Быў. Ёсць. Буду
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Юнацтва маё

О юнацтва маё! Як забуду цябе? Alma mater І догмы, навука і тлум... "Piramus et Thisbe... Piramus et Thisbe... Piramus et Thisbe... іuvenum..." [1] Як забуду? Завея акацый мяла Квецень па вулках крывых. Ты была, мая Цізба, была, была Пажаданая больш за ўсіх. Радасны боль, нясцерпны, як шкло Між сэрцам маім і тваім... І ніколі такога ні з кім не было І не будзе ніколі ні з кім. І развёў нас не леў і не востры кінжал, Не вакзалаў далёкіх агні, А гады пакут і няшчырых пахвал, Даносаў і брыдкай хлусні. І ведаў наклёп, як сэрца крануць, І нас аддзяліў сцяной, І паверыла ты, і змяняла вясну На шаўкі, што знасіла даўно. Але сэрца не можа забыць пра замах, Болем поўнае да краёў... Будзь праклятым, юнацтва маё, ў вяках! Будзь праклятым, юнацтва маё! Будзь праклятым!.. Каштаны квітнелі вясной, Хаваў нас бэзавы дым, І былі мы з ёю - адно, адно І ніколі не будзем адным. Што ж, не плачу. Паэзіі горды прыгон, І радок, што сталлю звініць, - Ўсё адкуў я на горне юнацтва майго, На яго пакутным агні. І праўды зніч, і подласці дым, І сілу мужную жыць, І тое, што веру ў сэрцы маім Нават смерць не можа забіць. І руку дагэтуль помніць рука. Сэрца помніць шчасце баёў... Блаславёна юнацтва маё ў вяках, Блаславёна юнацтва маё.

1

Пірам і Цізба юнакамі (прыўкраснымі былі)– Авідый.

"Страціў лес свой зімні чуб..."

Страціў лес свой зімні чуб, Ліст растраціў да манеты... І стаіць адзін адзеты За акном іржавы дуб. Дуб-мярзляк, скупеча-дуб Шмоццем голле сагравае... Вецер трэпле і матляе Жоўты зімні дуб. Вецер вые ў сотні труб, Снег з дажджом у шкло шпурляе... Стой са мною аж да мая, Браце мой, іржавы дуб.

Балада пра развiтанне 

Над пушчаю вецер гудзе, бы ў бядзе, І хмары імкнуцца рыссю. – Бязлітасны, чорны вораг ідзе. Бывай, о бывай, Марыся. Тут нельга больш. У адказ на крык Савіны рогат лунае. І душаць мову, і рэжуць язык, І шкаляроў разганяюць. І нават апоўдні на гонях туман, З адчаю хаця задавіся, І сіл няма, і вояў няма, І здрадзіла панства, Марыся. – Куды ж вы ідзеце? З лязом па лязу. Ноч. Месяц - і той змарыўся. – Мы пойдзем у пушчу, ў густую лазу, Ў разбойнікі пойдзем, Марыся. – Якая ў вас сіла? Пад ветрам дым? Князь першы - і той скарыўся. – Здабудзем волю, пакажам ім Ці косці складзем, Марыся. – А што, калі ён не здыме нагі З ніў, што зараз толькі чапае? – Тады мы спалім свае ачагі, Калыскі свае пашчапаем. – О, муж мой мілы! Святы, залаты! – О, бацька мой, праўдай абраны, Куды ж мне ісці, як загінеш ты? – У пушчу з сякераю, Яне. – А што як абодва? І ўсё без змен, Маліся ці не маліся? – Ну што ж, браць табе тады цэп ці бязмен, І ў пушчу ісці, Марыся. І месяц між хмар, як адчаю знак, І страшнае ў свеце світанне. Крывавы ўсход. І канчаецца так Балада пра развітанне.

"Нават сцюжым зiмовым вечарам..."

Нават сцюжным зімовым вечарам Або ўвосень, як зліва лье, Як цябе я на вуліцы стрэчу - Падгінаюцца ногі мае. Што казаць пра майскае ранне, Калі ў росах салоўка б'е? Што скажу я табе, каханы?.. Падгінаюцца ногі мае. Што скажу са сваёй гаротай? Хаты побач, а... кроч не кроч, Будзе тое ж: салоўка, журбота, Цыгарэтны агеньчык ля плота І маўчанне ў цёплую ноч. Будзе тое ж: начныя лукі Без світання. Салоўка пяе. Пакахай жа, вазьмі на рукі - Падгінаюцца ногі мае.

"Блякла-сiняе неба i чырвань галiн..."

