Крыніцы
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

— Колькі з мяне? — спытаў Лемяшэвіч, дастаючы з кішэні кашалёк.

— Чацвяртак, — адразу адказаў шафёр, ляснуўшы далонямі i пацершы імі як бы ад здавальнення, што атрымае такую суму.

— Дваццаць пяць рублёў? — здзівіўся Лемяшэвіч. — Па рублю за кіламетр? Нішто! Гэта вы з усіх так лупіце?

— Не-э… Толькі з упаўнаважаных. Яны камандзіровачныя атрымліваюць. — Цяпер ужо хлопец стаяў насупроць, з цікавасцю разглядаў свайго пасажыра, i ў карых, падзіцячаму ясных вачах яго скакалі агеньчыкі жартаўлівага смеху.

— Паўлік, а можа, гэта i не ўпаўнаважаны. Можа, настаўнік, — адгукнулася з кузава гаманкая жанчына. — Зараз яны з'язджаюцца хто адкуль.

— Настаўнік? — хутка спытаў Паўлік, перапыніўшы старую.

— Настаўнік, — усміхнуўся Лемяшэвіч.

— Тады ганіце пяць карбованцаў.

Атрымаўшы грошы, шафёр весела пажадаў шчаслівай дарогі. Калі машына ўжо кранулася, сарамлівая дзяўчына, якая праз усю дарогу толькі неяк таямніча ўсміхалася, крыкнула:

— Данілу Платонавічу прывітанне перадайце!

Лемяшэвіч доўга глядзеў услед машыне. Чацвёрты чалавек перадаваў прывітанне старому настаўніку, імя якога ён упершыню пачуў ад Жураўскіх! Гэтая акалічнасць, а таксама размова з простымі i шчырымі людзьмі ў машыне, кароткае падарожжа цераз палі, дзе ўсюды кіпела работа, сустрэчы ў райцэнтры усё перажытае за дзень нарадзіла ў сэрцы нейкае вельмі светлае пачуццё. Лемяшэвіч з радасцю адчуў, што зніклі ўсе сумненні, ваганні: ці правільна зрабіў ён, што перапыніў вучобу, кінуў сталіцу i паехаў сюды, у гэтую «палескую глуш»?

Ёв стаяў i думаў пра здарэнне, якое толькі што адбылося. Ці быў гэта толькі жарт шафёра? Ці, можа, сапраўды людзі так адносяцца да ўпаўнаважаны. х? А як тады разумець стаўленне да настаўніка? Павага гэта ці нешта іншае? Прыгадаўся другі выпадак, які адбыўся раніцой у раённай чайной. Пасля бяссоннай ночы ў цягніку яму не хацелася есці, i ён папрасіў афіцыянтку прынесці пяцьдзесят грамаў гарэлкі. Дзяўчына прынесла сто пяцьдзесят i, калі ён паўтарыў сваю просьбу, здзівілася:

— Усяго пяцьдзесят? У нас ніхто па столькі не п'е. Толькі настаўнік адзін ёсць, дык той, калі прыходзіць у раён, па дваццаць пяць грамаў заказвае, i то не адразу выпівае. — І яна пырснула смехам.

Магчыма, адным толькі i праславіўся чалавек на ўвесь раён, што выпівае па дваццаць пяць грамаў. Нельга сказаць, што благая слава, але ўсё-такі прыкра чуць пра такое, як прыкра i крыўдна было слухаць пра іншае, што расказвалі ў райана — пра сістэматычныя п'янкі былога дырэктара Крыніцкай школы: «Гэтым жа ўвесь калектыў i ўсе бацькі абураліся».

«Але… многа патрабуецца ад настаўніка, а тым больш ад дырэктара, якому належыць выхоўваць i вучняў i настаўнікаў. Ну, што ж, гэта i добра. Для таго я i ехаў, каб лепш зразумець людзей, жыццё…»

Лемяшэвіч закурыў, агледзеўся. Навокал рассцілалася поле, яшчэ даволі стракатае: за жаўтлявым спелым жытам зелянела бульба, з другога боку — сінеў лубін. Паабапал вузкай палявой дарогі, па якой яму належала ісці, ляжала ржышча; жыта ўбіралі камбайнам, на полі засталіся кучы саломы i віднеліся сляды шын. Відаць, дождж перапыніў уборку: удалечыні, каля бярэзніку, дзе канчалася ржышча i зноў пачыналася жоўта-белае мора жытоў, нерухома стаяў камбайн.

Лемяшэвіч падняў чамадан, партфель i даволі шпарка рушыў па дарозе ў напрамку Крыніц.

Каля бярэзніку ён сустрэўся з высокім чалавекам у гэткім жа, як у яго, саламяным капелюшы i ў белым пінжачку. Чалавек выглянуў з-за бярозак неяк раптоўна, знянацку, быццам сядзеў там у засадзе, i адразу ж, з адлегласці добрых крокаў дзесяці, прывітаўся: падняў капялюш.

— Mary здзівіць вас. Я здагадваюся, хто вы. Што? Не верыце? А?

— Чаму? Веру. — Лемяшэвіч спыніўся, паставіў на зямлю чамадан, чакаючы, пакуль незнаемы падыдзе.

— Вы наш новы дырэктар. — Чалавек працягнуў руку i назваў сябе: — Загадчык навучальнай часткі Арэшкін, Віктар Паўлавіч.

— Вельмі прыемна. Лемяшэвіч.

Яны моцна паціснулі адзін аднаму рукі, як добрыя сябры i старыя знаёмыя, i пайшлі далей побач. Арэшкін хоць i быў вышэйшы ростам, але крочыў паважна, не спяшаючыся, i імкліваму, хуткаму ў рухах Лемяшэвічу прыйшлося запаволіць сваю хаду, a калі ён парушыў рытм, рэчы пачалі замінаць.

Арэшкін тлумачыў сваё з'яўленне тут, далека ад вёскі:

— Гуляю… У нас тут гадзіну назад навальніца была. Чуеце азон?.. Дыхаць легка. А? I, ведаеце, маланка ледзь не забіла механіка МТС.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win