Дзе кумірні, як гурыі,— шлях мой туды,Хай не ведае кубак абразы вады.Кажуць: хай табе неба пашле пакаянне,Як пашле, адашлю, каб не ведаць нуды.
* * *
Нягодаў, што ў часе цякуць хуткацечна, не бойся,І лёсу, які пратрывае нявечна, не бойся,Аддай весялосці адзіны свой мігІ дня, што прайшоў, што ідзе, недарэчна не бойся.
* * *
Раса застыла ў ружы на далоні — гожа,Твар заравокай засвітаў на ўлонні — гожа,Пра зніклы дзень што б ні казаў — нягожа,Вясёлы будзь, забудзь той дзень, бо сёння — гожа.
* * *
А майстра той, які стварыў людзей, старанныНавошта даў ім недахопы і заганы?Як формы добрыя, нашто іх разбіваць,Благія, дык чые правіны пакараны?
* * *
Як шчокі цюльпану абмые вясна,З пашанай схіліся над чарай віна.Зірні на траву і запомні сягоння,Што з праху твайго заўтра ўзыдзе яна.
* * *
У кола нашай радасці, бядыПачатку і канца знайдзі сляды.Ніхто дакладна не сказаў пра тое,Адкуль прыйсці нам і пайсці куды.