Шрифт:
Неяк увечары глядзелі ў адрамантаваным клубе кінакарціну. На здзіўленне крынічанам, лента на гэты раз не рвалася, фільм ішоў без затрымак i скончыўся рана. Сяргей i Наталля Пятроўна сядзелі побач. Прыйшлі яны не разам, ён — пазней, але яму адразу ж уступілі месца каля яе.
Калі карціна скончылася, Сяргей спытаў:
— Пагуляем, Наташа?
Пасля размовы з дачкой яна пазбягала заставацца з ім адзін на адзін. Баялася, што ён паўторыць сваё рашучае пытанне. А што яна адкажа? Зноў тое ж, што два гады назад? Але гэта проста здзек з яго пачуццяў. Наталлі Пятроўне шчыра шкада было гэтага добрага i сціплага чалавека.
— Паглядзім, якое надвор'е, — няпэўна адказала яна.
Пры выхадзе яны сустрэліся з Лемяшэвічам, які сядзеў недзе каля сцяны i выходзіў з клуба не спяшаючыся. 1 Наталля Пятроўна раптам прапанавала сама:
— A сапраўды, давайце пагуляем… калі няма мяцеліцы… Хадземце з намі, Міхась Кірылавіч.
Лемяшэвіч спачатку адмовіўся, але пачаў запрашаць Сяргей, шчыра i настойліва, — i ён згадзіўся.
Ноч была не па-зімоваму цёмная. Неба зацягнула нізкімі хмарамі, заходні вецер даносіў той няўлоўны своеасаблівы пах снегу, які адчуваецца ў адліжныя дні. Чакалася, што вось-вось сыпане снег, буйны, вільготны, закружыцца дзівоснымі матылямі ў святле рэдкіх ліхтароў. Але снег не ішоў. Выпадкова, не згаворваючыся, яны пайшлі ў напрамку МТС.
Наталля Пятроўна пажартавала:
— Сяргея Сцяпанавіча цягне ў гэты бок.
— Дзіва што! — падхапіў жарт Лемяшэвіч. — Калі там — i «гэта вуліца i гэты дом».
— Які дом? — не зразумеў спачатку Сяргей.
— Вы, Міхась Кірылавіч, не выдумляйце. Чалавека ў майстэрні цягне, да трактароў, а вы — нейкі дом выдумали— Наталля Пятроўна засмяялася. Сяргей зразумеў жарт, i яму стала крыху крыўдна: a ці не яна, Наташа, вінавата, што, акрамя работы, трактароў, у яго жыцці так мала іншых радасцей. А Наталля Пятроўна наогул была ў той вечар надзіва вясёлай — жартавала бясконца, кпіла i з яго, i з Лемяшэвіча. Міхась Кірылавіч знаходзіў, што адказваць на яе жарты, а Сяргей губляўся i пакутаваў ад сваёй някемлівасці i нязграбнасці.
Наталля Пятроўна нечакана прапанавала пайсці на электрастанцыю.
— Люблю, як шуміць там… Асабліва цяпер, зімой: усё навокал мертва, а там шуміць…
Невялікі драўляны будынак гідрастанцыі ярка свяціўся сваімі шырокімі вокнамі. Да яго вяла адна вузкая сцежка, пратаптаная наўпрасткі па лузе дзяжурнымі электрыкамі. Па гэтай сцежцы ішлі адзін за адным: Наталля Пятроўна, за ёй — Лемяшэвіч i апошні — Сяргей. Ён ішоў нехаця, не разумеючы, чаму ёй захацелася наведацда туды i наогул чаму яна сёння такая дзіўная, не такая, як заўсёды. Відаць, у яе неспакойна на душы. Магчыма, яна ўзлавалася на яго? Навошта яму было так настойліва запрашаць Лемяшэвіча? Магчыма, сама яна запрасіла толькі з ветлівасці, а ён, дурань, — рады старадца для сябра. Закаханым заўсёды здаецца, што іменна тады, калі нехта перашкодзіў ix размове, i павінен быў вырашыцца лес ix кахання. Так здавалася i Сяргею, i ён ішоў следам, сумны ад сваіх думак. Яны былі ўпэўнены, што на станцыі адзін дзяжурны, які ў такі час, калі не працуюць маторы, звычайна спакойна чытае кнігу ці сядзіць з навушнікамі i слухае радыё. Але, увайшоўшы ў ярка асветленае памяшканне, яны ўбачылі там акрамя дзяжурнага маладога механіка МТС Казачэнку i Алёшу. Усе трое працавалі: збіралі генератар.
На станцыі былі дзве турбіны i адпаведна — два генератары, адзін з якіх яшчэ ўвосень сапсаваўся. Махнач доўга збіраўся завесці генератар у горад i ўсё адкладваў, a Валатовіч дагаварыўся ў МТС, i Казачэнка, які прыехаў з завода электраматораў, са здавальненнем узяўся адрамантаваць яго. Hi Сяргей, ні Лемяшэвіч не ведалі, што Алёша з першага ж дня — яго добраахвотны памочнік.
Хлопцы ў адных сарочках, бо печ дыхала гарачынёй, з закасанымі рукавамі i з маслянымі плямамі на сарочках i на тварах, ускудлачаныя, сустрэлі няпрошаных гасцей здзіўлена i разгублена. Стаялі, апусціўшы рукі, i шморгалі запэцканымі насамі.
— Вы што, у кіно не былі? — звярнуўся Сяргей да Казачэнкі.
— Ды не, Сяргей Сцяпанавіч… Ведаеце, калі справа падыходзіць к канцу — цяжка кінуць. Хочацца скончыць.
— А Аляксей што тут робіць? — спытаў Лемяшэвіч, хоць i сам здагадаўся, што ён можа рабіць каля машыны.
Алёша весела бліснуў вачамі, першым перамогшы разгубленасць.
— Ды хацеў, Міхась Кірылавіч, глянуць на машыну ў разабраным выглядзе, а то вучыць вучым, а бачыць не бачым. А цяпер я ўжо ведаю, што да чаго. Сам разбяру.
Лемяшэвіч стрымаўся, каб не пахваліць вучня. Але не стрымаўся Казачэнка:
— Малайчына ваш Аляксей, я вам скажу. Я спачатку не верыў, ажио гляджу — энтузіяст, механік!
Алёша адвярнуўся, схіліўся над генератарам i пачаў грукаць малатком, мабыць, знарок, каб заглушыць размову пра сябе. Казачэнка спыніў яго:
— Чакай. Пасля выб'ем заклёпку. Давай паяць кантакты…
І яны, як бы забыўшыся на гасцей, зноў пачалі працу: механік уключыў электрапаяльнік, Алёша пачаў чысціць наждачнай паперай кантакты шчотак, якія i так блішчалі; дзяжурны змяншаў абароты дзеючай турбіны — час быў позні, нагрузка падала, стрэлкі на шчыце «занерваваліся».
Калі спачатку крыху разгубіліся «гаспадары» — Казачэнка i Алёша, то цяпер, калі яны заняліся працай, у няёмкім становішчы апынуліся «госці», ва ўсялякім разе няёмкасць гэтую адчуў Лемяшэвіч: «Людзі працуюць да позняй начы, а мы — як экскурсанты».
Ён прапанаваў:
— Пойдзем, няхай працуюць.
Але Наталля Пятроўна глянула на яго. І, мабыць, зразумеўшы, чаму яму захацелася хутчэй пакінуць станцыю, рашуча не згадзілася:
— Не. Пасядзім. Я хачу паглядзець, як яны працуюць. Звярніце ўвагу, якія рукі ў Алёшы!