Шрифт:
— Усю раніцу працавалі, Патап Міронавіч. На абед ідучы, зайшлі.
— Ну, я размаўляць не люблю. Скідайце! А не — дык самі ведаеце…
— Дык чым жа карову карміць, Патап Міронавіч?
— Я не кармілец вашых кароў, у мяне сваіх пяцьсот штук.
Па гэтых словах, уражаны i здзіўлены, Лемяшэвіч здагадаўся, хто такі Патап Міронавіч, i яго абурыла гэтае прысваенне калгаснага статка — «у мяне сваіх пяцьсот галоў». Выходзіць, адзін толькі ты i дбаеш пра калгаснае дабро, a ўсе іншыя — зладзеі!
— На, падавіся ты сваім сенам! — злосна, ca слязамі ў голасе, крыкнула маладая.
— Ну, ну, ты!
Лемяшэвіч выйшаў ca сваёй засады i хутка наблізіўся да месца здарэння. На тарфяністай вільготнай сцежцы, паміж кустоў, ляжала сена. Патап Міронавіч сядзеў на карачках i чыркаў запалкай. З сена падняўся белы дым, але, недасушанае, гарэла яно неахвотна.
Лемяшэвіч сігануў збоку i пад самым носам старшыні затаптаў агонь. Махнач падхапіўся, залішне спрытна для сваёй камплекцыі. Відаць, ад нечаканасці ён спалохаўся i часта моргаў вачамі, гледзячы на незнаёмага, які немаведама адкуль з'явіўся i адважыўся на такую дзёрзкасць. Жанчыны схаваліся ў кустах.
— Гэта ж навошта дабро паліць? Хіба ў вас так многа сена? — знешне спакойна спытаў Міхась Кірылавіч.
Тоўстая шыя старшыні ўміг налілася чырванню, часта закалыхаўся пад бруднаватай кашуляй вялікі жывот.
— Крадзенае, — прахрыпеў ён.
— Крадзенае? Канфіскуйце. Пакарайце за кражу. А паліць навошта ж?
— Хлусіць ён, таварыш начальнік! У лесе сярпом нажалі! — І маладая жанчына выйшла з кустоў на сцежку.
— А вы… вы хто?
— Я — дырэктар школы.
— А-а-а, — радасна, весела i здаволена працягнуў старшыня, упершыню глянуўшы ў вочы. — Культурная сіла! Інтэлігент! Так, так, так… Вось гэтак вы, настаўнічкі, памагаеце мацаваць працоўную дысцыпліну…
— А вы такім чынам хочаце ўмацаваць яе? Дзіўны метад.
— До-обра. Пра гэта мы пагутарым у іншым месцы. У іншым, у іншым, у іншым. — І, скрыжаваўшы рукі на жываце, Махнач пасунуўся па сцежцы да рэчкі.
Праз колькі дзён яны сустрэліся ў сельсавеце, як старыя знаёмыя. Махнач першы працягнуў руку i ні слова не сказаў аб здарэнні на лузе. Лемяшэвіч таксама змаўчаў. Ён спрабаваў распытваць пра старшыню i пачуў нямала надзіва супярэчлівых водгукаў: адны хвалілі Махнача, другія нязлосна кпілі з яго дзівацтваў, a трэція лаялі бязлітасна, з нянавісцю. Лемяшэвіч вырашыў паназіраць i зрабіць свае ўласныя вывады. Тая акалічнасць, што Махнач пры новай сустрэчы не выказаў ні крыўды, ні абурэння, ні знявагі, a паціснуў руку, характарызавала яго станоўча. «Значыцца, чалавек аб'ектыўны», — падумаў Лемяшэвіч. Але хутка ён адчуў, чаго варта гэтая аб'ектыўнасць. Адчуў адразу, як толькі звярнуўся да старшыні за дапамогай.
