Крыніцы
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

— А нарэшце, я чалавек падначалены. А?

— Мы не думаем вас няволіць, Віктар Паўлавіч, — далікатна, але холадна адказаў Лемяшэвіч. — Хто жадае, таварышы, кіраваць нашым хорам?

— Вы ўвесь час чамусьці абыходзіце мяне, — як бы жартаўліва, але з даволі прыкметным адценнем крыўды сказала Марына Астапаўна. — Уявіце, што я таксама ўмею спяваць.

Лемяшэвіч прынцыпова не хацеў даручаць ёй гуртка i ўвогуле меў намер, на злосць Бародку i ў пакаранне ёй, часова «байкатаваць» яе, — змаганне ёсць змаганне! — каб Прыходчанка i Бародка адчулі, што ён i не думае адступаць. Але спакой i тактоўнасць, якія яна праяўляла апошні час у дачыненні да яго, часта абяззбройвалі Лемяшэвіча: ён хацеў зневажаць яе i — не мог. Жанчына гэтая зачароўвала. І таму ён згадзіўся, каб яна кіравала хорам.

Пасля пасяджэння Арэшкін дагнаў Марыну Астапаўну на вуліцы i па-змоўніцку зашаптаў:

— Што ж гэта вы? Ножку мне падставілі, захацелі добранькай быць. А перад кім? А? Ён вас гразёй аблівае, пад Арцёма Захаравіча, пад вашу дружбу падкопваецца… А вы… Эх, вы!.. Зразумейце, калі мы будзем так дзейнічаць, ён нас усіх сагне у рог i не аднаго гэтага старога перацягне на свой бок… А хто ён такі? А? Вы, я, Кавальчукі, Лапіч — мы аснова калектыву, i мы павінны…

Марына Астапаўна прыпынілася, заглянула яму ў твар i з неўласцівым ёй раздражненнем сказала:

— Пайшлі вы к чорту, Арэшка! Абрыдла мне ўсё гэта! І не чапляйцеся вы да мяне! Не ўмешвайце мяне ў вашы інтрыгі. З мяне сваіх досыць!

* * *

Алёша запісваў у аўтатрактарны гурток. Узяўся ён за гэтую справу з энтузіязмам i радасцю, цвёрда верачы, што пры такім кіраўніку, як яго брат, i зацікаўленасці самога дырэктара будуць вынікі, пра якія ён, Алёша, марыў: не адзін ён, а па меншай меры паўкласа будуць вадзіць матацыкл, аўтамабіль, трактар i камбайн.

І як прыемна было б многім яго сябрам, як i яму самому, каб асобным пунктам у атэстаце сталасці было запісана: за час навучання ў школе набыў прафесію шафера, трактарыста ці камбайнера. Алёша быў перакананы, што толькі пры такой умове кожны з выпускнікоў мае права прэтэндаваць на поўную сапраўдную сталасць. А якая ж гэта сталасць, калі нічога не ўмееш рабіць!

Але неўзабаве Алёшу прыйшлося расчаравацца ў сваіх спадзяваннях. Усё ішло добра, пакуль ён вёў запіс у малодшых класах — у сёмым, восьмым, часткова дзевятым: там запісваліся ахвотна. Але як толькі справа дайшла да дзесятага класа, то на яго гарачы заклік, на яго агітацыю адклікнулася толькі адна Каця Гаманок, сакратар школьнага камсамольскага камітэта. Гэтая нястомная i няўрымслівая Каця запісалася ва ўсе гурткі i ўсюды паспявала. Астатнія аднесліся да гуртка з іроніяй, кпілі, бяскрыўдна жартавалі: кожны агітаваў суседа, а сам не запісваўся.

— Рая, давай, табе гэта патрэбна, твая маці багатая, «Масквіча» купіць!

I тут жа — уедлівы галасок ззаду з празрыстым намёкам на энтузіяста гуртка:

— У яе шафёр ёсць, што ёй музыкальный пальчыкі пэцкаць!

Але жарт не меў поспеху: Алёшу паважалі i з яго кахання даўно ўжо не кпілі, самыя насмешнікі ставіліся да яго з сур'ёзнасцю дарослых людзей. Больш даставалася тым, каго не шкадавалі.

— Паўліку Варанцу трэба гэтая прафесія, яму на спатканне далека хадзіць.

— Ай-яй! Вось гэта каханне!

— Маці казала — не намеецца чаравікаў. Разарыў, кажа, сынок на адным абутку.

— Дзіва што! Дваццаць кіламетраў сігаць!

— Ды паволі ён не ходзіць. Бягом усю дарогу!

— Марафонскі бег!

Паўлік, невысокі на рост, непрыкметны хлапчына, чырванеў, баючыся ўзняць галаву. Ён. хадзіў на спатканні ў далёкае сяло да дзяўчыны, з якой год назад пазнаёміўся ў міжраённым піянерскім лагеры. За гэта яму помсцілі аднакласніцы — раўнавалі, як усе вясковыя дзяўчаты, калі хлопцы ідуць у суседнюю вёску.

Пакінуўшы Паўла, пераходзілі да агульных успамінаў пра розныя здарэнні i аварыі з машынамі i трактарамі.

— A помніце, як Лашак у рэчцы ўтапіў грактар. Пад'ехаў да абрыву, не затармазіў i — бултых. Ледзь сам выскачыў.

— Ха-ха…. А трактар валамі выцягвалі.

— Дзевачкі, a чулі, як Дубавік на трактары на спатканне ў Задуб'е ездзіў?

— Ara. Едзе — спявае «Дзе ты, мілая мая?» — а насустрач Рашчэня.

— Вось табе i «мілая»!

Дарэмна Каця, памагаючы Алёшу, горача даводзіла, што няма цікавейшага занятку, як вывучаць маторы.

Алёша вырашыў змяніць тактыку i дзейнічаць інакш: пагутарыць асобна з кожным ca сваіх бліжэйшых сяброў. Ён усё яшчэ не мог паверыць, што многія з ix, больш здольныя, чым нават ён, фізікі, матэматыкі адмовяцца ад такой цікавай справы. На свайго суседа па парце Лявона Цялушу ён асабліва не спадзяваўся, але прапанаваў i яму. Той глянуў з іранічнай усмешкай.

— Перарос, брат, я такі гурток.

— Чаму перарос? — здзівіўся Алёша.

— Ды так… Калі я не ведаў, хто i што я, то — калі ласка — я мог вывучаць, што хочаш. А цяпер мяне гэта не цікавіць… Цяпер я ведаю сваё прызванне. Гісторыку не патрэбна механіка.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win