Шрифт:
Але чым лягчэй рабілася маці, тым цяжэй i страшней рабілася самой Наталлі Пятроўне. «Навошта я гавару ўсё гэта? Навошта я хлушу? — пакутліва думала яна, нахіляючыся над дзяўчынкай. — Я ніколі не хлусіла. Чым я суцешу гэтую гаротную жанчыну, калі яна памрэ? Што я скажу? Не, не, я не дазволю, каб памерла!.. Яна павінна жыць! Жыць! Гэта i мае шчасце, i мае жыццё! Што я трызню? Пры чым тут мае жыццё?»
Праз гадзіну яна ўвяла ўсю дозу сывараткі. Гэта балючы ўкол — унутрымышачны, але дзяўчынка не заплакала. У яе падымалася тэмпература, яна страчвала прытомнасць. Наталля Пятроўна спалохана ўзяла яе на рукі. «Толькі спакойна! Толькі спакойна! І сачыць за сэрцам! Божа мой! Толькі б вытрымала тваё маленькае сэрцайка! А я зраблю ўсё, каб ты жыла».
Маці кінулася да яе з крыкам:
— Яна памірае! Доктарка, даражэнькая!
— Не бойцеся. Калі ласка, не бойцеся!
Але яна сама бачыла, што чакаць нельга, пакуль пачне дзейнічаць сываратка, — малая не вытрымае, хвароба задушыць яе, бо пачала ацякаць шыя. Трэба аперыраваць! Але як? Яна рабіла колькі разоў трахеатамію. Але ў такіх умовах, на вачах у маці, якая ад гора страціла розум, рабіць такую аперацыю — рэзаць горла… Немагчыма! А што магчыма? Што магчыма? Інтубацыя? Гэта лепей — бяскроўна, i ў яе ёсць усё неабходнае. Але яна рабіла гэтую аперацыю толькі адзін раз, калі была на курсах удасканалення. Рабіла з дапамогай сястры, з санітарамі. І ў кнізе напісана — толькі ва ўмовах бальніцы i з вопытным персаналам! A калі памірае дзіця?! Калі нікога блізка няма вопытнага?
— Сама зраблю! — не падумала, а голасна i рашуча сказала яна i хутка пачала рыхтавацца.
Калі ўсё было гатова, яна падала дзяўчынку бацьку:
— Трымайце вось так ногі, рукі. Не шкадуйце, калі хочаце, каб яна жыла!
Але калі яна бязлітасна раскрыла дзяўчынцы рот расшыральнікам, Насця зноў кінулася да яе:
— Ой, не трэба!
Наталля Пятроўна адпіхнула яе.
— Не перашкаджайце!
Аперацыя ўдалася. Лёгкія атрымалі паветра цераз трубку, i дзяўчынцы адразу стала лягчэй, яе палажылі на ложак, i яна хутка заснула. Наталля Пятроўна выпрасталася, выцерла касынкай пот, уздыхнула i папрасіла вады. Гэта быў самы цяжкі момант у яе практыцы. Выпіўшы вады, яна села на ўслон каля стала. Сеў i Клім каля грубкі, на нізенькі зэдлік, па-старэчаму згорбіўшыся. Толькі маці больш не адыходзіла ад ложка. Цяпер дзяўчынка дыхала бясшумна, роўна, але часта ўздрыгвала, расплюшчвала вочкі. Наталля Пятроўна падышла да яе, наклала на рукі шыны, каб яна не сагнула ix i не выцягнула трубку. Дзяўчынка спіць, нітачка ад трубкі, прывязаная да вуха, ляжыць на яе бледнай шчацэ. Гэта ўжо амаль перамога! Наталля Пятроўна зноў села каля стала i… заснула: ішла чацвёртая гадзіна ночы, a ў яе быў цяжкі дзень. І ёй прыснілася… Вясна… Май. Яна ідзе з Лемяшэвічам па знаёмым лузе, што за ракой, па густой i высокай траве, па кветках — такіх яркіх, што ад ix балюча вачам. Міхась да болю прыціскае яе руку i шчасліва смяецца. А ёй страшна. Яны падыходзяць да лесу, які чамусьці моцна шуміць, хоць ветру i няма, i бачаць за дубамі Сяргея. Ён сочыць за імі. Міхась хапае яе на рукі, прыціскае да грудзей i хоча бегчы ўцякаць. Але трава аблытвае яму ногі, i ён… не можа зрушыцца з месца i ўсё мацней прыціскае яе да грудзей. У яе баляць шчака i рука…
Яна прачнулася. Сапраўды, самлела рука, на якой яна ляжала, i баліць шчака, бо прыціскалася да гузіка на рукаве халата. Яна ўспомніла сон i ўся ўздрыгнула. «Што гэта са мной робіцца? Каторы раз ужо сню яго. І так дзіўна!»
