Крыніцы
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

І — дзіўная рэч — ніколі яшчэ ў жыцці Лемяшэвіч так нe хваляваўся. Заходзіў жа раней проста так, як заходзіць да добрых знаёмых i сяброў. А тут раптам адчуў сябе хлапчуком, вучнем перад суровым настаўнікам. І паўгадзіны хадзіў па вуліцы, міма дома, у якім жылі Жураўскія, i добрых хвілін пяць стаяў перад дзвярамі, не адважваючыся націснуць кнопку званка. Вядома, ён спазніўся. Жураўскія абедалі, i ў ix быў госць — загадчык сельскага райана з Палесся, Зыль Павел Васільевіч, — з таго раёна, у якім, як высветлілася, Жураўскі працаваў сакратаром райкома камсамола да вайны i райкома партыі — пасля вайны. За абедам госць расказваў пра справы ў раёне, пра віды на ўраджай (ішоў чэрвень), пра шматлікіх агульных знаёмых — старшынь калгасаў, сельсаветаў, настаўнікаў, партыйных работнікаў. Было відаць, што Жураўскія да драбніц ведаюць жыццё раёна.

Пасля абеду зайшлі ў кабінет, закурылі. Раман Карпавіч сеў за пісьмовы стол, разгарнуў дысертацыю i начапіў акуляры. Лемяшэвіч ніколі не бачыў яго ў акулярах, i гэтая акалічнасць надала моманту пэўную ўрачыстасць, у дысертанта зноў моцна забілася сэрца. Жураўскі не спяшаючыся пагартаў старонкі працы, потым сабраў аркушы, выраўнаваў, завязаў матузкі папкі і, палажыўшы на яе абедзве далоні, сказаў:

— Што вам сказаць, Міхась Кірылавіч? Прачытаў я, уважліва, добрасумленна. І не адзін я. Таварыш, якому я даваў чытаць, аўтарытэтны педагог, сказаў коратка: «Што ж, ступень прысвояць. Напісана роўна…» I я згодзен з ім… Але, напісана роўна, гладка. А больш цяжка што-небудзь сказаць. Разумееце?

Лемяшэвіч выцер хусцінкай лоб i ўздыхнуў, адчуўшы раптам такую палёгку — быццам камень з сэрца скаціўся.

Жураўскі скінуў акуляры, ад чаго зноў стаў звычайным, простым, падняўся i перасеў на канапу паміж ім, Лемяшэвічам, i Зылем.

— Вось так, Міхась Кірылавіч. Чалавек вы, безумоўна, здольны, i вучоны з вас можа быць. Але, ведаеце, што мне хочацца вам параіць, карыстаючыся правам старэйшага? Едзьце вы папрацуйце годзікі два-тры ў школе. Вось, напрыклад, да Паўла Васільевіча. Як ты, Павел?

— З радасцю вазьму.

— Дырэктарам у Крыніцы?

— Дырэктарам?!

— А вы не палохайцеся, Лемяшэвіч. Гэта на карысць вам. Вы — камуніст з дзевяцігадовым стажам. Тэорыі ў вас — нават замнога для дырэктара. А веска — курорт. З гэтай вёскі Дар'я Сцяпанаўна. Мы вам дамо пісьмо — i вас сустрэнуць цудоўныя людзі.

Такім чынам Лемяшэвіч апынуўся ў гэтай школе, у гэтых двух пустых пакоях дырэктарскай кватэры.

Старожка ўрэшце прыйшла, заглянула ў пакой, прывіталася.

— Дык гэта вы наш новы дырэктар? — спытала яна, як здалося Лемяшэвічу, ca здзіўленнем i нават нейкім расчараваннем. — І гэта ўсе вашы рэчы? Адзін чамаданчык?

— Не, яшчэ багаж недзе ідзе. Пасцель, кнігі i ўсё іншае… хоць, праўду кажучы, нічога няма. Я чалавек халасты, жыву па-салдацку…

— У нас вы ажэніцеся, — упэўнена заявіла жанчына, развесяліўшы Лемяшэвіча.

