае — МТС пад бокам, любыя сельскагаспадарчыя машыны… І, нарэшце, у вас ёсць цудоўны прыклад, які паказвае, якую карысць можа прынесці асваенне адной з гэтых машын i сумленная праца на ёй… Карысць i для народа, i для Радзімы, i для таго чалавека, хто гэта зрабіў… Вы ведаеце, што я маю на ўвазе. Працу на камбайне вучня вашай школы Аляксея Касцянка… — І Бародка паклікаў: — Таварыш Касцянок!
Яшчэ раз да смерці збянтэжанага Алёшу сябры сілком выштурхнулі з задніх радоў. Каб ён ведаў, што размова зноу будзе пра яго, ён нізашто не застаўся б на гэтым сходзе.
— Ідзі, калі ласка, бліжэй, — запрасіў яго сакратар.
Алёша нясмела падышоў.
— Таварышы! Райком i райвыканком прынялі рашэнне: Аляксея Сцяпанавіча Касцянка за яго выдатную працу ў МТС, на камбайне, узнагародзіць каштоўнымі рэчамі: гадзіннікам i веласіпедам. Дазвольце мне ўручыць яму гэтыя рэчы.
Сакратар райкома дастаў з кішэні невялічкую скрыначку i пад бурную авацыю працягнуў Алёшу. Той нязграбна ўзяў яе правай рукой. Бародка, узяўшы яго абедзве рукі, пералажыў скрыначку ў левую, а правую моцна паціснуў. У гэты час шафёр прынёс разабраны, запакаваны ў паперу веласіпед.