Шрифт:
* * *
Ідзі і сып на голаў прах нябёс, Віно смакуй сярод абранніц кроз, Час не марнуй на клопат, на дакоры, Той не ўваскрэс, хто перажыў свой лёс. * * *
Яны, што ў бездань мудрасці зірнулі, Святлом для іншых сталі ў тлумным гуле, Не выбіліся з гэтае начы, Панаказалі казак і заснулі. * * *
Сёння ўлады не маеш над заўтрашнім ты, Роздум твой пра яго — гук надзеі пусты, Гэты міг не згубі, калі сэрцам разумны, Бо не вечная рэштка тваёй тлумнаты. * * *
Агідны я ў сваіх грахах, пра гэта знаю сам, Ды ідалам я не ўздымлю ў кумірнях фіміям І раніцай, канаючы з пахмелля, Віно шукаю і красунь, а не мячэць і храм. * * *
Хоць ісціна ля нас праходзіць міма, Ды жыць адным сумненнем немагчыма. Лепш чару з рук не будзем выпускаць, На свет глядзець вясёлымі вачыма. * * *
Хто быў стары і хто быў малады, Усіх з сабою забяруць гады. Зямное царства — ў ім ніхто не вечны, Мы выйдзем, прыйдуць іншыя сюды. * * *
Яны, нізаўшы мудрасці каралі, Хіба што словы Бога паўтаралі, Для ўсіх замкнёны ісціны сакрэт, Адзін балбоча, іншы сніць скрыжалі. * * *
У моры крапліна растала, як пена, З зямлёю змяшалася пястачка тлену, Ну, што твой для свету прыход, адыход? З’явілася муха і знікла імгненна. * * *
Па схілах і па далінах я паблукаў нямала, Ды ад майго блукання на свеце лепей не стала, Хапіла ўсяго спаўна, ды рад, што маё жыццё Няхай сабе хоць зрэдчас прыемна мяне здзіўляла. * * *
Таму, хто таемнасці свету спазнаў цераз край, Аднолькавы гора, і радасць, і пекла, і рай. Паколькі і зло і дабро ў гэтым свеце праходзяць, Ты будзеш хваробай ці лекамі — сам выбірай. * * *
Наступны дзень не ад тваіх турбот, Дык скарыстай наяўны міг для згод, А заўтра мы далучымся таксама Да тых, што пражылі сем тысяч год. * * *
Віна — вячыстасці пітва — выпі, З крыніцы светлай хараства — выпі, Хоць апячэ агнём, ды гора Сплыве, нібы з вадой жарства, — выпі. * * *
Баюся я, што ў свет трывог зямных Не трапім зноў вітаць сяброў сваіх, Дык скарыстайма міг, дзе мы жывыя, Апошнім можа стаць наступны ўздых. * * *
З каханаю ружашчокай ніхто не з’яднаўся ніколі, Пакуль яго сэрца не зведала болю калючак долі, Пакуль не пачасціўся на сто зубоў грабянец, Да локанаў прыгажуні дакрануцца не меў ён волі. * * *
Мы выйшлі чыстыя з нябыту, і свет нас апаганіў, Прыйшлі да радасці іспыту, і свет нас апаганіў, І апалілі слёзы сэрцы нашыя агнём, І за жыццё зямную мыту сплацілі без ваганняў. * * *
Сто дамоў бы крывавы паток майго сэрца знёс, Толькі болей дамоў ад маіх можа згінуць слёз. Вейка — жолаб жальбы, па якім мая кроў сцякае, Толькі вейкі звяду я — патопам нізрынецца лёс. * * *
Шкада, з далані выцякае жыццё трапяткое, Смерць многія сэрцы спыняе крывавай рукою, Яшчэ з таго свету вясцін аніхто не прынёс, Дык дзе ён, вандроўнік, здароўе яго якое? * * *
Як дзіўна гэты караван жыцця праходзіць, Шчаслівы міг у тлуме забыцця праходзіць, Навошта сум па новых днях, вінар,— Нясі віна, бо ценем ноч быцця праходзіць.