Была яна не старая яшчэ — год сорак, маленькая, рухавая, гаваркая — з ліку тых шчырых вясковых жанчын, да якіх адразу, з першага знаёмства, пранікаешся даверлівасцю i прыязню.

— Як ваша імя? — спытаў Лемяшэвіч жанчыну, якая пераносіла вазоны з аднаго акна на другое, расстаўляючы ix па свайму добраму густу.

— Дар'я Леванчук. Адаркай завуць.

— А па бацьку?

— Ат, не прывыкла я, каб мяне па бацьку называлі. Я ж не настаўніца. Пракопаўна. А дзе вы сталавацца думаеце, таварыш дырэктар?

— Не ведаю. Сам буду гатаваць.

Яна павярнулася i пільна паглядзела яму ў твар, каб пераканацца, жартуе ён ці гаворыць сур'ёзна. Зразу меўшы гэта, Лемяшэвіч знарок зрабіў задумлівы выгляд.

— Не раю я вам, таварыш дырэктар. Навошта гэта вам? Куды вы грошы будзеце дзяваць? Быў у нас адзін настаўнік, які сам гатаваў сабе… І хоць гэта было пасля вайны, жыццё тады якое было, пуд бульбы сто рублёў каштаваў, але ўсё адно з яго смяяліся, Хочаце, я вам такі стол знайду, што за год такое адгадуеце пуза, як у нашага старшыні калгаса?..

Лемяшэвіч засмяяўся, уявіўшы, які жывот у гэтага старшынi.

A cciiня, — прадаўжала Адарка, — калі хочаце, то паабедайце ў мяне. Я i на стол бы вас узяла, ды бедна я яшчэ жыву. Муж з вайны не вярнуўся, a ў хаце чацвёра малых… Праўда, старэйшы ўжо другі год у МТС, трактарыстам. Зарабляе трохі, але калгас, дзе ён працаваў, яшчэ за леташняе не разлічыўся з імі… Памажыце мне прынесці тую канапу, а то я сама не падужаю.

Ідучы да настаўніцкай, яна па дарозе хутка падмяла на ганку кватэры, прибрала са сцежкі аполак, цераз які яны з Арэшкіным двойчы пераступілі, выцерла пыл з лаўкі i зрабіла яшчэ некалькі спраў i ўсё гэта ў такім тэмпе, што ні хвіліны не прымусіла Лемяшэвіча чакаць. Ён ішоў следам за ёй, назіраў, як яна працуе, i на душы ў яго было надзвычай хораша ад знаёмства i размовы з гэтай простай жанчынай.

Пасля абеду ў Адаркі, якая пачаставала яго баршчом i дранікамі са смятанай, Лемяшэвіч агледзеў вёску i наваколле, заглянуў у сельсавет, але там, акрамя паштовага агента, нікога не было.

Ён пайшоў на луг, да рэчкі. Вярнуўся з рэчкі, дзе добра выкупаўся, калі ўжо зайшло сонца. Трошкі пасядзеў на ганку кватэры i вырашыў яшчэ раз агледзець свае ўладанні. Самым цікавым з усяго быў прышкольны ўчастак, з якім ён пазнаёміўся яшчэ ўдзень, у прысутнасці Арэшкіна. Сапраўды, гэты даволі ладны кавалак зямлі, што спускаўся па схіле ўзгорка ад школьнага двара да ручая, быў апрацаваны i дагледжаны рупліва, старанна, з любоўю. Палавіна ўчастка — пад маладым садам, на многіх з пяцігадовых яблынак паспявалі ўжо рэдкія, але буйныя чырванабокія яблыкі, пладаносілі i слівы, відаць, раней былі i вішні — аб гэтым сведчылі сухія костачкі пад дрэвамі, якія Лемяшэвіч заўважыў удзень.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win