Шрифт:
* * *
Хто з крывадушнасцю ідзе ў жыцця гасподу, Паміж душой і целам ставіць перашкоду, А я на галаву пастаўлю збан з віном, Хоць галаву мне адсякуць, як пеўню, з ходу. * * *
Не быў цвярозы, бо не здраджваю абранніцы, І Ноч прароцтва нецвярозая у п’яніцы. Збан на грудзях і чары на губах, Рука на шыі гарлача да раніцы. * * *
Як сам не п’еш віна, дык іншых не віні, Пазбаўся лепш ад хітрасці і ад хлусні. Хоць ганарышся тым, што чыстага віна не п’еш ты, Сто іншых спраў тваіх не лепшыя ані. * * *
Лахмоннем заторкнулі горла збанкоў, Трушчобы амылі зямлёю вякоў, А можа, мы ў пыле шынка адшукаем Жыццё, што згубілі ў разгуле шынкоў. * * *
Не надтачыць, не ўкараціць ні лёс, ні дні, Не варта ныць па драбязе, па мітусні. Бо справы нашыя і ўласнымі рукамі Пераляпіць, як воск, ты нават і не сні. * * *
Дабро і зло, бяда, святло і скон — Усё, што вырак чалавеку кон, На небасхіл не звальвай, кажа розум, Бо ў тысячу разоў няшчасней ён. * * *
Зірні на неба перакуленае зноў, Дзе гвалт спадае на галовы мудрацоў, Зірні на дружбу поўнай пляшкі з кубкам, Зліліся губы, а між імі льецца кроў. * * *
Збяры, о сэрца, ўсе свае жаданні, Сад асалоды хай вартуюць здані, І ў садзе на ласкавую траву Садзіся ўночы, а ўставай уранні. * * *
У жыцці быць разважлівым трэба ва ўсім, І пра справы Сусвету не ведаць зусім, І пакуль у цябе ёсць язык, вочы, вушы, Трэба быць і нямым, і сляпым, і глухім. * * *
Піць ды з гожай бавіць час прыгожа Лепш, чым крывадушнічаць варожа, Як у пекла п’яных упякуць, Дык скажы, хто рай убачыць можа? * * *
Ты ў палоне духмянаў не будзеш калі? Што табе прыгажосць і нягожасць далі? Як ты нават Замзам ці жывая крыніца, Усё роўна схаваешся ў сэрцы зямлі. * * *
Цюльпан шторання ахінаецца расой, Фіялка хіліцца ў лагодзе лугавой. Клянуся, мне бутоны тыя даспадобы, Што падбіраюць крыссе вопраткі сваёй. * * *
Старасць — дрэва са слабымі каранямі, Шчок маіх гранаты пасінелі самі, Дзверы, дах, сцен чатырох падпоры Заняпалі — і чакай, што рухнуць днямі. * * *
Дзень мінуў — забудзь яго намер, Дню, які не надышоў, не вер, Не глядзі ні ў прошласць, ні ў наступнасць, Не марнуй жыцця, жыві цяпер. * * *
Прыйшоў ці выйшаў я — такой бяды. І мой уток сцячэ, ўцячэ куды? Ці ад агню нябеснага сумленна На дым згараюць людзі, як гады? * * *
Знайсці б гэта месца спакою ў жыцці. Ці доўга дарогай бясконцай брысці? Хоць мець бы за тысячы год спадзяванне Травінкаю з сэрца зямлі прарасці. * * *
Той чалавек, хто вуснам смех пачуты даў, Гаротнікам адчай самоты люты даў, Як шчасця нам не даў — маркоціцца не будзем, Парадуемся — тысячам пакуты даў. * * *
Законы вечнасці не разумеем ні ты, ні я, Пісьмёны неба прачытаць не ўмеем ні ты, ні я, Заслонай змрок сэнс таямніцы засланіў, Калі ўпадзе заслона, не ўцалеем ні ты, ні я. * * *
Шабан абразіш, кажуць, хмелем чаш, Не пі ў Раджаб ты — месяц бога ўваж, Шабан, Раджаб — цвярозасцю святыя, Нап’ёмся ў Рамадан — ён месяц наш. * * *
Вінар, мы п’ём, не прапіваем клёк, Мы мокнем у віне, чаго ж ты ўзмок? П’ём кроў лазы, ты смокчаш кроў людскую, Разваж цвяроза, хто ж з нас крывасмок?