Крыніцы
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

— Ну, ты — механік, i збярэш сам… — сказаў Бародка Алёшу. Сакратар, відаць, меў намер яшчэ штосьці сказаць да ўсіх, але вучні ўсхапіліся з месцаў, абкружылі Алёшу, каб паглядзець падарункі, бліжэйшыя сябры яго пачалі ўжо распакоўваць веласіпед, каб тут жа сабраць i калектыўна выпрабаваць.

14

Праз некалькі дзён на бюро райкома са спазненнем зацвярджалі новых дырэктараў школ. Па сутнасці, новым быў адзін Лемяшэвіч, усе іншыя зацвярджаліся ў сувязі з пераводамі па ўласнаму жаданню ці па волі райана або райкома з адной школы ў другую. Дырэктарам прыйшлося доўга чакаць: на пасяджэнні, якое цягнулася ўжо гадзіны тры, абмяркоўвалася першае пытанне — аб выкананні плана хлебана-рыхтовак. З кабінета першага сакратара выляталі па адным чырвоныя i мокрыя ад поту старшыні адсталых калгасаў. У прыёмнай кожны з ix з палёгкай уздыхаў, прагна закурваў i іранічна-весела адводзіў позіркам тых, што чакалі: «Дастанецца i вам, пачакайце, не аднаму мне!»

— Але-е… Сам сёння «дае прыкурыць»… Грыміць! — сказаў адзін старшыня з нейкім своеасаблівым захапленнем. Лемяшэвіча непрыемна ўразіла гэтае «сам».

Ён ведаў, што зацвярджэнне — хуткая i па сутнасці фармальная справа, аднак чамусьці хваляваўся, як бы прадчуваючы нешта благое. Ён упершыню падумаў тут, слухаючы разважанні іншых дырэктараў, што яго выстугіленні супроць паводзін Бародкі сапраўды, магчыма, недарэчныя i дробязныя. Але ж справа не толькі ў адносінах Бародкі з Марынай. Ёсць шмат іншага, супроць чаго пратэстуе яго сумленне камуніста, у тым ліку i супроць гэтага «сам». Хто даў Бародку такія правы, такую ўладу? Чаму ён зрабіўся гэтым «сам» i сапраўды ўсё вырашае сам? Чаму яго больш баяцца, чым паважаюць?..

Усіх іншых дырэктараў (ix было чацвёра) зацвердзілі на працягу нейкіх дзесяці хвілін, i яны пакінулі кабінет усе разам. Лемяшэвіч застаўся адзін, адчуваючы, што хвалюецца ўсё больш i больш. Бародка ўстаў (дагэтуль ён сядзеў), прыветліва кіўнуў яму галавой i звярнуўся да членаў бюро роўным, крыху абыякавым i стомленым голасам:

— Таварышы, ёсць такая думка… Таварыш Лемяшэвіч — малады, энергічны кіраўнік, чалавек дастаткова адукаваны… Добра зарэкамендаваў сябе ў час рамонту i абсталявания школы. Словам, яго арганізатарскія якасці райком ацаніў ужо… Дадам: чалавек прынцыповы, настойлівы, камуніст з дзесяцігадовым стажам. А мы ўсе ведаем становішча нашай Ліпнякоўскай школы… Школа далёкая, за ракой, у гэтым годзе дзевяць класаў, хутка будзе дзесяць… Будынка няма, займаюцца ў чатырох ці пяці хатах… Але будзем будаваць. А добрага дырэктара ніяк не падбяром… Туды трэба вось такога кіраўніка, такога энергічнага маладога арганізатара. І таму ёсць думка… я ўзгадніў з аблана… перавесці таварыша Лемяшэвіча з Крыніц у Ліпнякі. Лемяшэвіч павінен успрыняць гэта як баявое задание райкома. Чалавек ён халасты, вольны казак, як кажуць, i якіх-небудзь аб'ектыўных прычын… — Бародка развёў рукамі,— няма…

Лемяшэвіч, выслухаўшы ўсё гэта, раптам адчуў, што ад хвалявання не засталося i следу, наадварот, стала спакойна i нават весела.

