Шрифт:
* * *
Хто дол стварыў, спадобіў неба даху, Трымае смутак сэрца ў вечным страху, Шмат поўняў твараў і рубінаў губ Схаваў ён пад зямлёй і ў скрыні праху. * * *
Сонца вечнага рання — гэта каханне, Птушка лугу світання — гэта каханне, Слодыч — не толькі адчай салаўя, Смерць сустрэць без вагання — гэта каханне. * * *
Дакуль жа будуць у жыцці фалынывасць і мана? Дакуль вінар жыцця віно мне будзе чэрпаць з дк Віною хітрасць і падступнасць, што жадаю Я рэшту дзён лінуць на дол, нібы глыток віна. * * *
Разбіў мой збан з віном без дай нагоды, о Божа! Ты зачыніў мне браму асалоды, о Божа! Віно пунсовае ты выліў на зямлю, Праклён мне, ці не п’яны ты заўсёды, Божа! * * *
Глык віна лепш ад царства Кавуса, За кароны Кубада і Туса, Ранні ўздых закаханага лепш За малітву двурушнага хлуса. * * *
Каханая, збан з піялой узнось, нібы хвалу, Кружыся каля ручая, ўся ўдзячная святлу, Бо гэты небасхіл красунь — саперніц поўні Ператвараў па сто разоў то ў збан, то ў піялу. * * *
Віначэрп, калі вокала мора жуды, Уцякаць ад сябе з гіблым сэрцам куды? А мудрэц, быццам посуд няведання поўны, Толькі вып’е глыток — і стае на гады. * * *
Сябры, як разам нас збярэцца многа, Давайце цешыцца красой адзін з другога, Мяне, як магаў, абнясуць віном, Згадайце добрым словам: быў нябога. * * *
У пыл і прах насельнікаў магіл Ператварыў няшчадны небасхіл. Што за віно: аж покуль Судны дзень той, Хоць нешта зразумець не маюць сіл. * * *
Хаям, таго саромеецца лёс, Хто прамяняў на смутак радасць кроз, Смакуй віно пад гукі лютні з чары, Пакуль на чару камень не падрос. * * *
Спачатку ружам небасхіл дасць на зямлі святло, Каб потым іх сарваць і зноў ператварыць у тло, Каб неба прах, нібы ваду, ўбірала, Да дня ўваскрэсення б кроў прыгажунь ліло. * * *
Як бразнуў учора аб камень я збан паліваны, Быў п’яны, таму разгуляўся мой гнеў расцугляны. А збан мне і кажа на мове патайнай сваёй: «Ты стаў, як і я, мы абодва не варты пашаны». * * *
Сказаў: «Не буду піць пунсовага віна, Віно ёсць кроў лазы, піць кроў — адна віна». А старац розуму спытаў: «Ці ты сур’ёзна кажаш?» Я зноў: «Мне піць як жыць. І мой зарок — мана». * * *
Бяздомнік, ты, як мяч гаўчана долі, Нідзе сябе не выкажаш ніколі. Той, хто на пошук кідае цябе, Сакрэт трымае, ўсё ў ягонай волі. * * *
Сонца пакінула рання аркан у блакіце, Кай-Хусроў поўдня ў чару кінуў шарык у спрыце. Пі віно, бо кахання світанкавы крык Паўтарыўся ў сусвеце рэхам радасці: «Піце!» * * *
Ці ёсць куток той, дзе знайсці спакой, Ці ўсё ісці дарогаю цяжкой? Хоць праз сто тысяч год бы мець надзею З зямлі травою прарасці жывой. * * *
Калі тварэц таго не захацеў, што я хацеў, Не загучыць тварцу, як хваласпеў, што я хацеў, Як тое ісціна, што ён хацеў, дык значыць — Грэх тое і ў тварца абудзіць гнеў, што я хацеў. * * *
А ганчар такі вылепіў чары галоў І ганчарства ў майстэрства высокае ўзвёў, Чару дном дагары над сурвэткай жыцця ён паставіў І напоўніў гаркотай яе да краёў. * * *
Той, хто стварыў мяне, ніяк я не згадаю, Стварыў для пекла ён мяне, а ці для раю. Кумір, барбіт і чара з краю нівы — Бяру гатоўкай, а яму — рай пазычаю. * * *