Шрифт:
26
Інструктар абкома, які добрасумленна праверыў усё, што датычылася фельетона i пісем, якія прыслалі пасля ў рэдакцыю i абком, дакладваў вельмі падрабязна. Лемяшэвічу здавалася, што інструктар усё выявіў i вось-вось назаве сапраўдныя прозвішчы аўтараў. Не, фельетон прыйшоў у рэдакцыю надрукаваны на машынцы. Да яго было прыкладзена рукапіснае пісьмо, у якім аўтары звярталіся да рэдактара з просьбай надрукаваць ix «артыкул» i паведамлялі, што яны — настаўнікі гэтай жа Крыніцкай школы i не пярэчаць, каб пад «артикулам» стаялі ix прозвішчы. «Наша камсамольскае сумленне патрабуе сказаць праўду ў вочы», — пісалася ў пісьме.
— Але настаўнікаў такіх няма. Ba ўсякім разе, у гэтым раёне — ніводнага такога прозвішча. Я між іншым зверыў почыркі ўсіх крыніцкіх настаўнікаў. Ніякага падабенства!
— Вопытны паклёгінік, — заўважыў адзін з членаў бюро.
Намеснік рэдактара Стукаў, з самага пачатку ўзрушаны, нервова азіраўся на прысутных, вінавата ўсміхаўся Лемяшэвічу i раз-пораз выціраў стракатай хусцінкай лысіну i пачырванелы нос.
Бародка сядзеў з другога боку доўгага стала для пасяджэнняў, пакрытага зялёным сукном, недалёка ад стала, за якім сядзеў сакратар абкома Малашанка. Арцём Захаравіч, не ў прыклад намесніку рэдактара, паводзіў сябе надзвычай спакойна, быццам усё, што тут разбіралася, не мела да яго ніякага дачынення. Закінуўшы рукі за спінку крэсла, ён смачна пазяхнуў, як бы паказваючы, што для яго ўсё гэта нецікава i сумна. Але, напэўна, убачыўшы, як сярдзіта нахмурыўся на яго пазяханне Малашанка, ён адразу змяніўся: на твары з'явілася ўвага i нават устрывожанасць. Ён нахіліўся над сталом, нешта запісаў у блакнот, пасля ўзяў сінюю шклянку i, круцячы яе ў руках, пільна разглядаў выгравіраваны на ёй узор.
Стукаў, калі яму далі слова, падхапіўся, як школьнік, i пачаў выцягваць з кішэняў нейкія паперкі, газетныя выразкі i цэлыя газеты, нібы рыхтаваўся да доўгага даклада.
— Вы не ўздумайце апраўдвацца, — папярэдзіў яго Малашанка. — А то ў вас ёсць такая прывычка — даказваць, што чорнае — белае.
— Не, я не думаю апраўдвацца, — хутка запэўніў ён i як бы ў доказ адсунуў ад сябе ўсе свае паперы на сярэдзіну стала. — Усё, што сказаў таварыш Кандыба, правільна ад пачатку да канца. Вінавата рэдакцыя. Я… я, таварышы, вінаваты. Я абмежаваўся тым, што пазваніў таварышу Бародку. Але я паверыў яму, паверыў слову першага сакратара райкома, — з крыўдай i папрокам у голасе павярнуўся ён да Бародкі.— Я табе паверыў, Арцём Захаравіч. Каму, як не табе, ведаць сваіх людзей! Каму? — Ён змоўк i не спускаў з Бародкі вачэй. Той глянуў на прамоўцу, усміхнуўся i дакорліва паківаў галавой.
— Нервы, таварыш рэдактар…
— Але, Арцём Захаравіч, нервы, — сумна згадзіўся Стукаў i сеў.
— Таварыш Бародка, ваша слова.
Арцём Захаравіч устаў, паправіў гальштук i акуратна паставіў шклянку побач з графінам.
— Не адмаўляю, што таварыш Стукаў званіў мне. Помню — была такая размова ў нас. Але ў мяне ў гэты час i шло пасяджэнне бюро, было поўна людзей, здаецца, я нават выступаў у той момант, калі зазваніў тэлефон. Адным словам, быў заняты важнымі справамі…
— А лес чалавека — для вас няважная справа? — спытаў Малашанка.
Бародка хутка павярнуўся да яго.
— Не аб лесе ішла размова, Пётр Андрэевіч! Размова ішла аб крытычнай заметцы, якіх дзесяткі ў кожнай газеце. Рэдактар паведаміў, што ёсць пісьмо настаўнікаў, у якім крытыкуецца дырэктар. A ў таварыша Лемяшэвіча былі памылкі… былі, ён сам не будзе адмаўляць. Мне расказвалі камуністы, калгаснікі. Браў таварыш i чарку зрэдку, з былым старшынёй калгаса, са старшынёй сельсавета… І ў краме зачыняліся — быў такі факт… Мне таксама пра гэта расказвалі… Дык чаму, разважыў я, для карысці справы не пакрытыкаваць маладога работніка? Няўжо адразу трэба арганізацыйныя вывады? Крытыка — найлепшы метад выхавання…
— Дзіўна вы выкарыстоўваеце гэты метад, — сказаў Жураўскі, які знарок прыехаў на пасяджэнне бюро, бо пісьмы пра фельетон прыйшлі не толькі ў абком, але i ў ЦК. Гэта i шло не па яго аддзелу, але ён паехаў сам, калі даведаўся. Раман Карпавіч падняў газету з фельетонам. — А каб усё гэта была праўда — вы што ж, не рабілі б вывадаў?
— Таварышы! — Бародка легка паляпаў далоняй сябе па грудзях i сказаў з большай палымянасцю i пераканальнасцю: — Я не ведаў зместу ўсяго фельетона, я меў на ўвазе звычайную заметку.
— Няпраўда! — абурана выгукнуў Стукаў.— Я чытаў табе ўвесь фельетон!
Бародка паціснуў плячамі.
— Не помню. У мяне было бюро. Дарэчы, я не прывык вырашаць справы па тэлефоне.
— Пра нервы ты помніш…
— Пра якія нервы?
— Ты лаяўся, што не даюць спакою, што i без гэтага хапае клопатаў. Я раіў табе палячыць нервы…
— Глупства, палячыце свае, таварыш Стукаў. Фантазія ў вас журналісцкая… Не выдавайце плады сваёй фантазіі за факты… А мне сапраўды не да вашых рэдакцыйных спраў!
Стукаў расхваляваўся яшчэ больш, успацеў, падсунуў да сябе свае паперы, хапаючыся за ix, як за ратунак.
— І не веру я, што ў вас ішло бюро, у прысутнасці людзей так не размаўляюць!..
— Супакойцеся, таварыш Стукаў,— перапыніў яго Жураўскі, які спачатку ўважліва слухаў спрэчку паміж імі.
Стукаў зноў адсунуў паперы i выцер лысіну. Бародка злосна кінуў яму:
— Вам хочацца зваліць з хворай галавы на здаровую…
— Галовы аднолькавыя, — заўважыў сакратар абкома i сурова спытаў: — У вас усё, таварыш Бародка?