— A ў Крыніцы каго? — спытаў пракурор Кляўкоў, малады, неспакойны чалавек, які даўно ўжо нецярпліва паглядаў на гадзіннік, i Бародка ўжо аднойчы іранічна заўважыў яму: «А пракурор усё спяшаецца».

— У Крыніцы — Ціханчука, з Дзятлаўскай сямігодкі.

— Ціханчука? — перапытаў Валатовіч і, сказаўшы кароткае неазначальнае «м-да», палез у кішэню па акуляры.

Бародка пастукаў алоўкам аб настольнае шкло.

— Наш загадчык райана, — ён кіўнуў у бок Паўла Васільевіча, — не падтрымлівае гэтага перамяшчэння… Але прашу зразумець: у Ліпняках нам трэба не толькі добры дырэктар, нам трэба чалавек, якога мы маглі б зрабіць сакратаром партарганізацыі, які наладзіў бы там усю палітыка-масавую работу. Вядома, якое там становішча…

Валатовіч, начапіўшы акуляры, павярнуўся i паглядзеў на Лемяшэвіча, усміхнуўся i, перапыніўшы Бародку, сказаў:

— А як сам Лемяшэвіч глядзіць на гэта? У яго пыталі? Дайце яму слова.

— Я паехаў на працу па ўласнаму жаданню. І нікуды не хачу пераводзіцца. І не разумею, каму спатрэбіўся мой перавод… Я дзякую за добрае слова, але таварыш Бародка яўна пераболылвае мае арганізатарскія здольнасці.

— Воля партыі — закон для камуніста, i каму-каму, а вам гэта варта ведаць! — сказаў Бародка.

Лемяшэвічу адразу прыгадалася пачутае ў прыёмнай «сам», i ён не ўтрымаўся, хоць, ідучы на бюро, загадваў сабе быць выключи а стрыманым, каб не адказаць Бародку на яго словы.

— Смела вы атаясамліваеце сваю ўласную волю з воляй партыі!

Бародка i брывом не павёў, быццам не чуу.

— Думка членаў бюро?

— Я не бачу логікі ў такіх перамяшчэннях, — сказаў рэдактар Жданко, паціскаючы плячамі.

— Я вам сказаў, якая логіка! Якая яшчэ трэба логіка, акрамя той, што накіравана на карысць справы? — раздражнёна адкязаў Бародка, ведаючы, што толькі такім чынам рэдактара, чалавека далікатнага i нявопытнага, можна пераканаць.

— Думаю, Арцём Захаравіч, не варта нам гэта рабіць, — спакойна i ў той жа час аўтарытэтна сказаў Валатовіч. — Сапраўды, навошта? Забі мяне — не разумею таксама. А што мы скажам Баравому, які сам просіцца ў Ліпнякі? Куды яго дзенем? А што датычыцца Ціханчука — гэта не дырэктар дзесяцігодкі. Ціхоня, баязлівец…

«А Бародку там такі i трэба, каб не замінаў», — падумаў Лемяшэвіч, але прымусіў сябе маўчаць, пакуль размова ідзе паміж членамі бюро.

— Адзін прасіўся туды, другі — сюды, а нам абавязкова трэба зрабіць наадварот, — сказаў пракурор, пазіраючы на гадзіннік i пазяхаючы.

— Вам, таварыш Кляўкоў, вельмі спаць хочацца? — саркастычна спытаў Бародка i ўзлавана дадаў: — Калі дзе што i робіцца наадварот — дык гэта ў вас, у райпракуратуры. Я папярэджваю: пытанне ўзгаднялася ў абласных інстанцыях… І дыскусіраваць, думаю, няма чаго. Галасую. Хто — за?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win