Крыніцы
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

Снег пайшоў больш густы. Ён залепліваў ветравое шкло машыны. Старанна матляліся «дворнікі», зграбаючы снег. Шафёр збавіў хуткасць і, нахіліўшыся да штурвала, пільна ўглядаўся ў дарогу. Разнастайныя па форме, па велічыні сняжынкі ляцелі, кружыліся перад машынай, віхрыліся збоку. Дзівосная i прываблівая прыгажосць была ў гэтым ix палёце i кружэнні. Яна зачароўвала, напаўняла адчуваннем няспыннасці руху, нараджала простую i зразумелую ўрачыстасць у душы i адначасова — нейкія неасэнсаваныя ўяўленні, казачныя ілюзіі, быццам, узіраючыся ў гэтую белую каламуць, Лемяшэвіч задрамаў i праваліўся ў нейкі іншы, нерэальны свет. Але i ад гэтага было таксама добра, як i ад адчування руху. І настрой рабіўся лагодны-лагодны, забываліся ўсе непрыемнасці, усе турботы жыцця. Не хацелася парушаць такой урачыстасці словамі. Мабыць, гэта ж адчуваў i Бародка. Яны моўчкі курылі.

Праз белую заслону мільгалі збудаванні прыгарадаў: невыразныя абрысы цагляных будынкаў, коміны, парніковыя рамы каля самай дарогі, коўш экскаватара, што выглядаў з заснежанага кар'ера, нейкія чорныя штабялі, мачты высакавольтнай лініі, старый сялянскія хаты.

Чалавеку, які не ведаў гэтых мясцін, як Лемяшэвіч, нельга было зразумець, дзе канчаўся горад, рабочы пасёлак i пачыналася веска, палі. Але Бародка ведаў тут усё да драбніц.

Уехалі ў лес, i сняжынкі раптам як бы запаволілі сваё імклівае кружэнне. Паабапал дарогі пацягнуўся бор з высокімі старымі соснамі, галіны якіх павіслі над шашой. На галінах асядалі, разбураліся зоркі сняжынак, i на дол павольна церусіўся снег, рэдкі, лёгкі. Адразу знікла адчуванне імклівасці руху, палёту, але з'явілася новае пачуццё — захапленне веліччу i хараством лесу. Паважна i ўрачыста кланяліся машыне рэдкія бярозы i дубы, на якіх дзе-нідзе звісала пад цяжарам снегу карычневае лісце. Сосны, падобныя адна на адну, як сёстры, стваралі ўзбоч дарогі суцэльныя сцены, велічна ўздымалі ў белае неба свае заснежаныя густыя шапкі. Уяўлялася, што пад гэтымі соснамі неяк асабліва ўтульна i нават цёпла. Не, не ўяўлялася, a ўспаміналася абодвум былым партызанам, бо некалі такі вось лес быў для ix сапраўды самым жаданым i надзейным прытулкам.

Арцём Захаравіч адчыніў бакавое шкло, выкінуў недакурак, сняжынкі халодным струменем уварваліся ў машыну.

— Добрая пароша заўтра будзе, — заўважыў Лемяшэвіч, выкідаючы свой недакурак.

Бародка хутка павярнуўся, у вачах яго бліснулі азартный агеньчыкі.

— Вы паляўнічы?

— Без стажу. Гады два як стрэльбу маю. Не забіў яшчэ ніводнага зайца, калі шчыра… На цецерукоў, праўда, хадзілі ўвосень…

— Заўтра субота, так? Слухайце, давайце ў нядзелю пойдзем на зайцаў. Цудоўныя мясціны ведаю.

— Я гатовы заўсёды, — згадзіўся Лемяшэвіч.

Шафёр з усмешкай паківаў галавой.

— У нядзелю парада льнаводаў, Арцём Захаравіч.

Бародка стукнуў сябе далоняй па лбе.

— Ах, чорт вазьмі! Я забыўся… І вось так кожны раз! Два гады не магу вырвацца. А я якраз паляўнічы ca стажам. З маленства.

Ён адвярнуўся, зноў закурыў i, не паварочваючы галавы, углядаючыся ў дарогу, сказаў:

— Вось… А вы кажаце… Для вас гэта проста — накупіў кніг i чытай… Надумаў на паляванне пайсці — пайшоў… A ў мяне тысячы спраў, i за ўсё б'юць. Усё ў галаве не месціцца… Вы, відаць, упэўнены, што я знарок зрабіў гэта? Прызнайцеся. — Ён зірнуў на спадарожніка цераз плячо.

