Споведзь
вернуться

Геніюш Ларыса Антонаўна

Шрифт:

Час ішоў, «канцэрты» начамі рабіліся штораз болей дзікімі, дні каротшымі й болей халоднымі. На допытах нічога ў мяне асаблівага не пыталі, і відно было, што ўся цырымонія суду нада мною адбудзецца ў Саюзе. Мне жудасна было глядзець, да чаго былі нядобрымі, тупымі сядзячыя са мною аўстрыячкі, у таварыстве іх было мне жудасна. Круг іх зацікаўленьняў быў абмежаваны асабістымі, актуальнымі справамі іх пакараньня, якое ў параўнаньні з Захадам было неймаверным. Гэта былі кары па 25, па 15, па 10 гадоў. Меншых не сустракалася. Усіх няшчасных чакалі няволя й вываз у лагеры «мадэ ін СССР», г. зн. недзе далёка ад вялікіх месцаў, у першабытнай тайзе ці тундры, гдзе акрамя цяжкай працы й зьверскага рэжыму забівае й сам клімат. У гэтых жанчын, якія нейкай цудам знойдзенай голкай вышывалі на сваіх насатках самыя агідныя словы расейскага лексікону, не было ні веры, ні надзеі на ратунак. Не было ў іх нават сьмелай фантазіі нейкага цуду над намі, яны бралі ўсё рэальна, і відно, што былі гатовыя йсьці на ўсе подласьці толькі дзеля захаваньня жыцьця. Толькі адна Ліза ня ведала меры свае нянавісьці й сваяму болю па мужу, доме й дзецях.

Так аднойчы нас выклікалі і ў цесным «чорным воране» пераправілі недзе ў вялікую вязьніцу, гдзе ўжо было болей жанчын — пераважна немак. Жанчыны былі болей цікавыя, з востра зарысованай нянавісьцю да ўсяго, што расейскае. Да мяне, ня ведаю, з якіх меркаваньняў, усе адносіліся вельмі добра. Іх нянавісьць была маей нянавісьцю, іх тайны маімі тайнамі. Пасьля трох дзён прабываньня там нас сабралі, перашманалі, праверылі нашыя паперы й выпусьцілі ў вялікую залю. Я ўбачыла маяго мужа — быў худы да немагчымасьці, з абрытай нагола галавою. Стараўся ўсьміхацца, і гэта было яшчэ болей жудасна. Калі нас пастроілі на падворку, Грэта Адам, прыгожая й маладая, крыкнула на ўвесь голас па-нямецку: «Фрау Ларыса, мы сюды яшчэ вернемся, вернемся абавязкова!» Я ёй пацьвердзіла гэта. Перад ад’ездам з тае вязьніцы, здаецца, гэта быў Шапрон, нас збольшага шманалі, гэта знача абысквалі нас і нашыя рэчы. I вось прыйшла чарга на мяне. Мае загінуўшыя й зноў аднойдзеныя чамаданы былі напханыя рознымі рэчамі, якія ласкава мне з нашай кватэры прынесьлі пані Копэцкая й пан Кржываноска, якім мы аддалі ключы ад нашай кватэры. Было там даволі й рознай непатрэбнасьці, але сярод усяго была харошая, новая, падараваная мне адной чэшкай Біблія. Была яна на тоненькай паперы, выданая недзе ў Амэрыцы. Яна, як і Евангельле на беларускай мове, якое мне муж купіў на маю просьбу адразу пасьля нашага вясельля, былі маімі настольнымі кніжкамі. Прынесьлі мне тую Біблію яшчэ ў вязьніцу ў Вімпэрку, і я, залезшы на шырачэзны падаконьнік закратаванага вакенца замкавай вежы й паглядаючы на лес, чытала праз сьлёзы тую Біблію і ўсё думала, ці ня выскачаць на сваіх «джыпах» з таго лесу мілыя амэрыканцы й ці не разьнясуць гэтую нечалавечую шарашку на чатыры вятры. Але не ў галаве было тым мілым амэрыканцам нашае гора, і заставаліся нам толькі Біблія й пакутны, чалавечы шлях Хрыста.

Вось і вывалаклі гэтую кніжку, як якую ядавітую рэч, і ня ведалі, што з ёю рабіць, якім цудам яна тут апынулася. Тады я пачала паціху ўпрошваць тых салдатаў, каб усе ж кніжку мне пакінулі. Яны буркнулі мне нешта азьвярэла, але кніжку, як я пасьля пераканалася, мне пакінулі, як і лісты ад сыночка.

Нас разьмяшчалі на грузавых машынах і ўсе стараліся, каб я й Джэні-грачанка селі ля сваіх мужоў. Муж прыгожай заплаканай Джэні, невысокі, але мажны сымпатычны грэк стаяў бедны ў чаравіках без шнуркоў, з парасолем, прытрымоўваючы адной рукой нагавіцы, бо й пояс яму забралі.

