Шрифт:
— Даргамыжскі,— i дадаў: — Люблю Даргамыжскага.
За піяніна зноў села Рая, акампанавала i спявала «Пшаніцу залатую».
Аксіння Хвядосаўна сядзела за сталом і, падпёршы шчаку далонню, з замілаваннем глядзела на дачку. І позірк гэты казаў: «Спявай, спявай, доню, ты ж у мяне самая прыгожая, самая разумная, i ніхто не спявае лепш за цябе!» Так прачытаў яе позірк Лемяшэвіч. І раптам ён пачуў другія галасы, другую песню. Яна ўзнікла нечакана, без акампанементу. Надзвычай выразныя дзявочыя галасы заглушылі піяніна. Спачатку здалося, што гэта радыё… Не, галасы жывыя, блізкія, моцныя i шчырыя. Лемяшэвіч выглянуў у акно i ўбачыў насупраць, на другім баку вуліцы, у такім жа адчыненым i ярка асветленым акне дзвюх дзяўчат. Гэта яны зачароўвалі сваім спевам. І, магчыма, не аднаго яго: сціхла Paica, сціхлі ўсе ў хаце.
Суседкі насупраць спявалі простую народную песню, якую Лемяшэвіч заўсёды любіў слухаць, — «Ой, не кукуй, зязюлеиька, рана». Асабліва прыемна i радасна было чуць яе тут, у гэтую ціхую жнівеньскую ноч, калі навокал пахне збожжам i яблыкамі.
I раптам — злосны смех i абразлівыя словы:
— Трашчаць, як сарокі. Аж агідна слухаць! Фальшывяць на кожнай ноце…
Paica стаяла каля піяніна, ганарліва ўзняўшы галаву, але выглядала яна ў гэтую хвіліну непрыгожай: на твары выступілі пунцовыя плямы, вочкі сталі маленькія i калючыя.
Аксіння Хвядосаўна ўздыхнула:
— Што за людзі! Як толькі Раечка заспявае, i яны… Гэта на злосць.
— А спяваюць яны хораша, — знарок сказаў Лемяшэвіч, як бы не разумеючы прычыны абурэння дачкі i маці. На самай справе ён адразу зразумеў ix «трагедыю»: дзяўчыну пераканалі, што яна найлепшая спявачка, талент, i раптам — саперніцы, ды такія, што могуць і першынство ўзяць, заваяваць увагу слухачоў. Раіса, не пазбаўлемая слыху, разумела i адчувала гэта, таму ненавідзела ix.
Вось яна ўжо ўзненавідзела i яго, Лемяшэвіча, за яго ацэнку, якую ён даў невядомым спявачкам. Глянула зняважліва — што вы разумееце ў музыцы!
Арэшкін сказаў аб'ектыўна:
— Таксама нашы вучаніцы, Міхась… Кірылавіч. Талентаў — поўная вёска.
Вуліцу асвяцілі фары машыны. Паўз самы кветнік прамчала «Пабеда». Раіса кінулася да акна i, калі чырвоныя агеньчыкі стогі-сігналаў павярнулі направа, у завулак, засмяялася.
— Бародка паехаў.
Арэшкін таксама засмяяўся, Аксіння Хвядосаўна, нахмурыўшыся, заўважыла:
— Разумны чалавек, a робіць глупства, — i пайшла на кухню.
Віктар Паўлавіч растлумачыў Лемяшэвічу:
— Сакратар райкома да нашай настаўніцы заглядвае, — i непрыстойна падміргнуў. Лемяшэвіча гэта непрыемна ўразіла.
Ідучы да школы, ён доўга думаў пра людзей, з якімі пазнаёміўся за дзень. І чамусьці думкі вярталіся да аднаго — да начнога візіту сакратара райкома. Відаць, пра гэта ведаюць усе. Смяюцда… Непрыстойна жартуюць такія, як Арэшкін. Вучням таксама ўсё вядома. У вёсцы нічога не схаваеш. У душы расло абурэнне супроць гэтага чалавека, якога ён бачыў адзін раз, раніцой у райкоме, i які спадабаўся яму там: просты, энергічны, вясёлы.
5
Перад пачаткам уборкі МТС атрымала новыя камбайны. Хоць нарады на ix мелі даўно, але, як здаралася не раз ужо, з'яўленне новых машын не прынесла кіраўнікам станцыі асаблівай радасці: не хапала камбайнераў.
Тэрмінова склікалі партыйны сход. Пасля даклада дырэктара аб тым, што «перад намі, таварышы, стаяць вялікія задачы», сядзелі, чухалі патыліцы, раіліся — як выйсці з гэтага цяжкага становішча.
Дырэктар Цімох Панасавіч Рашчэня пасля даклада абмяк, спацеў, раз-пораз выціраў вялікай хусцінкай твар i ўмольна прасіў:
— Таварышы, дарагія, не курыце.
Яго крытыкавалі — ён маўчаў. Не першы раз. Ды i нельга не згадзіцца: усё правільна, што тут кажуць. Ён вінаваты. Безумоўна. Але што ён мог зрабіць? Галоўнае — не хвалявацца. Але паспрабуй не хвалявацца, калі на тваю сівую галаву — усе шышкі. Ён цяжка ўздыхае. Эх, Цімох Панасавіч, рознае было на тваім жыццёвым шляху, але, здаецца, ніколі не было так цяжка. Каб не гэтая хвароба, ты мог бы яшчэ разгарнуць свае шырокія плечы былога грузчыка! Але дзе там!.. У мінулым годзе Рашчэня захварэў i месяцы дваі праляжаў у Мінску ў бальніцы. Ачуняў. Але на развітанне прафесар сказаў яму: «Галоўнае — не хвалюйцеся, дарагі Цімох Панасавіч, для вашага здароўя — гэта першая ўмова».
І вось ужо год ён сваё жыццё падпарадкоўваў гэтаму правілу: як мага менш хвалявацца. Усё рабіць спакойна. Але для гэтага трэба праходзіць міма ўсяго таго, што можа расхваляваць, не заўважаць недахопаў. 1 ён амаль што навучыўся рабіць так. Але неяк нядаўна глянуў вакол сябе, на сваю работу i жахнуўся: усё ідзе ўніз. Былі сігналы i раней, што Крыніцкая МТС пачынае адставаць, з ліку лепшых пераходзіць у апошнія. Гаварылі на раённай партканферэнцыі. Рашчэня маўчаў, ён цяпер не выступаў на вялікіх сходах — каб не хвалявацца. Уздыхаў. Крыкуноў хапае, яны знаходзіліся нават тады, калі МТС трымала першае месца ў вобласці i пераходны сцяг.