Крыніцы
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

— За вас!

— А за мяне? — пажартавала Дар'я Сцяпанаўна.

— І за вас, за ўсіх, — сумеўся ён. Наталля Пятроўна таксама пачырванела.

Гутарка за сталом рабілася ўсё больш шумнай.

— Не, Раман Карпавіч, гэта зверху здаецца, што інакш быць не можа… Я таксама думаў, будучы ў райвыканкоме…

— Адам Макаравіч, дай, браце, грыбкі!

— Схадзі, Сцяпанка, прынясі яшчэ…

— Не, вы паслухайце, вы станьце на месца старшыні, у адзін тыдзень зразумееце, што гэта такое — планаванне зверху…

— Не вырашайце дзяржаўных праблем за чаркай!

Але да слыху, да свядомасці Лемяшэвіча даходзілі не

гэтыя гучныя выказванні мужчын, a ціхі шэпт дзвюх жанчын. Ён стараўся не слухаць, стараўся скіраваць сваю ўвагу на другі край стала, запярэчыць каму-небудзь, каб пачаць спрачацца, — i не мог.

— Не прыкідвайся, Наташа… Ты чыніш гвалт над сабой… над пачуццямі…

— Лена… Ёй трынаццаць год…

— Мы не ўмеем лічыць грошы. Што робяць нашы эканамісты? Я не разумею, навошта рамантаваць ламачча, якое мы рамантуем. Мы больш затрачваем…

— Даводзьце. Вы — гаспадары.

— У нас на паперы вялікія правы, а на справе — план i ніякіх размоў.

— Вось… Toe ж, што з планаваннем пасеваў…

— Табе страшна слова айчым. Ды хіба ж Сяргей такі чалавек? Хіба ў вас такое будзе жыццё?

— Госці дарагія, давайце яшчэ па маленькай. Чуеце, што робіцца на дварэ, пад такі свіст толькі i выпіць. Налівай, Сяргей!

— Але, злуе зіма.

— Няхай, больш снегу — больш хлеба. A які яшчэ клопат у хлебароба?

— Толькі з ім ты будзеш шчаслівай. Я не таму, што… сястра яго…

— Божа мой! Я паважаю яго, але…

— А ты снегазатрыманне зрабіў? А то змахне з поля.

— Ого! Снегазатрыманне ў нас у гэтым годзе, як ніколі! Налі там жанчынам, Кірылавіч!

Лемяшэвіч наліў у чаркі жанчын густой вішнёвай настойкі, але яны нават не глянулі.

— Не, ты не ведала яго, сапраўднага жаночага шчасця, — Дар'я Сцяпанаўна, захапіўшыся, сказала ўголас.

Наталля Пятроўна сціснула яе рукі, аглянулася, i позірк яе сустрэўся з яго позіркам.

Адзін міг глядзелі яны адно аднаму ў вочы. Але як глядзелі! Кажуць, любоў i нянавісць заўсёды побач. Дык позірк Лемяшэвіча адбіў абодва гэтыя пачуцці ва ўсёй ix страшнай i зразумелай для яе глыбіні. Яна жахнулася. Выпусціла рукі сяброўкі, прыціснула свае да грудзей i, апусціўшы вочы, цяжка ўздыхнула.

— Дык што ж, за ўраджай гэтага года? — прапанаваў Валатовіч.

— Вып'ем за ўраджай, Наташа, — сказала Дар'я Сцяпанаўна, падымаючы сваю чарку.

— Будзе ўраджай, Павел Іванавіч! Будзе! Я паўвека зямлю ару i ведаю, калі ён будзе, a калі не! — казаў, крыху ап'янелы, Сцяпан Яўменавіч.

— Па зіме?

— Не па зіме — па людзях. Як людзі працуюць!

— Правільна, бацька! Добра сказаў!..

— Хочаш, я пагавару з Ленай?

— Не, не…

Уліта Антонаўна, якая бясконца падносіла закускі i прысаджвалася на адну хвіліначку то каля аднаго, то каля другога, відаць, здагадалася, пра што шэпчуцца старэйшая дачка з доктаркай. Падышла, села каля Наталлі Пятроўны, сказала проста, сардэчна:

— Наташачка, не мучай ты яго i сябе… Сохне ён па табе, свету не бачыць.

Лемяшэвіч хмыкнуў i кінуў недарэчны i нават бестактоўны жарт:

— Не мучце людзей, доктар.

Жанчыны паглядзелі на яго здзіўлена, але кожная здзівілася па-свойму, бо па-рознаму зразумелі яго.

Лемяшэвіч схадзіў на кухню — проста так, вярнуўся i сеў побач з Сяргеем.

Гадзін у адзінаццаць, калі ўжо спявалі песні i танцавалі, Наталлю Пятроўну запрасілі да хворага.

Чалавек, з галавы да ног аблеплены снегам, з пугай у руках, выклікаў яе на кухню. Яна выслухала яго, вярнулася i з парога вінавата ўсміхнулася, як бы просячы прабачэння.

— Дазвольце падзякаваць вам, дарагія гаспадары…

— Куды? — спытала Дар'я Сцяпанаўна.

— У Топаль.

Топаль — самы дальні пасёлак сельсавета, кіламетраў за сем ад Крыніц.

— Ой-ёй, сур'ёзнае што?

— Дзіця.

— Машына не пройдзе? — спытаўся Жураўскі.

— Дзе там! — азваўся з кухні чалавек. — Да нас i да завірухі гэтай не было дарогі. А цяпер — не ведаю, як на кані дабрацца.

Усе з маўклівым спачуваннем глядзелі на Наталлю Пятроўну. А яна ў душы радавалася, што вырываецца адгэтуль: упартае сватанне Дашы ўсхвалявала яе; акрамя таго, яна ўвесь час баялася, што, падпіўшы, могуць пачаць размову пра гэта ўголас, уцягнуць Сяргея, будуць прымушаць яе дань адказ.

— Вазьмі кажух, Наташа, — клапатліва прапанавала Уліта Антонаўна.

— Кажух у мяне ёсць, — азваўся чалавек з Топаля.

— У такую пагоду не зашкодзіць лішні, ногі лепш хутай, — як роднай, наказвала старая.

Наталля Пятроўна не пярэчыла. Яна хутка апранула паліто, накінула на плечы кажух, доўгі, да самай падлогі, па-дзявочаму шпарка павярнулася, падмёўшы кажухом паўхаты, i выбегла.

33

Дзіця — дзяўчынка чатырох год, худзенькая, з тонкімі ножкамі, з шырокімі блакітнымі вочкамі, задыхалася. Маці, жанчына пажылая ўжо, насіла яе на руках па хаце i не прыгаворвала, не суцяшала, a роспачліва етагнала. Калі Наталля Пятроўна загадала ёй пакласці малую на ложак, маці, паслухмяна выканаўшы загад, кінулася ёй на шыю i загаласіла:

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 105
  • 106
  • 107
  • 108
  • 109
  • 110
  • 111
  • 112
  • 113
  • 114
  • 115
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win