Шрифт:
Разважыўшы, яна знайшла апраўданне: проста яна ніколі ўжо i нікога не зможа пакахаць так, як Івана, i не трэба параўноўваць цяперашнія пачуцці з тымі, што былі тады. Недарэчна такое параўнанне! А Сяргея яна паважае, ён сумленны, шчыры чалавек i, безумоўна, будзе добры муж i… айчым. Айчым! — слова гэта здавалася ёй вельмі страшным. Але паступова Наталля Пятроўна перамагла i гэты страх.
Яна сама прыйшла ў асенні вечар i папрасіла Сяргея пайсці пагуляць. Пасля яны сустракаліся амаль штовечар. Сяргей ад радасці быў на сёмым небе. А Наталля Пятроўна ў час гэтых сустрэч як бы прывыкала да яго. Яна ўжо не перапыняла яго, калі ён пачынаў гаварыць пра замужжа. Яна толькі прасіла:
— Пачакай, дай мне апамятацца.
Але не «апамятацца» ёй трэба было, а пагутарыць з дачкой; яна баялася гэтай размовы, не ведала, як пачаць яе, што сказаць, i таму адкладвала з дня на дзень.
Нарэшце аднойчы зімовым надвячоркам адважылася.
Дзень быў марозны, i яна, ідучы з дальняй вёскі ад хворага, моцна прамерзла i дома залезла на печ пагрэцца. Лена рыхтавала ўрокі. Але не вытрымала, шыбанула ў розныя куткі з ног валёнкі i вавёркай ускочыла на печ, абняла маці.
— Змерзла, мама? Ты ў мяне проста падзвіжніца: усё — для людзей i нічога — для сябе. Мароз, холад, завіруха — нічога цябе не спыняе.
Наталля Пятроўна ўздрыгнула: зусім дарослыя разважанні дачкі, такі клопат неяк ажно спалохалі яе. Лена як бы сама набівалася на сур'ёзную размову. Раней сваю любоў i пяшчоту яна выяўляла больш па-дзіцячаму.
— Такая прафесія ў мяне, дачка. — Яна знарок не сказала «дачушка», «дачурка», як звычайна. — Хіба ты будзеш працаваць інакш?
— Не, мама, я буду працаваць, як ты. Лячыць людзей раўнадушна нельга, я разумею.
Яна даўно ўжо марыла стаць урачом, i гэта вельмі падабалася Наталлі Пятроўне: значыцца, дачка паважае яе працу.
— Мама, а я сёння дзве пяцёркі атрымала — па гісторыі i алгебры.
Маці зразумела, што ўвесь той па-даросламу сурезны ўступ рабіўся толькі дзеля таго, каб потым, зусім падзіцячаму, пахваліцца адзнакамі, хоць, акрамя пяцёрак, іншых адзнак у яе амаль не было, i крыху нават расчаравалася: не такая ўжо яна дарослая, каб зразумець такія складаныя рэчы. Аднак усё адно вырашыла больш размову не адкладваць.
Не пазіраючы на дачку, яна сказала:
— Слухай, Лена, — i зноў не «Леначка», як звычайна, а сур'ёзна — «Лена», — ты ўжо амаль дарослы чалавек, i разважаеш ты па-даросламу. Тым больш што я ніколі не хавала цябе ад жыцця i жыццё ад цябе… Я хачу пагутарыць з табой, як з другам, i ведаю, што ты зразумееш мяне. Ты — разумная дзяўчынка. — Яна адчула, што збілася з паважнага i сур'ёзнага тону размовы i пачынае гаварыць, як з малой. — Ты павінна зразумець мяне…
Лена адсунулася да самай сцяны i не спускала з маці насцярожанага позірку; Наталля Пятроўна не вытрымала i пачала чырванець.
