Шрифт:
Ён выбраў такі момант. Раман Карпавіч пазваніў дадому:
— Даша! На абед чакай госця. Якога? Сама ўбачыш. Праз паўгадзіны будзем.
— Гэта вы пра мяне? Дзякую. Не пайду.
— Далікатныя вы парабіліся. Сяргея пазаўчора ледзь зацягнуў!
— Баюся, Раман Карпавіч. Злачынства зрабіў…— Лемяшэвіч хацеў за жартам схаваць усхваляванасць. Але Жураўскі адразу ўбачыў, што гэта не жарт, a сапраўды нешта сур'ёзнае, i насцярожыўся, напалоханы выпадкам з Беларыбкіным.
— Ажаніўся.
Раман Карпавіч зарагатаў.
— Сапраўды, злачынства! Тры дні назад — нікому ні слова. І раптам… Але чаму табе баяцца Дашы?
— Чаму? Бо ажаніўся я… ведаеце, з кім? — Ён раптам наблізіўся да стала i амаль шэптам, таямнічым i радасным, паведаміў: — З Наталляй Пятроўнай…
— З Марозавай? — Жураўскі ад здзіўлення ўтуліў галаву ў плечы, як бы жадаючы схавацца ад усей гэтай навалы. — Чакай, ні чорта не разумею. Мяне Даша пераконвала, што праз тыдзень Наташа будзе жонкай Сяргея.
— Вось таму i баюся… Яна сватала, а выйшла інакш… Разумееце, усё здарылася нечакана. Я кахаў яе, яна — мяне… Я маўчаў, паважаючы Сяргея. А яна… яна не змаўчала. А Сяргей нічога яшчэ не ведае. Мы разам ехалі, мне варта было сказаць яму, але я не мог, не хапіла адвагі. I цяпер на душы пагана. Не ведаю, як сустрэнуся з ім.
— Але, гісторыя. Як у песні. Сяргею нялёгка будзе, я ведаю яго характар. Але кажуць — сэрца не прымусіш… Хадзем да Дар'і Сцяпанаўны. Яна больш спрактыкаваная ў гэтых пытаннях.
— Не пайду.
— Баішся? — засмяяўся Жураўскі.— Як цябе, такога баязліўца, пакахала такая жанчына?
— Не, не таму, што баюся. А ведаеце, па-мужчынску, не хочацца ў такі час многа гаварыць на гэтую тэму.
— Разумею.
— Паеду да Наташы. А вас прашу, Раман Карпавіч… І Дар'ю Сцяпанаўну… Сяргей, відаць, заедзе да вас, поезд позна прыходзіць… Скажыце яму, пагутарце… падрыхтуйце… Каб не было для яго знянацку… А то ляпне якінебудзь дурань… Каб не так балюча было яму.
— Ну, сілу болю яго нам не ўведаць. Будзем спадзявацца на яго светлы розум. Што ж, ляці. Мае віншаванне i найлепшыя пажаданні Наталлі Пятроўне.
36
Ніколі — ні нават у дзіцячыя гады, ні ў гады поўнай сталасці — у характеры, псіхіцы чалавека не адбываецца такіх раптоўных змен, паваротаў, не мяняюцца так хутка густы i погляды, як у юнацтве. A калі ўлічыць, што кожны юнак i дзяўчына, як правіла, лічаць сябе цалкам сталымі людзьмі i цвёрда вераць у непахіснасць сваіх поглядаў, то можна зразумець, як хваравіта, цяжка перажываюць яны гэтыя нечаканыя змены.
Так здарылася з Раісай. Яна ўвесь час лічыла сябе самай сталай у класе, лічыла, што яна ўсё разумее i ўсё ведае — усе таямніцы жыцця, i што яе аднакласнікі, нават такія, як разумнік Лявон i працаўнік Алёша, — дзеці ў параўнанні з ёй. Яна лічыла, што поўнасцю падрыхтавана, каб уступіць у вялікае i прыгожае самастойнае жыццё, а таму i мае права на дружбу з настаўнікамі.
