Шрифт:
* * *
Што цмокаць дарэмна, калі атухаюць жароўні! Што мудрасць вякоў! Ты віном шчыра чару напоўні. Пі, пройдзе жыццё, і хадзіць будзе Месяц без нас Ад поўні да веташка, ад веташка да поўні. * * *
Дзе блізкі сябра той, чый слых бы ўраз спасціг Мой сказ, кім чалавек быў з першых дзён сваіх? Народжаны ў бядзе, на гліне гора замяшаны, Ён паблукаў крыху па свеце — і заціх. * * *
І да нас тут было цемрачы і святла, І нябёсы вярталіся з вечнага тла, Сцеражыся, ступай па зямлі ненахабна, Бо зямля зрэнкаю прыгажуні была. * * *
Выпі сам няшкоднага віна, Кубак мой напоўні са збана, Покуль з нас лёс ганчару закажа Збан зрабіць, давайма піць да дна! * * *
Высакароднасць кіпарыса і ліяны, Адкуль яны, з якой такой пашаны? У гэтай — дзесяць языкоў, і ўсе маўчаць, Той мае дзвесце — ўсе лянотаю звязаны. * * *
Нашто бедаваць па багацці зямным? Ці ты сустракаўся хоць з вечным адным? Як некалькі ўздыхаў пазычылі целу, Пазычанае не палічыш сваім. * * *
На чары рука і рука на Каране, Душа то ў святосці, то ў нечысці вяне, Пад мармуровым скляпеннем колеру бірузы Мы і не кафіры і не мусульмане. * * *
Што крыўдзіцца на невуцтва, як свет ліхі. Ад немачы сціскае сэрца боль глухі. Падперажуся зунаром, бо маю сорам За мусульманства за сваё і за грахі. * * *
У горадзе ў славе — мішэнь азлаблення людскога, У келлі ў самоце — мішэнь падазрэння сляпога, Найлепш, каб ты быў хоць як Хідр ці Ільяс, Ні цябе каб ніхто, ні каб ты сам не ведаў нікога. * * *
Убачыў птушку на сцяне дрымотнай Туса, А перад птушкай голы чэрап Нак-Кавуса. Казала птушка чэрапу: «Аднак! Аднак! Дзе голас звону, гром літаўраў? Дзе спакуса?» * * *
І чым так няміл я табе, небасхіл? Дзярэш майго шчасця сарочку штосіл, І вецер, што дзьме ў мяне, полымем робіш, І сушыш ваду ў мяне ў роце на пыл. * * *
З віном у руцэ, з локанам у другой Шчаслівы сядзіць незнаёмы з тугой, Ён п’е і не дбае пра небазваротнасць, Пакуль хмель не вытне салодкай нагой. * * *
Нябёсы дарэмна не робяць нічога: Даюць аднаго, каб украсці другога. Каб ведаў, што зробіць з ім лёс, чалавек — На свет бы ён не нараджаўся, нябога. * * *
Мы — лялькі, а неба — той лялечнік спрыту, Што глуха завесіў заслону з блакіту, Патузаюць нас на кіліме жыцця, І зноўку патрапім у куфар нябыту. * * *
Цвярозаму мне не адчуць асалоды, А ў п’янага розум слабее ад згоды. Прамежак між хмелем і яснасцю ёсць — Завецца жыццём, там я раб назаўсёды. * * *
Я горла наблізіў да горла збана, Каб сродак здабыць даўгажыцьбы са дна. Да губ маіх губы прыклаўшы, сказаў ён: «Як ты, быў і я, наша доля адна». * * *
Калі нагою смерці буду растаптаны, Рукою смерці, быццам птушка, абскубаны, Май літасць, каб мой прах збанамі толькі стаў, Мо ажыву я, ўчуўшы пах віна жаданы. * * *
Калі сканаю, абмыйце мяне чыстым віном, Багаславіце ў людской гамане чыстым віном, Знайсці захочаце ў дзень уваскрэсення, Дык прах шукайце мой у чайхане з чыстым віном. * * *
Тварэц сваю літасць выказвае сам. Ёсць лік і правінам тваім і грахам. Як п’яны ты сёння да смерці, дык заўтра Даруе тваім засмылелым касцям. * * *
Напэўна, травінка, што шэпча з пяском, У небападобнай была валаском. Не люта ступай на траву маладую, Бо вырасла з праху цюльпана крадком. * * *
Хто чуе голас розуму спрасоння, Быка ён доіць у тугі ў палоне. Лепш апранаху блазена надзень, За розум толькі пырнік купіш сёння.