Яна прыгадала вечар, як ён не зводзіў з яе вачэй, як сустрэліся ix позіркі. Як ён паглядзеў! «Ён пачуў, як сватала мяне Даша. Даша разумная, а не можа зразумець… Не, Даша праўду кажа, Сяргей — добры, разумны… Што гэта я? Пераконваю сябе, п р ы м у Iii аю паверыць, што ен добры. Пачынаю хітрыць сама з сабой. Што з табой, На талля Пятроўна? Ці табе ў твае гады думаць пра гэта? Мае гады! A ці ведала я ў свае гады сапраўднае шчасце? Ці ведала я шчасце сям'і? Муж, дзеці… Нават гора ў сям'і пераносіцца лягчэй…» Яна схамянулася, падышла да хво рай.
— Спіць, — ледзь чутна прашаптала маці, яна сядзела на табурэце каля ложка i не зводзіла вачэй з дачкі.
— Вы таксама прылеглі б, Насця… Адпачніце.
— Што вы, доктарка! Хіба я засну? А вы ляжце, я на ляжанцы паслала… Дай Бог вам здароўя!
Разбудзіла яе гадзіны праз дзве спалоханая Насця. Ад кашлю вылецела інтубацыйная трубка, i дзяўчынка зноў пачала задыхацца. Прыйшлося паўтарыць гэту цяжкую i складаную аперацыю. І так — тройчы за раніцу. Малую гэта так напалохала, што яна ўся дрыжала, калі Наталля Пятроўна набліжалася да яе, i клікала на дапамогу:
— Мамачка!.. Мама! Ратуй мяне, мамачка!
Наталля Пятроўна сама ледзь трымалася на нагах. Яе раптам пачало раздражняць выццё ветру, ляпанне аканіц i манатонны нудны скрып за акном.
— Што гэта… скрыпіць?
— Бяроза, — адказаў Клім. — На дварэ шалёны вецер.
Яна зморшчылася.
Ён апрануў кажух i ўзяў пад лаўкай сякеру. Яна ўспомніла пра бярозу i спыніла яго:
— Не трэба. Што вы! Не трэба секчы!
— Ды там адна галіна… Упіраецца ў аканіцу… Я даўно хацеў адсекчы яе.
Дзяўчынцы стала лепш. Наталля Пятроўна прылегла i зноў заснула. Калі прачнулася, то ўбачыла, што на дварэ даўно ўжо дзень, хоць завіруха гуляе з ранейшай сілай i ў снежнай каламуці не відаць нават хат на другім баку пасёлка. Нельга было i думаць пра тое, каб вывезці хворую ў раённую бальніцу на кані. Трэба лячыць тут i адначасова змагацца, каб хвароба не перакінулася на іншых дзяцей. Яна сама пайшла па хатах — папярэдзіць дарослых, агледзець малых. Аднаму хлопчыку з падазронымі налётам! ў горле ўвяла сываратку. Потым шукала па хатах брыгадзіра, правальваючыся па калені ў сумёты. Брыгадзір з групай мужчын выпіваў. Прычыну выпіўкі ён растлумачыў проста: «Усё адно на двор нельга носа высунуць». Яна папрасіла каня i паслала аднаго юнака, аматара прыгод, у Крыніцы з запіскай да Анны Ісакаўны, каб тая неадкладна паведаміла ў райздраў, выклікала санітарную машыну, эпідэміёлагаў, прыслала медыкаменты i паглядзела там за Ленай.
Калі яна вярнулася да сваёй хворай, Галька не спалохалася яе, а сустрэла кволай, сарамлівай усмешкай, быццам прасіла прабачэння за ўсе клопаты. Наталля Пятроўна зразумела, што небяспека мінула, што пачаў дзейнічаць самы надзейны сродак — сываратка. Ад радасці на вейках у яе заблішчалі расінкі.
— Вось мы i перамаглі! — упэўнена паведаміла яна.
— Буду за вас Богу маліцца, родная вы мая! — плакала ад радасці Насця.
Машына з раёна прыйшла толькі на наступную раніцу, калі трохі сціхла завіруха, ды i то дабралася яна толькі да Задуб'я. Два кіламетры захутаную малую неслі на руках — бацька, маці, сястра з райбальніцы.