Быў. Ёсць. Буду
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

"Над полем месяц двухрогі..."

Над полем месяц двухрогі, А мне ў цішыні палявой Адна пралягла дарога: Да вокан любай маёй. Яна кахае другога, І як ні падай да ног Убранага кветкамі бога, - Ён не ўратуе, бог. Свяшчэннікі ўсёй паднябёснай Кахання не вымаляць мне. А суцешаць хіба што сосны І роднага неба свінец. Каб глядзеў я ў вочы іконе, Як у вочы лепшай з дзяўчын, - Узялі б мяне ў божае лона, Ўзвялі ў апостальскі чын. Каб бегаў я ў божую хату Так, як пад хату тваю, - Мяне б серафімы крылатыя Жывым пасялілі ў раю. 

"Данеслi добрыя людзi..."

Данеслі добрыя людзі (А я спакойны чамусь), Што жыццё пачало паскудзіць Былому Каханню майму. Колькі ж годных яна абсмяяла! Колькі чыстых на сметнік звяла! Піравала яна, гуляла, Ў божы рай па трупах ішла. Гэта толькі пачатак гісторыі: Будзе ёй яшчэ на зямлі Безвыходней куды і горай... Так, як мне праз яе калісь. Сёння плачуць слязой яе вочы. Заўтра - кроў яна з іх пралье... Але гэта не я ёй адплочваю. Гэта лёс ёй спаўна аддае. Б'е за шчасце маё, і за мукі, І за ўсё, што аддаў сатане... . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Але, божа, анёл ці гадзюка - Ўсё ж была яна часткай мяне. Твой закон, і права, і сіла, І таму не малю за сябе... . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Бог даруй, бог - цябе памілуй, Хай сабе і ў смяротнай журбе.

Стары певень

Жабруюць хаты. Штук дваццаць даўно, Сорак восем сляпых звіў бур'ян пятлёй, І ўрэшце адзін павадыр: акно, А за ім жывое святло. Забітая кожная з хат, як труна, Вёска вымерла. Ў ёй толькі хлюпам звярэць. І жыве там бабулька адным-адна... Котка. Певень. І пяць курэй. Ноччу мулка. І шэпча яна ў невідно: "Не паспее тройчы"... І вось у туман Загарлае певень, што доўжыцца ноч. І чакае. Адказу няма. І сыноў, і суседзяў ёй трызніцца крок, Як жывы, неадчэпны падман... Загарлае певень, што чэзне змрок - А хору ў адказ - няма. Хто ў тайзе, хто ў стэпе. Свой гай парадзеў, А калі ўрэшце прыйдзе драма, Загарлае певень, што блізкі дзень - І хоць бы хто падтрымаў. Калі хвошча залева на ўвесь небакрай, Калі спіць пад снягамі трава, Гэты певень вартуе наш родны край. А вы? Ці не ганьба вам?

Ворыва на валах

Я гэта бачыў сам, хоць адышло: Ў апошні, можа, раз на белым свеце Ішлі быкі і ворыва плыло, А зверху - хмары, чырвань, сінь і вецер... Ідуць па ўзгорках, круглых і цяжкіх, За імі йльсняныя ў адвалах межы... Як старажытныя князі, быкі Маю радзіму на кавалкі рэжуць. З нябачнае лагчыны йдуць яны Да сонца, ветру, хмараў і разлогаў, На ўзгорак, велічны, як шар зямны, Бы два паўмесяцы, ўсплываюць рогі. Заплюшчу вочы - і перада мной Два цені йдуць пад крумкачынай зграяй, І рэжуць свет нарожнаю бранёй, І капыты - бы край мой папіраюць. Бялкі ў крыві, а капыты - ў гразі. І ўсё здаецца мне: нарогам-зборояй Быкі, як старажытныя князі, Маю радзіму на кавалкі крояць. Ў смяротны час - няхай прайшлі гады - Ў маё апошняе сальюцца слова, І сэрца раздзяруць на дзве паловы Аблокаў барва, сінь, трывожны дым, Радзімы твар, і горды, і суровы.

Домiк Багдановiча

Туі, Іудзіна дрэва і пілы агаваў. Пала сцежка жыцця на апошні, смяротны парог І разлілася ў тваю, як святло, неўміручую славу, Сонцу якой пазайздросцяць і космас, і людзі, і бог. Весняе неба не ведае, плакаць надалей ці годзе. Голлямі ўніз пацягнуўся праз хмары сонечны куст, Ў хатку, дзе згасла тваё беднае дваццацігоддзе, Ў хатку, дзе ўспыхнула сонцам любові твая Беларусь. Кажуць, разбураць цябе. Але хай сабе новая рана, Хай справядлівасць яшчэ раз будзе стаптана ў жыцці, - Гэты маленькі дамок праз акно тваёй ночы астанняй Будзе да скону зямнога ў вечнасць нашчадкам свяціць.

