Быў. Ёсць. Буду
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Тагасветнае

Сом вытрэшчвае глядзелкі сонныя: Ў Верхнім Царстве Смерці, па Той Бок, У чаўне пад ветразем чырвоным Праплывае невядомы бог. Сом, не спадзявайся ты на бога, Хай сабе ў яго і пара ног. Бог і сам не ведае нічога, Бог і сам на ростанях дарог.

Сведка

І было, і быллём парасло, Але сведкі гуляюць ракой... Рыба брохнула, Як вясло. У жыцці не бачыў такой.

Дуб

Ён быў царом дубоў. Над пушчай дзікай Ён узвыашўся, як над морам траў. І кожны жолуд, як радок вялікі, Для сонца новы парастак раджаў. І вось цяпер, калі яго быліны Жывуць у жылах кожнага, як кроў, З яго драўніны цяжкай робяць клінні Для пачынаючых мужнець дубоў. А ён, калі пачнуць крахтаць нябогі, Іх важна вучыць, - мудрасці нібы: "Што ж, дошкі будуць, - гэта ўсё нічога, Для гэтага ж існуюць дубы". Забыў свае змаганні і быліны, Забыў свае пакуты на зямлі, - Таму, што першыя свае галіны Не так, як ён, нашчадкі павялі. І ён глядзіць на іх, бы з мёртвай вежы, Не разумее іх святыя сны... А будучыня парасткам належыць, Бо на дубах былых растуць яны. Бо іх галінам шырыцца ў свабодзе, Бо іх карэнням глыб зямлі працяць, Бо іншыя яны, бо сем стагоддзяў Лес глебу рыхтаваў для іх жыцця... ...Стаіць над здзірванелай сцежкай згубы, Нібыта ўсім, што з ім было ў жыцці, Ўвасобіў да канца "ідэю дуба" І больш дубам няма чаго расці.

"Вецер ужо i лiстотай не кружыць..."

Вецер ужо і лістотай не кружыць, Золкі, начны вылізвае брук. І лету на змену прыходзіць сцюжа, І сон на змену пяшчоце рук. І што абдымаць цябе ззаду за грудзі, Лавіць нагою выгіб сцягна, Калі замест песні вясенняй будзе Зіма, забыццё і здрада сна? І як мне не гладзіць цябе з трапятаннем, І як мне не плакаць ад гора ў сне, Калі ты кожным сваім дыханнем Нібы адрываешся ад мяне.

"Вёслы мае разрываюць ноч..."

Вёслы мае разрываюць ноч Чорнай азёрнай вады. Іскра агню мне міргае: "Не збоч І прыплыві сюды". І ўяўляюцца ў з'явах асенняй тугі Валасы, цеплыня грудзей... А ў затоках дрыжаць і дрыжаць сітнягі Ў бясконцай асенняй вадзе. Ветравей, ты падзьмі над няўтульнай вадой, Панясі над прадоннем начным, Каб хутчэй у абдымках каханай маёй Я прачнуўся ў ложку маім.

"І тады закахалася хмара..."

І тады закахалася хмара... У паплавы, ад расы прамяністыя, І ва ўсю Беларусь маю чыстую, Ў мары бору, ў палёў абшары. І заплакала ад кахання, І слязою чыстай абмыла Ўсе абшары зямлі маёй мілай, Ўсе калыскі яе і магілы, Ўсе змярканні яе і світанні. І пад птушак зялёны гоман Нарадзіліся для абшараў, - Плод кахання бору і хмары, - Мой Дняпро, і Бяроза, і Нёман.

Наследаванне Байрану

Ты апусціла стрэлы вей - І гэта, як на снег вайны, На саван бітвы ў снах завей Бязгучна селі груганы. На веі слёзы наплылі - І гэта, быццам па вясне, Як брама райскае зямлі, Праз дождж вясёлка ззяе мне. Па ўсёй каханай старане З блакітных сноў спадае дождж - І гэта, - здаючыся мне, - Ты ўсмешку дорыш мне усё ж. І адышла зіма трывог, І ўстаў з нябёс герояў строй... І зноў ёсць май, і зноў ёсць бой, І зноў ёсць свет, і ў свеце бог. І свет - не пустка мне з табой. І бог - не пастка мне з табой.

"Закувала зязюля ў лесе празрыста-зялёным..."

Закувала зязюля у лесе празрыста-зялёным... Божа мой! Колькі год яшчэ жыць нам з табою і жыць! Ранак ціхай вясны! Ранак светлых пяшчотных палонаў! Ранак вечных спатканняў на роснай і цёплай, пахучай мяжы! І не будзе канца ні вясне, ні іскрыстай расе, ні каханню, І спрадвеку, давеку, магутныя, будуць яны Цараваць над вясенняй зямлёй, над гаямі у цёплым тумане, Над гаямі, дзе... Так нечакана прыгасла зязюлі куванне. Дзе ля касак прабітых міргаюць калматымі веямі сны.

"Ў бездарожжа для тых, каму шчасцiць..."

Ў бездарожжа для тых, каму шчасціць, Дагарае ўначы маё сэрца... Ты дала мне імгненнае шчасце, Я табе даў за гэта - бяссмерце. І калі ты падзякаю, болем Азарыла мне прорвы сусвету, Я сказаў: "Больш, напэўна, ніколі Мы на свеце не ўбачымся гэтым". І табе - хай нас людзі рассудзяць - Я зайздроснай аддзякую доляй: Ты - ніколі - мяне не забудзеш, Ты мяне не пабачыш - ніколі. Ў ноч самоты, і ў цемры магілы Будзе смага адна тваёй доляй: Ты забыць мяне будзеш не ў сілах, І са мною... ніколі. Ніколі.
  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win