Лемяшэвіч адказаў шчыра:

— Да пасяджэння не думаў, на пасяджэнні мяне пераканалі…

— Пераканалі? — Бародка ажно крактануў.— Кх-м… І вы рады перамозе?

— Я не аб сабе думаю. Паклёп быў узведзены на трох камуністаў i… на імя настаўніка… На імя! Помніце, мы гаварылі з вамі… A ўвогуле мне крыўдна за свайго партыйнага кіраўніка…

— Вы не будзьце ханжой, Лемяшэвіч. І не разважайце ў такім высокім стылі. Не люблю. Гэта — ад жадання паставіць сябе ў больш выгоднае i зручнае становішча ў спрэчцы з чалавекам, які не можа, не мае права, калі хочаце, даводзіць сваё на такіх жа высокіх нотах. Станьце на мае месца!

— А я вам скажу, што гэта не адзнака сілы — выстаўляць сябе пакутнікам: я адзін усё раблю i мяне аднаго б'юць…

Бародка рэзка павярнуўся, узлёг грудзьмі на сядзенне, у вачах яго бліснулі знаёмыя іскры гневу.

— Вы бязлітасны чалавек, Лемяшэвіч… Але не праніклівы, не аб'ектыўны… Ніколі ў жыцці я не скардзіўся, i ніхто, акрамя вас, мяне ў гэтым не папракнуў яшчэ! Вы пацэлілі пальцам у неба… Я пра іншае хацеў сказаць… Усе, хто вас пераканаў… усе ix доказы — алагічны… Я таксама мог пераконваць i даказаць, што ўсё — глупства, што нельга валіць усё ў адну кучу, як зрабіў паважаны Пётр Андрэевіч. Але я адказваю i за ваша імя, i за гонар Полаза, i за ўсё іншае ў раёне! Значыдца, ускосна — i за фельетон, за яго з'яўленне. Ускосна… Але паверце мне, як чалавек чалавеку, што я сапраўды не помню зместу размовы з рэдактарам; ён хлусіць, сукін сын, што ўсё чытаў. Паверце, што ў мяне i ў думцы ніколі не з'яўлялася адпомсціць вам за нашы спрэчкі. Я вышэй гэтага… Можаце вы паверыць?

— Хачу паверыць… Мне больш, чым каму іншаму, непрыемна ўся гэта гісторыя. Але… не верыць усім, хто выступаў на пасяджэнні… Не магу!

Бародка адвярнуўся, умясціўся на сядзенні зручней, i Лемяшэвіч бачыў, як налівалася густой чырванню яго шыя. «Няўжо гіпертонік?» — падумаў Лемяшэвіч, пачалавечаму шкадуючы гэтага на выгляд здаровага i дужага мужчыну.

Больш яны не вярталіся да гэтай размовы. Гутарылі пра іншае: пра паляванне, пра калгасы, паўз якія праязджалі.

У Крыніцах, мінуўшы школу, Бародка падвёз Лемяшэвіча да калгаснай канцылярыі, дзе якраз былі Валатовіч, Полаз, калгаснікі.

27

Лемяшэвіч так вывучыў дзесяты клас, што адразу пазнаваў настрой вучняў. А гэта надзвычай складаная i цікавая з'ява — калектыўны настрой. Асабліва складаны ён у юнацкім калектыве, дзе заўсёды мноства самых нечаканых адценняў радасці i ўзрушанасці, весялосці i смутку, трывогі i насцярожанасці.

Ён прыйшоў на ўрок i адразу ўбачыў: клас усхваляваны. Здараецца, што клас хавае свой настрой, i ніякія дапытванні ў такіх выпадках не памагаюць даведацца, што здарылася. Але гэты раз Лемяшэвіч адразу адчуў, што вучням хочацца расказаць яму пра прычыну сваёй узрушанасці. Сапраўды — даволі яму было ў канцы ўрока пачаць размову на агульныя тэмы, як Лявон Цялуша адразу паведаміў:

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 85
  • 86
  • 87
  • 88
  • 89
  • 90
  • 91
  • 92
  • 93
  • 94
  • 95
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win