Бекеш, або Ода Ерасі

Балада 1555 года
Ў змроку, калі спалыхнуць над Гародняй байніцы, Еду размерана, повад аддаўшы каню, Еду паўз лобныя месцы, катоўні, цямніцы, Еду паўз ночы цямноцце насустрач далёкаму дню. Ляпае меч па баку - ну-тка, варта, хто возьме рукамі? Злосныя позіркі світак ядуць мае вочы, як дым. Ведаў бы хто з іх, што б'ецца пад гэтымі сабалямі? Ведаў бы хто, што палае пад гэтым берэтам маім? Ерась, вялікая маці, агонь ступакі твае ліжа. Хлопы не ведаюць, ярасці варачы страшны напой, Што я за іх ненавіджу, знішчальней за іх ненавіджу, Бо й аднавокая ярасць пакажа дарогу сляпой. Ерась, вялікая маці ўсіх народаў вялікіх, Выратуй сына свайго, што не будзе быдлець спакваля, Не падтрымае ў натоўпе аб дыбе звярыныя крыкі, І не падкіне нявінна ў вогнішча Гуса галля. Ведаю я за табою, што як бы ні катавалі, Як бы цябе ні прыдушвалі змрочных стагоддзяў валы - Не апявала ты статуй і догмы заўжды адмаўляла, Знаючы цвёрда, што смерць, што гніццё у патоках хвалы. Цемры князі і хлусні, што і праўдай і сонцам праклятыя, Лёд вашых зрэнак змяіных павольна паўзе за спіной. Як вы мяне ненавідзіце, д'яблавы адвакаты! Так, што... нянавісць клякоча ля лытак пагарды маёй. Я праязджаю праз чорныя мантыі, справы і душы, Нібы праз строй праязджаю, праз імі прыдушаны край, Крыкі людзей у катоўнях казань хлуслівую глушаць, Пекла штодзённае глушыць размовы пра баечны рай. Блізкі, здаецца, ды толькі не верце, што вам абяцаюць. Ён міражом адплывае, вясёлкаю перад гразой. І не нагнаць таго раю, павек не нагнаць таго раю, Як на найлепшым кані не дагоніць ніхто гарызонт. Веры адкідамі, смеццем будуць зваць цябе людзі, Пакуль у капішчах іхніх будзеш паўзці, нібы крот, Пакуль ты слухаць іх будзеш, і пакуль ты верыць ім будзеш, І пакуль будзеш скарацца ім, мой беларускі народ, Вашага бога не ведаю з раем рабоў і гаротных, Пекла яго не баюся, бо ўсё гэта ваша багно, Не клапачуся аб целе, ані аб душы бессмяротнай, Тым бессмяротнай, што зробіць, каб потым пагаснуць са мной. Тут пабудуйце свой рай. Бо ён у руках вашых чорных, Ў людзях на гэтай зямлі, людзях, што робяць свой лёс, Ў праве на праўду і слова, на светлы агонь непакорны, Ў праве на веру не браць, нават як скажа Хрыстос. Я з баганоснага племя, якое у турмы спускалі, Шылі ў дурацкі каўпак, рэзалі дзёрзкі язык. Але забылі вы тое, што колькі б вы нас ні цкавалі, Рацыю меў, праз стагоддзі, заўжды - ерэтык. Ветрык свабоды далёкай пяро на берэце ўзвівае, Вогнішчаў полымя злое ў вачах маіх дзёрзкіх гарыць. І паўстаюць папярэджаннем, якім да канца пагарджаю, Шыбеніц чорных "пакоі" на фоне далёкай зары.

Павешаным 1863 года

Калі ідуць на абардаж, І поўніць полымя прасцяг Да верху мачты - экіпаж Цвікамі прыбівае сцяг. Даўно здалася - нават сталь, - І толькі зараз - мы памром Пад сцягам, што ў прадонні хваль Знікае разам з караблём. Ў крыві краіны нашай бель, Прыходзіць час смяротных сноў, І нашай волі карабель, - Няскораны, - ідзе на дно. І сёння ў вечны наш працяг, У неба на світанні дня Уздымуць нас, як волі сцяг, Якому й богу нельга зняць.

Смяротная страта

Ігнату Грынявіцкаму, які сваім выбухам адпомсціў Аляксандру ІІ за 1863 год

1 сакавіка 1881 г. 
Карэта цара выязджае. (Гэткі на колах гадзючнік!) У канале Кацьчыным воды Да блізкага мора бягуць. Вось бомба. Хай з падлы смярдзючай, Хай з яго, ката народаў, Ката маёй Беларусі Зараз шматкі палятуць. Выбух. Той здох. Але І яго смерч асколкаў нізрынуў, Вось нясуць... Вось колюць... Пытанні... Гэта каб іншых гнаць. Не, ён ім не скажа, хто ён, "Ігнась Грынявіцкі" - не кіне, Гонару многа ім, гноям, Па імю, па бацьку, па прозвішчу, Гонару многа ім, шлюхам, Сыноў Беларусі знаць. З апошніх згасаючых сілаў (Пытанні... Пытанні... Пытанні...) Ён лепш успомніць пра тое, За што ён ішоў на замах. Успомніць Бабруйшчыну мілую, Майскую стужку Бярозы, Дняпро на райскім світанні, Белыя світкі ў лугах. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . І ў яго галаву адрэзалі, І ў сасуд са спіртам паклалі. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Спрэс трэслі усіх на допытах: "Хто гэта?! Хто гэта?! Хто гэта?!" Але галава маўчала... І людзі, вядома ж, маўчалі... Адзін толькі выдаў, паскуднік, І з тым перайшоў у нішто. І сяброў ягоных павесілі. Быў ранак сонечна-чысты. А ноччу, як развітанне, Калі іх везлі хаваць - У сінім небе начным, Сінім, як спірт празрысты, Ўсплыла чырвонага месяца Адсечаная галава.
  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win