Блякла-сіняе неба і чырвань галін. Уздыхае ветрык. Спадае ліст. Асцярожнае сонца з голых асін Выпаўзае на ціхі сінічы свіст. Ледзь хістаюцца ў небе галіны бяроз. Лёг спакой на іржышчы. Гумённы дым. Ярам рушыць павольна з дрывамі воз, І сарока няспынна стракоча над ім. У разведку за возам ляціць яна, Трэба край адшукаць, дзе пякуць бліны, Дзе кайстра, дзе ў ёўні жыве цеплыня, Дзе заснула сытасць да новай вясны.

Гляджу на тую, што спiць

Шапчу сабе ціха: "Ліліт". Ў акно - мяккі горны вецер. Няма прыгажэй на свеце Дзяўчыны, якая спіць. Ў міг гэты шкада мне ізноў Сваёй маладосці мілай... О, колькі па ёй пахадзіла Чужых і сваіх кіёў! І - хай не ўмірае любоў - Павінны мы ціха й зажурана Звыкацца з падношанай скурай Сябровак сваіх і сяброў. Вецер з гор і зялёны прыбой На твар твой бягуць і веюць, І ў сне дрыжаць твае веі... Лёс, злітуйся над табой!

Новая Атлантыда

Каб плыў судоў уратавальных дым, - А родны край знікаў навекі ў хвалях, - Я б лепей згінуў з ім, з яго апошнім жалем, Як жыў і мучыўся бязмерна - з ім.

Энкелад

Багі-забойцы за мужнасць маю Мне пакаранне знайшлі: Сіцылію ўсклалі на персць маю, Этну - на галаву маю, Морам - ногі мае залілі. Падушка каменная душыць мне рот, Я не ў змозе ні жыць ні сканаць. Я ляжу. Я ляжу. Дзесяць тысяч год. Я маўчу, нямы і сляпы, як крот, Але семя мне даў тытанаў народ, І калі пачынае рыкаць народ, Бо ідзе за праўду вайна, - Я ірвуся, ўздымаю скалаў прыгнёт, І падае ў мора сцяна. І ўстае да месяца край зямлі, І пажар ліжа сонца змяёй, І ў моры варацца караблі Ад агню любові маёй.

Я іду

"Калі ты ведаеш, на што здатнае каханне,

і калі ты мужчына, пашкадуй мяне,

не кажы "не" і дай мне ўвайсці..."

Надпіс на муры ў Пампеях
Надпіс моліць. Журба скамянелая, Быццам рана, гарыць на сцяне. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Даў ён шчасце, якога хацела? Ці кахаў? Ці паспеў?.. Ці не? Невядома. Ўсё сцерлі крыкі, Знішчыў полымем судны час. Засталася крыўда вялікая, Крык аб літасці. Гром у адказ. Як на смерць гэты дзень вязу я: Горад марыў і мрэла гара, Калі рынуў з глоткі Везувія Божы гнеў, божы гром, божы град. Гэтым гневам абезгалоўлены, Волат выплюнуў страшны салют, - Серны грыб, крывавы, суровы, - Як пергамент раздзершы зямлю. Адбягала вада ад берага, Ў бухце трушчачы караблі, Злівы з попелу, гразі, серы Проста з неба на горад плылі. На герояў, ад жаху спешаных, На раба, што жадаў забыцця, На дзяцей аднадзённых, бязгрэшных, І на ўсіх, нявартых жыцця. Дэман чорны, крывавы, агністы Прагна падаў з хмары, як крук, На твае валасы залацістыя, На клубы, на сцябліны рук. О, няўжо гэты воін ці мытар Не суцешыў цябе ў журбе?! Я б цябе і з Везувія вытаргнуў, Я б і з пекла вывеў цябе. Позна. Ў зыркіх маланках над ліўнямі, Ў гэтым д'ябальскім блісканні вей Ў поўдзень дваццаць дзевятага жніўня Ўпала ноч на зямлю Пампей. Ну, схлусіў бы!.. Хаця б перад лютай Гэтай смерцю, халодная кроў, Перад ноччу на двое сутак, А пасля на дваццаць вякоў. Камні гэтыя сочацца болем Горай страшнай пякельнай смалы... Дык чаму ж твой прызыў непатолены Больш за ўсё ў маім сэрцы баліць? Вось агонь гуляе святынямі, Гіне ў выбухах гор града... . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Калі нешта і зараз загіне, То адной любові шкада. Спапялёны такімі ж мукамі І патоплены ў той жа крыві, Да цябе я працягваю рукі, Твой двайнік па смерці й любві. Праз мільёны ўдараў і ранаў, Заступаючы шлях журбе, Мая даўняя, мая жаданая, Не крыўдуй, я іду да цябе.
  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win