Шрифт:
Наталля Пятроўна засталася працаваць з эпідэміёлагамі. Увечары вярнуўся Клім i з удзячнасцю паведаміў: Галька ў бальніцы адчувае сябе зусім добра. Тады стомленай Наталлі Пятроўне страшна захацелася дадому, да сваёй дачкі. І хоць час быў позні, яна папрасіла Кліма запрэгчы каня i завезці яе ў Крыніцы.
34
Завіруха сціхла, у прасветліны паміж хмарамі выглядаў малады жартаўнік-месячык: гляне — схаваецца, праз хвіліну зноў зірне на заснежаную зямлю. Але з парваных ветрам хмар усё яшчэ сыпаўся снег, лёгкі, іскрысты. Дарогу зусім занясло, ехалі не па шляху, паміж прысадамі, а збоку, па полі, дзе снегу было менш. Конь то правальваўся на ўзмежжы па чэрава, то на ўзгорках трапляў на голую зямлю i спыняўся.
Сядзець у цяжкім кажусе было нязручна — млела спіна, i Наталля Пятроўна лягла. Сняжынкі пяшчотна цалавалі вусны, вейкі… Пахла сена. Цудоўна зімой пахне сена! Ад яго летняга водару робіцца дёпла i пачынае здавацца, што пахне снег. А можа, сапраўды снег убірае ў сябе няўлоўныя пахі адвечна жывой зямлі?
Прыемная стома разлілася па целе — стома чалавека, які сумленна папрацаваў i мае поўнае права адпачыць. Хораша на душы, легка, светла! Здаецца, што ніколі яшчэ яна не адчувала такой радасці, такога шчасця ад таго, што не пусціла гора ў людскую хату, што перамагла бязлітасную i страшную сілу — смерць. «Так, гэта — шчасце, шчасце не толькі Насціна, Клімава, Гальчына, але i мае! Каб заўсёды было так легка, так радасна… Каб не ведаць трывог… неспакою». Яна схамянулася, бо зноў убачыла перад сабой Міхася Кірылавіча з яго позіркам. «Што ты хочаш ад мяне? Навошта так глядзіш на мяне? З любоўю i нянавісцю… Цябе абурае, што мяне так сватаюць?.. Добра, я прызнаюся: я кахаю цябе… Божа мой! Што я кажу!» Яна спалохана ўзняла галаву i глянула на шырокую спіну Кліма — ці не пачуў ён яе думак? Не, ён спакойна цмокаў на каня, тузаў лейцы. Конь фыркаў. Сняжынкі сталі большымі i гусцейшымі. Збоку мільгалі цьмяныя агеньчыкі.
— Дзе гэта мы, Клім Фёдаравіч?
— А мы Задуб'е аб'язджаем па лузе. Па вуліцы нельга праехаць, столькі намяло.
Наталля Пятроўна заплюшчыла вочы. «Як там мая Леначка? — Але дарэмна яна хацела заняць увагу думкам! пра дачку: ён не адступаў, ён стаяў побач. — Так, я кахаю цябе. Але баюся цябе, баюся за Лену… Навошта ты прыехаў? Я жыла спакойна, нішто мяне не трывожыла… Я працавала, гадавала дачку. Зразумей жа ты, — ледзь не са слязамі прасіла яна, — не магу я. Ты ж — педагог, ты павінен гэта зразумець… Я тры гады адмаўляла Сяргею. Тры гады!.. А ён… ён — цудоўны чалавек, спакойны, просты… Я яго ведаю больш, чым цябе. Ён вельмі добры чалавек! I я… — Яна ўсхвалявана ўзрадавалася сваёй думцы. — Так будзе прасцей… Да гэтага ўсе падрыхтаваны, нават Лена… Ніхто мяне не асудзіць, наадварот — вітаць будуць… А ты… ты прыстойны чалавек, ты не станеш дамагацца кахання замужняй жанчыны. І адразу ўсё стане на сваё месца. Сяргей i Ленку ніколі не пакрыўдзіць — я ўпэўнена ў гэтым…»
Яна доўга пераконвала сябе, што Сяргей — найлепшы чалавек i што самае разумнае, каб захаваць свой аўтарытэт, павагу ад людзей, свой спакой i спакой дачкі,— выйсці за яго. Каб больш не вяртадда да гэтых думак, яна пачала размову з Клімам пра паездку ў раён, потым — пра справы ў брыгадзе (гэта была самая адстаючая брыгада, i Валатовіч нядаўна змяніў там брыгадзіра).
