Шрифт:
Другая палавіна прышкольнага ўчастка ўяўляла своеасаблівае вопытнае поле: тут быў уведзены дзевяціпольны севазварот. Участак быў разбіты на роўныя «палі», на якіх раслі грэчка, бульба, канюшына, лён, пагойдваўся ячмень, віднелася пожня зжатага жыта. Перад кожным «полем» на сцежцы, што пераразала ўчастак, стаялі пафарбаваныя белыя слупкі з дошчачкамі, на якіх акуратна было напісана — якога года гэтае поле, што i калі на ім пасеяна.
Усё гэта спадабалася Лемяшэвічу. Ён сам раней меў не надта глыбокае ўяўленне аб севазвароце і, колькі ні чытаў пра гэта, ніяк не мог запомніць чаргаванне культур. Цяпер усё было перад вачамі i таму адразу запомнілася. Ён нахіляўся i чытаў надпісы на слупках, потым доўга разглядаў «палі». Даўно ўжо ён не адчуваў такой радасці ад пазнання новага. Наогул было прыемна стаяць тут i ўдыхаць своеасаблівыя пахі спелай збажыны, яблык, вільгаці, якой патхнула ад ручая, дыму, бо палілі ў печах, i ўслухоўвацца ў вячэрнія гукі.
На вуліцы рыкалі каровы. Недзе ў МТС моцна стракатаў матацыкл, заглушаючы ўсе іншыя дальнія гукі. У садзе стаялі два рамачныя вуллі i каля ix невялічкі саламяны буданчык. Калі Лемяшэвіч наблізіўся да яго, адтуль высунуўся чалавек i даволі няветліва спытаў:
— Якога чорта вы бадзяецеся тут у такі час? Я за вамі паўгадзіны назіраю. І каб вы сарвалі хоць адзін яблык… — ён не дагаварыў, што здарылася б пасля гэтага, але i так было зразумела. Лемяшэвіч крыху разгубіўся ад гэтай нечаканай сустрэчы i, не ведаючы, што адказаць на такія словы, паведаміў:
— Я новы дырэктар, — i наблізіўся, каб лепей разгледзець у паўзмроку незнаёмага. А той весела засмяяўся i, выпаўзшы з будана на карачках, устаў, працягнуў руку.
— Бушыла. Настаўнік, які павінен будзе вам падпарадкоўвацца, таварыш новы дырэктар.
— А-а, — мімаволі вырвалася ў Лемяшэвіча, пасля чаго ён назваў сваё прозвішча i спытаў: — А што вы тут робіце?
— Чаму — «а-а»? — дзёрзка спытаў Бушыла. — Вам гаварылі пра мяне? Арэшкін?
— Не, раней. У Мінску.
Бушыла каротка рагатнуў:
— Го-хо… Я i не ведаў, што я такі славуты, што i ў Мінску мяне ведаюць. Хто?
— Дар'я Сцяпанаўна.
— А-а, — у сваю чаргу працягнуў ён i ні слова не сказаў пра швагерку ці яе мужа.
Лемяшэвіч запомніў яго прозвішча, але не помніў, што вядзе ён у школе, i спытаў:
— Вы — біёлаг?
— Не, матэматык. І, прызнаюся, у зямлі корпацца не люблю. Касцюм не запэцкаеце — садзіцеся на салому. — І ён першы не сеў, a паваліўся, моўчкі пачакаў, пакуль сядзе Лемяшэвіч. — Ara, не люблю, хоць i вырас у сялянскай сям'і. Але людзей, якія гэта робяць, паважаю… якія любяць зямлю, разумеюць яе… Наогул, паважаю людзей, адданых справе… Вось гэты сад пасадзіў уласнымі рукамі чалавек, які жыве восьмы дзесятак. Ён жа падараваў i вуллі. A ўсё іншае зрабіла з вучнямі маладая настаўніца, біёлаг, Вольга Калінаўна Шукай. Курыце? Дайце папяросу. — Ёіі чыркнуў запалку, прыкурыў.— Гэтая дзяўчынка ўмее-такі працаваць… Ростам з вучаніду пятага класа, прыехала — нам боязна стала: што такое дзіцятка можа зрабіць з нашымі насмешнікамі i гарладзёрамі? Шкада нам было яе… А потым глядзім — у дзяўчыны энергіі на ўвесь калектыў хопіць. І ведаў, i любві да справы, i добрай чалавечай сціпласці — усяго хапае… Пакуль вучоныя мудрацы недзе спрачаюцца аб політэхнічным навучанні — яна на практыцы яго ажыццяўляе. Вось як!..
Лемяшэвіч, пасядзеўшы, таксама прылёг на бок, каб было ямчэй, i слухаў моўчкі, углядаючыся ў твар свайго новага знаёмага… Але сцямнела ўжо, i бачыць яго твар можна было толькі тады, калі ён асвятляўся агеньчыкам дыгаркі.
Ляжаць на пахучай саломе прыемна i ўтульна. Неяк нечакана змоўкла вёска, не чуваць было ні галасоў, ні шуму машын, толькі на рэчды глуха грукала турбіна i шумела вада. Цьмяна свяціліся рэдкія вулічныя ліхтары, больш ярка — вокны бліжэйшых хат. І зоркі на небе таксама мігцелі па-летняму ярка.
Лемяшэвіч быў здаволены, што Арэшкін не з'явіўся клікаць яго на вячэру. Яму захацелася праляжаць тут усю ноч. Бушыла падабаўся сваёй грубаватай прастатой, шчырасцю, a галоўнае — прыемна, што чалавек з такой павагай i прыязню расказвае пра другіх людзей. Зусім інакш, чым расказваў Арэшкін.
— Але… дзяўчынка гэта — скарб для школы. З-за ўчастка гэтага яна ў адпачынак баялася ехаць. Лезуць, чэрці, свае ж вучні, там кавуны растуць, бачылі? І яблыкі мічурынскія. Я сам некалі ў свой час на сады i гароды набегі рабіў. I 'аднаго гаспадара давёў да таго, што ён мусіў, гад, уляпіць мне зарад солі… Не даводзілася пакаштаваць солі мяккім месцам? Не раю… Памятаеш усё жыццё, чорт вазьмі!
Лемяшэвіч не вытрымаў i засмяяўся. З будана нечакана вылез сабака, загырчаў над самым вухам.
— Пайшоў, Жук, к чорту!.. Ляж! — крыкнуў на сабаку Бушыла i лагодна растлумачыў: — Стары дурань, толькі зараз чужога пачуў… Але, брат, адчуванне, я табе скажу… Ранены быў навайне — забыўся пра боль… А гэты, ад солі, i зараз добра памятаю…
— А што, у школе вартаўніка няма? — спытаў Лемяшэвіч, адчуваючы, што расказчык зноў здольны збіцца на якую-небудзь «соль».
— Вартаўнік — калгаснік. Яму таксама працадні трэба зарабіць, сена атрымаць. Вартуем вось… Падабралі групу вучняў старэйшых класаў i па чарзе вартуем… Пазаўчора аднаго дарослага злавілі, гультая аднаго… Сабачы сын! Няхай хлапчукі, а то — барадач… Сын — у інстытуце… Шкадую, што не мог пекануць яму солі. Больш не палез бы… Хто там ходзіць?
Бушыла змоўк, прыслухаўся. Каля школы сапраўды нёхта хадзіў. Пакратаў зачыненыя дзверы дырэктаравай кватэры, пастаяў на ганку і, мабыць, убачыўШЫ агеньчыкі цыгарак, кашлянуў i пайшоў у той бок.
— Арэшкін, — пазнаў Бушыла. — Мабыць, вас шукае. Ну, я з гэтым тыпам не жадаю сустракацца. Добрай ночы. — І ён спрытна нырнуў у будан.
Лемяшэвіч падняўся, таксама нездаволены з'яўленнем Арэшкіна.
4
Аксіння Хвядосаўна Снягір — удава, муж яе, былы раённы работнік, загінуў у канцы вайны ў званні маёра. Уцехай i радасцю ўдавы была адзіная дачка, Раіса, якой маці не магла нахваліцца перад людзьмі. Яна лічыла яе талентам, разумніцай i цвёрда вырашыла выхоўваць не так, як усе вясковыя, а па-культурнаму, па-гарадскому. Яна жыла для дачкі, для яе не шкадавала нічога — ні сіл сваіх, ні здароўя. Яна атрымлівала пенсію, на якую можна было б няблага жыць. Але ўсе гэтыя грошы траціліся на Раісу, толькі на. адну яе, бо гэта — яе грошы… Няхай жа яна ні ў чым не адчувае нястачы! Раіса хадзіла ў дарагіх сукенках, якіх не мелі нават настаўніцы. У хаце ix было адзінае на ўсё наваколле піяніна — яго таксама Аксіння Хвядосаўна прыдбала для дачкі, як толькі прыкмеціла яе жаданне займацца музыкай. Больш таго, яна наймала спецыяльную настаўніцу, якая раз у тыдзень прыходзіла з суседняга мястэчка, каб вучыць Раісу музыцы.