Шрифт:
— І самі садзіцеся ў кабіну, Наталля Пятроўна. Змесцімся, — прапанаваў шафёр.
Наталлю Пятроўну заўсёды краналі сардэчнасць i шчырасць, з якой крынічане ставіліся да яе.
Машына заскакала на выбоінах палявой дарогі. Фары выхоплівалі з цемры прысады; фантастычна белыя ў святле таполі сапраўды як бы кланяліся машыне, людзям. У паласу святла ад фар трапіў заяц i, спалоханы, бег наперадзе.
— Заяц! Заяц! — закрычалі дзяўчаты. Лене таксама захацелася крычаць i смяяцца, але ў прысутнасці шафера яна паважна маўчала i толькі ўсміхалася сваім думкам, сваёй радасці. Дзяўчаты заспявалі:
Ой, зайдзі, зайдзі ты, зоранька
ды вячэрняя,
Ой, выйдзі, выйдзі, дзяўчынанька
мая верная!
Лене здавалася, што усе радуюцца звароту яе мамы, нават i заспявалі таму. Яна ганарылася сваей маці. «Мама, мілая! Ты ў мяне самая разумная, самая харошая! Цябе нельга не любіць, нельга не сумаваць, калі ты выязджаеш хоць на адзін дзень».
— Якія навіны, дачушка? Што на участку?
— Усё добра, мама. Толькі ў Лявона Брагі захварэла Галька. Пакупалася, i ў яе — запаленне лёгкіх. Яна ж кволенькая. Цёця Аня пеніцылін уводзіць. Алёша Касцянок запарушыў вока. Дык яму адразу прамылі…
— Як Сцешанок?.
— Уга! Ужо сам на перавязку ходзіць.
— Яна ў вас, Наталля Пятроўна, хутка за памочніцу будзе, — заўважыў шафёр.
— Яна i зараз у мяне памочніца. — Маці ціхенька пацалавала дачку ў галаву. — A Даніла Платонавіч як?
— Школу рамантуе!
— Што, што? — здзівілася Наталля Пятроўна.
— Новы дырэктар, мамачка, нанава школу рамантуе, прыгожа так робіць, фарбуе ўсё. І ўсіх прымусіў працаваць.
— І Данілу Платонавіча?
— Не, Даніла Платонавіч сам… Ходзіць бадзёры такі… i кій свой выкінуў… Ажно памаладзеў, мама.
— Праўда, праўда, — пацвердзіў шафёр.
Наталля Пятроўна не вытрымала, каб у той жа вечар не зайсці да Шаблюка. Іх звязвала шматгадовая шчырая дружба. Праўда, пачалася яна не з ім, гэтая дружба, а з яго нябожчыцай жонкай, Мар'яй Антонаўнай, вельмі сардэчнай i прыветлівай бабуляй. Сам Даніла Платонавіч нейкі час. ставіўся да маладога ўрача раўніва за тую любоў, якую яна надзвычай хутка заваявала ў крынічан. Яму здалося, што яго, чалавека, які вывучыў не адно лакаленне крынічан, ніколі не любілі тут так бязмежна i аддана за ўсе сорак год, як палюбілі яе за нейкія два месяцы. Але неўзабаве i сам ён палюбіў Наталлю Пятроўну, як дачку. Любоў гэтая мацнела i расла, калі хварэла яго жонка i сам ён, а яна, Наташа, начамі праседжвала каля ix ложкаў. Як дачка, плакала яна над труной Мар'і Антонаўны i, як дачка, штодзённа клапацілася аб ім, старым, нядужым.
…Даніла Платонавіч чытаў, калі яна зайшла. Ён глянуў паверх акуляраў, пазнаў яе i бадзёра падняўся насустрач.
— А, Наташа! Прыехала? Добры вечар, добры вечар. Засумавалі мы па табе.
Ён, як заўсёды, узяў яе руку i пацалаваў. Некалі яна гублялася ад такога прывітання i пратэетавала, але за шмат гадоў прывыкла.
— Садзіся ў сваё крэсла І… расказвай!
У Данілы Платонавіча было вялікае мяккае крэсла, абабітае жоўтай выцертай скурай, i Наталля Пятроўна вельмі любіла сядзець у ім. Некалі, яшчэ пры жыцці Мар'і Антонаўны, яна прыходзіла сюды вечарамі з Ленкай, яны ўдзвюх зручна змяшчаліся ў гэтым крэсле i чыталі цудоўныя кніжкі пад шум асенняга дажджу ці свіст студзеньскай завірухі за акном.
Яна надзіва любіла прыгожую вопратку, мяккую мэблю i ўтульныя кватэры. Таму i пакой гэты ў хаце Шаблюка з мноствам вазонаў, кніг i старой мэбляй падабаўся ёй лепш, чым свой уласны. Асабліва хораша тут стала, калі з'явілася электрычнасць i вось гэтая лямпа пад вялікім зялёным абажурам.
Наталля Пятроўна ca здавальненнем села ў любімае крэсла i ўся патанула ў ім, зрабілася яшчэ меншай, падобнай на дзяўчынку.
— Стамілася я, Даніла Платонавіч. Не люблю ездзіць. Мне лепей хадзіць.
— А мне вось часам праехаць хочацца, пабачыць свет…
Яна дакорліва паківала галавой.
— Але, мне пра вас расказалі дуды. Пакуль мяне не было, вы тут, як хлапчук, бегалі. Школу рамантуеце! Што такое, Даніла Платонавіч? Вы забылі на сваё сэрца, ногі?
— Забыў,— стары весела ўсміхаўся, седзячы насупраць яе, каля стала, — забыў, Наталля Пятроўна, — i раптам устаў i, расправіўшы плечы, прайшоўся па пакоі, як бы жадаючы давесці, што ён зусім здаровы. Спыніўся перад ёй, паўтарыў: — Забыў. І адразу быццам гадоў дзесяць скінуў з плеч.
Наталля Пятроўна падсунула бліжэй крэсла, на якім ён сядзеў, i, калі стары сеў побач, узяла яго руку, каб праверыць пульс.
Не аднімаючы рукі, Даніла Платонавіч гаварыў сур'ёзна i разважліва:
— Бачыш, Наташа, усё гэта цяжка растлумачыць нават табе, урачу. Не ўмею я корпацца ў тайніках сваёй душы. Я вельмі кепска адчуваў сябе апошні год… Прычын для гэтага было многа. Але, магчыма, акрамя тых, якія вядомы табе, былі яшчэ i іншыя, якіх, можа, i сам я не ведаў… Адным словам, пад канец жыдця я пераконваюся: каб жыць… жыць, — падкрэсліў ён, — чалавек павінен працаваць да апошняга ўздыху. Так…