Непрыкметна прыехалі ў Крыніцы. Веска спала: не працавала станцыя i людзі, прывыкшы да электрасвятла, рэдка карысталіся лямпамі. Толькі дзе-нідзе свяціліся вокны, галоўным чынам у хатах, у якіх былі вучні старэйшых класаў, ды на кватэрах настаўнікаў.
Развітаўшыся з Клімам, Наталля Пятроўна забегла на ўрачэбны пункт, пакінула там інструменты, кажух, памылася і, супакоеная, але з нейкім смуткам у душы, быццам страціла нешта вельмі дарагое, рушыла дадому.
Праходзячы паўз школу, яна ўбачыла асветленыя вокны дырэктарскай кватэры i спынілася каля ўваходу на школьны двор, дзе сыходзіліся шматлікія сцежкі, пратаптаныя вучнямі. Вокны прываражылі яе, яна не магла адарваць ад ix вачэй, як дзіця ад прываблівай таямніцы. Што там, у гэтых пакоях, за гэтымі простымі фіранкамі?
Калыхнулася ў адным акне постаць чалавека. Яна адчула, як моцна забілася сэрца. Гэта — ён! Што ён робіць? Адзін ён ці з кім-небудзь? І недзе ў глыбіні душы шавяльнулася штосьці жаночае, раўнівае — пачуццё, якога яна даўно не ведала ўжо. «Можа, там Сяргей? Ён часта сядзіць тут позна…»
Думаючы гэтак, яна непрыкметна для сябе апынулася на школьным двары, па другі бок агароджы. Сэрца яе з кожным крокам білася ўс. ё мацней i мацней.
Яна аглянулася. Цяпер немагчыма адступаць: а раптам хто-небудзь назірае!
«А што я скажу, калі зайду? Як растлумачу сваё з'яўленне? — У яе заняло дыханне, яна прыціснула рукі да грудзей. — Я скажу… я скажу, што шукаю Валатовіча, што трэба тэрмінова машына ці конь завезці ў бальніцу хворага».
Яна ўзрадавалася гэтай нявіннай хлусні i рушыла ўперад смялей, хоць зусім не падумала, што можа здарыцца, што Валатовіч будзе тут, у гасцях у Лемяшэвіча.
«А навошта табе ісці? — пытаўся ў яе голас розуму, але яна адганяла яго, стараючыся перахітрыць самую сябе. — Я гляну, як ён жыве, мне ні разу не давялося пабыць у яго на кватэры… А мне цікава, як ён жыве…»
Яна спынілася перад ганкам, адчуўшы здрадлівую цяжкасць у нагах, быццам да ix падвесілі пудовыя пры.
«Калі ён пачне дапытвацца — хто? не адкажу i пабягу назад», — вырашыла яна, каб падбадзёрыць сябе.
Але ён нічога не спытаў, ён адчыніў адразу i так хутка, што яна не 'ўправілася апомніцца. І не здзівіўся, убачыўшы яе, a вельмі ўзрадаваўся, быццам доўга-доўга чакаў, засумаваў, але цвёрда верыў, што яна абавязкова прыйдзе.
— Наташа! — прашаптаў ён i тут жа, на парозе, абняў i пацалаваў у вусны. Яна не адштурхнула яго. Але ёй чамусьці захацелася плакаць, слёзы душылі яе, яна не магла вымавіць слова, пакуль Міхась Кірылавіч, абняўшы за плечы, вёў яе ў пакой. Тут яна ўсміхнулася яму вінавата i збянтзжана. А ён зноў пачаў цалаваць яе вусны, шчокі, вочы. Тады яна сказала: