Шрифт:
— A працоўны гераізм? — спакойна i разважліва, не адрываючыся нават ад часопіса, спытаў Лявон Цялуша, самы высокі i сталы на выгляд, рудаваты хлопец, круглы выдатнік, верны кандыдат на залаты медаль.
— Што значыць працоўны гераізм? — не здаваўся Валодзя. — Гэта, ведаеце… Як вам сказаць… Каця, як гэта там у літаратуры называецца? Эпітэт… Пераносны сэнс… Так можна дагаварыцца да «школьнага гераізму» i пачаць даказваць, што ты таксама герой.
У класе засмяяліся, але Лявона збіць з тропу немагчыма.
— A калі машыніст лезе ў гарачую топку, каб адрамантаваць яе? — епытаў ён. — Што гэта такое?
— Якую гарачую? Розная гарачыня!
— Ды ў такую, што ты спёкся б там, як яблык. Не чытаў хіба? — горача падтрымала Лявона Каця Гаманок, якая асабліва палымяна даказвала, што рэкорд Алёшы — самы сапраўдны гераізм i што чалавек, які ўмее так працаваць, i ёсць герой.
— Гэта справа іншая— палезці ў топку, гэта i ёсць смеласць, такі гераізм я прызнаю. А мы гаворым аб простай працы. Сеў чалавек на машыну i паехаў… Скасіў жыта больш, чым іншыя… А можа, тыя іншыя проста дрэнна працавалі?
— Дзяржаўная норма ёсць, галава дубовая! — злавалася Каця.
— А што такое норма? — Валодзя ў душы сам захапляўся рэкордам Алёшы i нават крыху зайздросціў, але паспрачацца i давесці сваё, часам тое ж самае, што даводзілі ўсе, але ў іншай форме, было для яго найпершай патрэбай. — Норма — гэта колькасць працы ў пэўную адзінку часу. A які час быў у Алёшы? Чакайце, чакайце! Я вас злавіў! Ды вы ведаеце, што ён парушаў закон аб ахове працы? Замест васьмі гадзін ён працаваў шаснаццаць. Гэта што такое? Які тут гераізм? Так я пачну калоць дровы дзень i ноч i пастаўлю сусветны рэкорд!
Аднакласнікі смяяліся. Дзяўчаты хорам крычалі:
— Фармаліст!
Слова гэтае стала амаль што мянушкай Валодзі, так аднойчы яшчэ ў восьмым класе назваў яго Даніла Платонавіч.
— Хлеб у пол i не можа чакаць, пакуль ты выспішся.
Алёша сядзеў моўчкі на задняй парце побач з Лявонам i рабіў выгляд, што да гэтай спрэчкі яму няма ніякай справы i што яго цікавіць толькі часопіс, які разглядаў сусед. Але калі б яго спыталі пасля, што ён бачыў у «Огоньке», то ён, напэўна, нічога не змог бы адказаць. Хаваючы вочы ад усіх іншых сваіх сяброў, ён, аднак, разпораз употай пазіраў туды, дзе сядзела Рая. Яна сядзела на пярэдняй парце і, павярнуўшы галаву, глядзела на Валодзю, які стаяў у праходзе паміж партамі, размахваючы рукамі. Яна, не ў прыклад іншым, ніводным словам не выказала сваіх адносін да спрэчкі i толькі неяк дзіўна ўсміхалася — як дарослыя з наіўнасці дзяцей. Гэтыя ўсмешкі яе абражалі Алёшу i псавалі той светлы настрой, з якім ён прыйшоў у школу.
— Ну, добра. Я згодзен прызнаць, што гэта працоўная доблесць, — пасля некаторых даволі пераканаўчых аргументаў Каці ішоў на кампраміс Валодзя. — Вядома, што i медаль ёсць — «За працоўную доблесць». Ara! — узрадаваўся ён сваёй новай думцы. — Няма ж ні ордэна, ні медаля «За працоўны гераізм»!
— А Герой Сацыялістычнай Працы? — зноў спакойна спытаў Лявон.
— Aгa, ага! Сапраўды! — падхапіла Каця i разам з ёй другія дзяўчаты.
Валодзя сумеўся.
— Ну, махнулі куды! Гэта іншая рэч!
— У цябе ўсё іншае. Ты ні з чым не згаджаешся!
Лявон закрыў часопіс i аўтарытэтна сказаў:
— Хлопцы! Навошта гэта непатрэбная спрэчка? Вядома адно: Алёша — малайчына! І я прапаную падняць яго за гэта «на ўра»!
Мужчынская палавіна класа падхапілася, як па камандзе, кінулася да Алёшы, у першую чаргу — Валодзя; дзяўчаты адскаквалі ў бакі, да сцен, ачышчаючы дарогу. Алёшу сілком выцягнулі на сярэдзіну класа i гушканулі так, што ён ажно галавой стукнуўся аб столь. Пасля гэтага ён пачаў адбівацца даволі энергічна, але хлопцы не выпуск ал i яго з рук i ўсё падкідвалі — моладзь не ведае меры. І раптам нехта крыкнуў:
— Арэшка!
Усе ўміг разбегліся, а Алёша… застаўся адзін пасярод класа.
— А? Мамаева пабоішча! Пылу колькі, пылу! Саромцеся! Дзесяты клас! А? Гэта ты сілу мераеш? Адзін супроць усяго класа? — убачыўшы Алёшу, павысіў голас Віктар Паўлавіч. — Лішняя сіла — на рынг, на рынг, у баксёры! А зараз — у настаўніцкую! Няхай там пагутараць з табой! Няхай пабачаць, які ты герой!
— Я не пайду, — сказаў Алёша.
— Што?
— Алёша! — з роспаччу i просьбай прашаптала Каця. І ён пайшоў.
Ён вярнуўся неспадзявана хутка: у класе нават ніхто не ўправіўся выказаць сваю думку аб здарэнні.
Апусціўшы галаву, ні на кога не глянуўшы, ён прайшоў да задняй парты, сеў на сваё месца i закрыў твар рукамі. Клас вінавата маўчаў, i маўчаў доўга: усім чамусьці здалося, што Алёша плача. Нарэшце Лявон, які адчуваў сябе больш за ўсіх вінаватым i страціў сваю паважнасць i спакой, ціха спытаў, нясмела дакрануўшыся да яго пляча:
— Ну, што?
Алёша адняў ад твару рукі: вочы яго былі сухія i твар звычайны.