— Разумееш? Як табе прасцей сказаць?.. Адзін чалавек, добры чалавек, вельмі… вельмі,— запэўніла яна скорагаворкай, — хоча, каб я выйшла за яго замуж…
Лена павярнулася, лягла ніц, падперла шчокі далонямі i ўтаропілася ў акно. Маці, стаіўшы дыханне, чакала, як яна выкажа свае адносіны да таго, што пачула. Яна ведала, што для Лены не сакрэт — хто гэты чалавек, як не сакрэт ix сустрэчы, i тое, што яна вось ужо тры гады адмаўляецца выйсці за яго замуж — занадта многа пра гэта гавораць у вёсцы, каб размовы гэтыя не дайшлі да вучаніцы сёмага класа. Яна чакала слёз, просьбаў не выходзіць замуж i ўсяго іншага, але толькі не гэтага… Памаўчаўшы, Лена спакойна спытала:
— Скажы, мама, а табе хочацца… замуж?
Наталля Пятроўна ўспыхнула i страшэнна разгубілася, потым узлавалася — захацелася сказаць дачцэ сурова: занадта ты разумная! Але замест гэтага пачала апраўдвацца дрыжачым голасам:
— Я, дачурка, жыла для адной цябе…
Лена падхапілася i саскочыла з печы, быццам ветрам змяло яе.
— А навошта жыць для мяне адной? Што гэта за жыццё! Ты ж сама казала… Для ўсіх трэба жыць!
Дзяўчынка сказала гэта сурова i павучальна, нібы яна была старэйшая, больш мудрая i вопытная. Наталля Пятроўна закрыла твар рукамі i апусціла галаву на падушку. Маўчала i Лена, усунула ногі ў валёнкі, села каля акна i ўтаропілася ў кнігі. A хвілін цераз пятнаццаць пачала некуды збірацца.
— Куды ты? — спытала Наталля Пятроўна.
— Пайду на лыжах пакатаюся.
Правёўшы яе позіркам да дзвярэй, Наталля Пятроўна ўздыхнула: «Ох, Сяргей Сцяпанавіч, мабыць, нічога ў нас не будзе». І ўсміхнулася, адчуўшы раптам на сэрцы палёгку.
У хаце хутка, як заўсёды ў зімовы вечар, згушчаўся змрок. Сагрэўшыся, Наталля Пятроўна на момант задрамала, але тут жа прахапілася i раптам адчула непакой за дачку: куды яна пайшла? Такі непакой часта апаноўваў яе раней, калі Лена была малая. Маці хутка апранулася, выбегла. Свежая лыжня вяла праз гарод у поле. Яна занепакоілася яшчэ больш i рушыла па лыжні. Снег быў неглыбокі, на ўзгорку вятры агалілі зямлю, але ўздоўж ручая надзьмулі сумёты, i ісці было нялёгка. Яна не ішла — бегла, бо ўжо сцямнела, i непакой яе перарастаў у страх. У вёсцы крычалі дзеці, бразгалі каля калодзежаў вёдры, заліваўся тонкім голасам нейкі нервовы сабачка, на якога іншыя не звярталі ўвагі. A ў полі — цёмная сінь бяскрайняга прастору i ніводнага жывога гуку. Страшна ў полі ў зімовую ноч!
Лыжня вывела на адкрыты ток, да сціртаў калгаснай саломы. Падышоўшы да адной з ix, Наталля Пятроўна раптам пачула ўсхліпванне. Яна адразу здагадалася, што гэта — Лена, i ледзь не кінулася да яе, каб прытуліць, супакоіць. Але стрымалася i збочыла за сцірту. Мабыць, пачуўшы шоргаг яе крокаў, Лена перастала плакаць, неўзабаве выйшла з-за сцірты i хутка пайшла на агеньчыкі вёскі.
Наталля Пятроўна выцерла слёзы i назіркам рушыла за ёй.
«Не, Сяргей Сцяпанавіч, спакой i шчасце дачкі мне даражэй за ўсё».