Прасіў, каб той дазволіў узяць з будаўнідтва калгаснага гаража аднаго чалавека — найлепшага муляра, якога параіў Шаблюк i з якім ужо дамовіліся. Трэба было толькі ўзгадніць са старшынёй калгаса.
Размова адбывалася на таку, каля малатарні. Махнач стаяў каля сцірты саломы, як заўсёды, утаропіўшы вочы ў зямлю i сашчапіўшы рукі на жываце. Увесь пыл i мякіна ад малатарні ляцелі ў яго бок, садзіліся на твар, на шапку, але Махнач як бы не заўважаў гэтага, бо ён знарок стаў тут, як толькі ўбачыў Лемяшэвіча, i зразумеў, што той хоча пагутарыць з ім. Малатарня гула, i таму гаварыць прыйшлося ненатуральна голасна. Лемяшэвіч выказаў сваю просьбу. Махнач насмешліва глянуў на яго i хутка закруціў вялікімі пальцамі. Лемяшэвіча раздражняла гэтая папоўская звычка — круціць на тоўстым жываце пальцамі, i ў яго каторы раз з'яўлялася жаданне спытаць, ці не быў часам паважаны Патап Міронавіч калі-небудзь манахам, але ён разумеў, што зараз такі жарт недарэчы. Шаблюк яго папярэдзіў, што дамовіцца з Махначом наконт муляра будзе нялёгка. Ён, праўда, заручыўся падтрымкай Валатовіча, але ведаў, што старшыня райвыканкома для Махнача — аўтарытэт невялікі. Махнач, як агню, баяўся Бародку, i таму Лемяшэвіч вырашыў пайсці на хітрыкі.
— Між іншым, я гутарыў з Бародкам. Гэта яго ідэя…
— Пра муляра гаварыў? — спытаў старшыня, недаверліва глянуўшы Лемяшэвічу ў вочы, што рабіў надзвычай рэдка.
— Гаварыў,— схлусіў Лемяшэвіч, хоць i непрыемна было гэта. «Скажу, што зблытаў Валатовіча з Бародкам. Я — чалавек новы тут… Мне можна блытаць».
Махнач доўга маўчаў, утаропіўшы позірк у салому пад нагамі, потым нездаволена прабурчаў:
— Добра. Бяры.
Тады Лемяшэвіч сказаў, што патрэбен конь i чалавек, каб навазіць гліны.
Махнач маўчаў так доўга, што дырэктара пачала апаноўваць злосць: пра што ён думае? Быццам ад таго — дасць ён каня ці не дасць — залежыць лёс усяго калгаса. Здзекуецца, мабыць.
— Ну, дык як гэта практычна ажыдцявіць, Патап Міронавіч? З якой брыгады ўзяць?
Махнач легка плюнуў на пальцы i моўчкі пацёр імі.
— Грошы? — Лемяшэвіч здзівіўся. — Слухайце… Гэта ж ваша школа! Вашы дзеці!
— У мяне дзяцей няма.
— Яно i відаць. Аднак як вам не сорамна! Старшыня калгаса, камуніст — i такія разважанні: «У мяне дзяцей няма». У калгаснікаў дзеці ёсць, калі ў вас няма!
— Колыгі вас такіх хоча за кошт калгаса жыць! — здзекліва, тонкім голасам, сказаў Махнач. — Ёсць закон…
— Ніхто не хоча жыць за кошт калгаса. А закон вы проста апашляеце, скажу вам шчыра. Другія калгасы будуюць школы, бальніцы, клубы… A ў вас з-за такіх вось адносін калгасны клуб разваліўся… У што вы яго ператварылі? У хлеў! Сорамна глядзець!
— Не ваша справа гэта! На сваю школу глядзіце!
— Не, мая справа! Я камуніст. Мая задача — выхоўваць маладое пакаленне. І мы вас, таварыш Махнач, прымусім прывесці клуб у належны выгляд!.. — Лемяшэвіч зазлаваў i не заўважыў, як залішне павысіў голас.