Павезьлі нас за Вену, гдзе адзінока стаяў цэлы цягнік на «жывы тавар» для «пераможцаў». Падганялі машыны да дзьвярэй вагонаў, клалі памост і па ім заганялі зьняволеных. Нейкія касавокія канваіры з віскам круцілі аўтаматамі, як пугамі, над лысымі галовамі вязьняў, і здавалася мне, што гэта часы й норавы Батыя, нягледзячы на цягнік, як іронію дасягненьняў людзкасьці. Вагоны былі падзеленыя густа пераплеценым калючым дротам на тры часьці. З левага боку жанчыны (было нас трынаццаць), з правага мужчыны — болей за сорак (сядзелі адзін на адным) і пасярэдзіне канваіры. У загарадзях былі пакінутыя толькі дзіркі, як для сабакі. Трэба было станавіцца на калені й так толькі, на жываце, туды паўзьці. Паабдзіралі мы і адзеньне, і голавы. Дзіркі гэтыя наглуха пазапляталі. «Туалет» для нас зрабілі незамыславаты. Выдзеўблі дзірку ў падлозе вагона, і гэта было ўсе. Для нас, эўрапеек, гэта была пакута, і мы, нягледзячы на пратэсты канвояў, затуляліся, чым маглі, альбо чакалі ночы. Ваду піць падавалі нам праз дрот, ежу — таксама. Не было ні ложак, ні місак. Ля гэтага вагона назьбіралі нашыя «апекуны» брудных іржавых банак, яшчэ, відно, ад такрошніх [91] кансэрваў, з якіх і елі мы штодня той незамыславаты панцак, якім нас кармілі. Мужчыны апякалі сабе вусны, бо з тых бляшанак трэба было пад’есьці некалькі асобам. Ваду давалі нам, якую хацелі, ад яе ледзь ня рвала. Цягнік наш суправаджаў лекар і цэлая зграя розных чакістых, паджарых, з хітрымі, сьвідруючымі вачыма, на якіх страх было паглядаць. Яны заходзілі і ў наш вагон і зьдзекваліся, як маглі, з бедных немачак, якіх вязьлі «да мядзьведзяў». Ад’яжджаючы, схапіў мяне плач страшны, нялюдзкі. Мне здавалася, што я ўжо ніколі не пабачу сына, як папруць мяне няведама куды й задушаць, думалася ўсё, а дзіця, самое ў шырокім бязьлітасным сьвеце. Якраз падышоў той «доктар» і пытаецца ў немак, чаго я так плачу, ад’яжджаючы «на родину», а яны кажуць аб хлопчыку, а той: «Ничего, бандитом будет». Гэта было сказана ня так сабе. «Доктар» быў, відавочна, у курсе спраў, бо, як я пасьля даведалася, яны скіравалі ўсе намаганьні, каб маральна й фізычна зьнішчыць няшчаснага хлопца.

91

Такрошні (дыял.) — леташні, мінулы.

З немак былі цікавымі жанчынамі аўстрыячкі фрау Рэнэ й фрау Фіні. Фрау Фіні, звычайная старажыха, вельмі адчувала гора Аўстрыі, на такіх «асвабадзіцеляў» глядзела з нянавісьцю, верыла, што Бог дапаможа вярнуцца, і з абрыдлівасьцю адварочвалася ад Эле Вінклер і нейкай Геры, якую ўсе пашчыпваў той «доктар», а ёй гэта падабалася.

У Мадзяршчыне доўга стаяў цягнік, і калі я падняла свой заплаканы твар, дык сустрэлася з поглядам такім спагадлівым, такім чалавечым нейкага мадзярскага чыгуначніка, што сэрца мае акрэпло.

Элё Вінклер голасна марыла аб тым, што ў Саветах прыгожыя футры, і яна вернецца дамоў у такім менавіта, ды яшчэ выйдзе замуж за шпіёна, якіх тут у цягніку поўна, кіне сваяго старога шпіёна, які тут разам з ёю, бо ён скампрамэтаваўся і ў Амэрыку яго ня пусьцяць. А фрау Фіні малілася сьвятому Шчэпану, праз край якога нас вязьлі, і аж скрыгатала зубамі з гора.

Так нас прывезьлі ў Львоў. Цягнік спыніўся, і нас пачалі выгружаць з вагонаў. Дзіву я дзівілася: колькі людзей! Каля гары выгружанай чырвонай плюшавай мэблі — «германскага трафея» — стаяў тоўсты савецкі генерал, увесь у медалях, і тоўстае бруха аж вырысоўвалася боханам з-пад гімнасьцёркі, а побач гаалі худога страшнога генерала-немца, які, відно, нямала прабыў у падзямельлі той страшнай вілы й цяпер, пад сытым і наглым поглядам «пераможцы», плёўся, як цень, апіраючыся на рукі сваіх землякоў. Такі ўжо лёс пакананых… Нарэшце я ўбачыла маяго мужа, па чале й па твару сплывалі яму ручайкі крыві. Ішоў, як Хрыстос, бледны й акрываўлены, побач шчэрылі зубы савецкія азьвярэлыя аўчаркі, якімі нас адразу сустракала «отечество».

Завялі нас у вялізны хлеў, гдзе сарціравалі нас і разьдзялялі. Там упершыню я ўбачыла кучу зьняволеных дзяцей, такіх жа бледных і страшных, як мы, і болей, болей няшчасных, бо дзеці.