Не ўмеючы адрозніць паказное ад сапраўднага, яна ўсё ў жыцці i паводзінах Арэшкіна прымала за праявы высакароднасці i інтэлігентнасці. І раптам гэты інтэлігент чытаў чужыя пісьмы. Яна не ведала, якім чынам Аляксеевы пісьмы, большасць з якіх яна адразу ж, прачытаўшы, знішчала, траплялі да яго, але сам факт яе моцна ўразіў. Дагэтуль яе больш хвалявала нелюбоў вучняў да Віктара Паўлавіча, чым яго прыдзіркі да Аляксея: так яму i трэба, няхай не вельмі задзірае нос! І апошняе здарэнне ў класе яе ўсхвалявала толькі ў сувязі з пісьмом, ды яшчэ той адкрытай варожасцю, якую праявілі да яе аднакласнікі. У тое, што Алёша не вернецца ў школу, яна не верыла i мала калі ўспамінала яго;
І раптам гэтыя провады. Усё нарабілі яны. У яе надоўга засталося ў памяці: цішыня, непрыемнае шарканне па падлозе чаравіка кульгавай Ніны; разгублены, спалоханы, непрыгожы, варты жалю Віктар Паўлавіч… Як ён ікнуў i выскачыў! Чаго яна заплакала? Ёй раптам стала шкада сябе. Не, спачатку ёй стала шкада Алёшы, які пайшоў невядома куды сярод зімы, а потым ужо сябе. Таму яна заплакала. А потым гэтая манашка Ніна са словамі (хто яе прасіў лезці не ў сваю справу!): «Я ж ведала, што ты яго кахаеш. Ты проста сама сябе падманьвала. Алёшу нельга не кахаць».
Вось з таго часу i засталіся ў яе душы незразумелы жаль, адчуванне сваёй віны i гэтыя недарэчныя словы, што сказала Ніна. Тады яна пайшла дадому, доўга плакала адна ў хаце i ўвесь час думала пра Алёшу. Уначы таксама думала. А пасля на ўроках, забыўшыся, часта азіралася — ці не сядзіць ён на задняй парце?
Яна пачала пазбягаць Віктара Паўлавіча. Амаль заўсёды, выдумаўшы тую ці іншую прычыну, уцякала з дому, калі да ix прыходзіла Ядвіга Казіміраўна. Ішла на другі канец вёскі да гэтай жа самай кульгавай Ніны, якую не любіла. Але да каго іншага з сябровак ісці не адважвалася. Зрэдку заходзіла да Данілы Платонавіча, калі там не было ні дырэктара, ні доктаркі i калі ўдавалася выдумаць, што ей абавязкова трэба пачытаць тэрмінова якую-небудзь кнігу па літаратуры, гісторыі ці геаграфіі. Аднойчы, калі яна сядзела ў Данілы Платонавіча i чытала крытычны артыкул, стары нечакана спытаў:
— Рая, ты ведаеш, дзе Алёша?
Яна спалохалася i адказала не сваім голасам:
— Не. Я не ведаю.
Рая чакала, што сам Даніла Платонавіч скажа, дзе Алёша. Ён не сказаў. Ёй увесь вечар хацелася спытаць — дзе ж ён? — але яна не адважылася.
А пасля ёй зрабілася яшчэ больш пакутліва. Чаму яна не ведае, дзе Алёша? Так нельга, яна павінна ведаць, бо ўсё гэта здарылася з-за яе. Яна перамагла свой гонар, хоць гэта было вельмі i вельмі нялёгка, i спытала ў Каці, ці не ведае тая, куды паехаў Алёша. Каця ведала — Рая зразумела па яе вачах, — але таксама не сказала. Чаму? Гэта так бязлітасна, так не па-сяброўску, што Рая зноў плакала дома ад крыўды. Хіба можна так сурова караць за тое, што яна была неразумная? Ад яе адвярнуўся ўвесь клас. Хіба ім цяжка зразумець, што яна стала іншай? Рая не ведала i не здагадвалася, што i Каці было нялёгка, што яна, магчыма, адзіная шкадавала яе i разумела больш, чым іншыя. Але месцазнаходжанне Алёшы пакуль што трымалася ў сакрэце, i таму Каця вырашыла параіцца з тымі, каму даверана была гэтая тайна самім Алёшам, — з Лявонам i Валодзем.