Нарэшце нас пусьцілі ў зону лагеру. Мы былі на Украіне, і гэта адчувалася. Украіна засяляла тады лагеры. Спачатку пераглядалі мужчын. Калі прыйшла чарга на нас, я ўбачыла на зямлі параскіданыя парваныя паперкі, такія знаёмыя. Я падняла іх, і аказалася, што гэта былі лісты Юрачкі, нашага сына, якія вось адабралі мужу й кінулі тут па кусочку… На гэты раз я сваю чэскую Біблію схавала пад пальто, якое спэцыяльна адзела, хоць было горача, схавала й сынавы лісты, так усе пакуль што абараніла. Скрыўлены чакіст, які шманаў нас, толькі вырачыў на мяне вочы, а мужу забраў і пяро, і гадзіньнік, і другія драбніцы. Лекар-украінец, відно, са зьняволеных, праверыў нам вочы й рукі, і нейкая неймаверна нафуфыраная, брыдкая, як ноч, медсястра-расейка пашукала нам у галаве бруду. А пасьля мы апынуліся сярод гушчы людзей на панадворку, якім «родзіна» выдавала па місцы нейкай капусты, варанай на сьмярдзячых рыбіных касьцех. Міскі пераходзілі з рук у рукі, а мы з мужам глядзелі на сябе й думалі, што будзе далей. Нехта прадаваў папяросы па сто штук у пачцы за рэчы. Мае рэчы былі пры мне, і я давай мяняць спадніцы на папяросы. Набеглі людзі, усе просяць закурыць, так і аддалі мы ім тую сотню, а мужу я выменяла другую сотню. Да нас усё падыходзіў, хвалячы савецкі суп, нейкі мажны немец у амэрыканскай куртцы на кажуху й ва ўсім, праўда, добра зашмальцаваным, але амэрыканскім адзеньні. Быў гэта муж Элё Вінклер. Аказалася, што гэтае супружжа, прафэсыйныя шпіёны прадалі саветам шмат аўстрыйцаў, у тым ліку і Янайкі з Джэняй. Грэкі вучыліся ў Вене і, відно, у цяжкія часы крыху зараблялі шпекуляцыяй. Так з імі й зышліся тыя Вінклеры. Аднойчы яны запрасілі бедных грэкаў на вячэру, абяцаючы ім знамянітую нямецкую патраву [92] — печаную гуску. Пасьля вайны на такую роскаш не пабаяліся грэкі паехаць нат у савецкую зону Вены. Быў дождж, расказвала мне пасьля Джэні, Янайка ўзяў вялікі парасон, каб нічога ня сталася галубому плашчыку й такому ж капялюшыку Джэні. Вылезьлі яны з трамвая, ля дому спаткаў іх сам Вінклер, весела й сардэчна з імі прывітаўся і, пакуль цалаваў з абедзьвюх старон пахучую ручку Джэні, пад’ехаў паціху савецкі «чорны воран», пахваталі абаіх, і замест смачнай «ганс» яны, напэўна, і камсы не змаглі есьці той ноччу. Янайкі за нешта там далі 15 гадоў, а зусім ужо не віноўнай Джэні 7 гадоў — найніжэйшую кару толькі для невінаватых са сталінскага кодэксу тых часоў.

92

Патрава (дыял.) — ежа.

Ужо быў асеньні месячны вечар, а мы ўсе сядзелі з мужам, трымаючыся за рукі. Ля нас нейкі ўкраінец, якому далі 25 гадоў за тое, што яго жонка-чэшка, перасяляючыся з Украіны, перавезла і яго ў мяшку з сечкай. Кожны меў сваё гора. Мы перажывалі найболей за тое, што чалавек, якому мы даверылі нашага сына, аддаў яго маім сестрам, якія вярнуліся з высылкі й жылі ў Вроцлаве. Былі гэта ненадзейныя, слабавольныя дзяўчаты, і мы ведалі, што сыну не здабраваць.

У нас з мужам фактычна не было ніякай віны. Былі мы членамі Беларускага камітэту самапомачы, але мы як людзі без грамадзянства мусялі быць зарэгістраваныя недзе, і якая розьніца — ці ў расейскім «фэртраўэнштэле» [93] , ці ў Беларускім камітэце? Усе чужынцы, ад яўрэяў пачынаючы, былі ў немцаў пад асабліва строгім надзорам, а я як паэтка дык асабліва. На ўсход быў муж высланы не па ўласнай волі, а па чэскай мабілізацыі, ды прытым яго выгаалі з Беларусі, забараніўшы яму там нават практыку. Каб зьберагчы мужавы нэрвы й сілы, я парадзіла яму зусім не прызнавацца да таго Камітэту. Няхай уся бяда ўжо будзе на мне, бо ж я была скарбнікам Камітэту. Так мы й пастанавілі. Мы былі яшчэ не асуджаныя, чакала нас сьледства.

93

Фэртраўэнштэле (ням. Vertrauensstellung) — адказная пасада.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win