Шрифт:
5 сакавіка 1948 года было мне страшна ўжо з самай раніцы. Я рыхтавалася да дня нарадзінаў маяго мужа, якія 8 сакавіка. Замовіла яму торт у цукерні, на картачкі выбрала цукеркі й другія падобныя драбніцы, якія ён любіць, але нічога мяне ня цешыла, тая нейкая чорная непазьбежнасьць вісела нада мной, як хмара, паралізавала крокі. Нават малітва не прыносіла палягчэньня. Не пасьпеў мне муж зрабіць нейкай заўвагі раніцай, як я горка расплакалася, і ён мусяў суцяшаць мяне, як малую. Абед прайшоў спакойна на вонак. Але калі муж быў, як кожны дзень пасьля палудня, на працы ў касе хворых, мне ўжо было зусім пагана. Што паўгадзіны аказваліся званкі, то з суседняй Квільды прасілі, каб ён прыехаў, то пыталіся, калі ён будзе ўдома і т. п. Была пятніца, я прыгатавала вячэру й першы раз падумала, што пост і адбіўныя катлеты, бульба й малако кіслае — ці ня грэх у гэты дзень?
Пасьля касы хворых у нас пачынаўся вячэрні прыём у сваім кабінэце, а пасьля, калі ўсе адыходзілі, мы заўсёды разам ішлі да хворых на дом. У гэты дзень ісьці было неабходна. Пару дзён ужо, як мы езьдзілі ці хадзілі за Вімпэрк. Там памірала маладая жанчына, хворая на рак. Была яна пасьля апэрацыі й аблучэньня, заставалася ёй толькі даваць абязбольваючыя рэчывы, чаргуючы іх, каб лепш дзейнічалі. Хворая, яе муж, дзеці й радня чакалі нас як збавеньня. З хвілінай прыходу лекара ўціхаў жудасны боль, жанчына пераставала стагнаць. Яны самымі сардэчнымі словамі прасілі, каб мы прыйшлі. Мяне прасілі асобна, і я ім абяцала, што прывяду мужа.
На гэты раз яшчэ болей было трагічна, не адыходзіла ўжо мача. Пасьля ўколаў, як звычайна, стала лепш. Муж хворай папрасіў нас на пару словаў сакрэтнай размовы. Мы выйшлі на двор. У гарах адчувалася вясна, блішчэлі ў месячным сьвятле лужынкі, і неба было ў зорах. Было амаль цёпла. Чалавек той абаперся аб вушак дзьвярэй, паважны, змучаны, бледны, і сказаў мужу прыблізна тое: «Я несказана кахаю сваю жонку, але я не магу бачыць яе жудасных мучэньняў. За яе хваробу ў мяне нарыў страўніка, упадак сілаў, пахварэлі дзеці, дык я прашу вас, доктар, зрабеця так, каб яна болей не цярпела, дайце ёй укол, каб сьцішыўся боль назаўсёды». Муж паглядзеў на яго паважна й сказаў, што такога ня зробіць. «Чаму?» — глуха, нейк здушана спытаў чалавек. «Таму, што я прысягаў», — адказаў яму доктар. «Дык жа людзі дабіваюць жывелу, калі яна так церпіць, няўжо ў вас няма літасьці?» — «Адна мільённая за тое, што сяньня ноччу нехта знойдзе супраць рака лек, і дзеля гэтай адной мільённай я не зраблю таго», — спакойна адказаў муж. Мы абяцалі ім заўтра як найхутчэй вырвацца да іх, каб прынесьці канаючай палёгку. «Прыйдзе», — запэўніла іх і я, калі з гарачай просьбай зьвярнуліся й да мяне. Ледзь ужо я вяла мужа дамоў. Ён быў змучаны, хранічна нявыспаны й таксама рабіўся нэрвовы. Ясна блішчэла зорамі неба, і чарнела зямля ўжо зусім бяз сьнегу, але яшчэ без травы.
Нявесела прайшла вячэра, якую муж еў адзін. Я зноў нечаму пачала плакаць. Была ўжо адзінаццатая гадзіна вечара. Некалькі дзён як я рвалася ў Прагу. Там была рэвалюцыя, і я дрыжэла за сына. Муж увесь час супакойваў мяне, тэлефанаваў сыну й не пускаў мяне ў Прагу. Сына мы пакінулі на апеку харошаму чалавеку, пану Кржываносцы, і можна было думаць, што ён не пакіне хлопчыка ў гэты неспакойны час. Аднак я, якраз цяпер у адзінаццаць гадзін всчара, узбурылася ехаць да сына й з плачам пакавала чамадан. Дарма было мяне спыняць. Надзеўшы кароткую, зграбную шубку, у хустачцы й лёгенькіх туфлях я выбегла на вуліцу, каб дастаць у нашага знаёмага мясьніка крыху каўбас ці мяса, бо ў Празе з гэтым было яшчэ трудней. Не пасьпела я адысьці ад дзьвярэй, як падышоў да мяне чалавек і папрасіў, каб я нікуды не хадзіла, што так трэба. Я са зьдзіўленьнем сказала яму адступіць ад мяне, што ніхто ня мае права мяне затрымоўваць. Па вуліцы праходзіў нейкі мужчына, тады гэты паклікаў яго, каб той памог затрымаць мяне, Мужчына ўцёк бягом. Я сказала, што паклічу мужа. Калі той тып забараніў мне гэта рабіць, я падышла да сьцяны дома й плячом націснула званок нашай кватэры. Муж выйшаў. Мы займалі першы паверх дома, над намі жыў нехта другі. Чалавек, які запыніў мяне, пайшоў з намі, гаворачы, што ён тут не адзін, што яны ўжо прыходзілі й цяпер яго калегі ў кафэ побач і зараз да нас прыйдуць. Я падышла да тэлефона й паклікала міліцыю, тады чалавек устаў і паказаў нам нейкія свае паперы сышчыка ці некага падобнага. Нам зноў пазванілі, муж адкрыў дзьверы, і ў хату ўвайшло яшчэ 6 чалавек. Яны сказалі, што мы арыштаваныя, і загадалі нам аддаць ім паперы й зброю. Я паказала ім на гору шпрыцоў і голак, якія мне трэба было яшчэ прыгатаваць да заўтрашняга прыёму, і сказала: «Вось вам зброя лекара, якой яшчэ хочаце?» Муж разгубіўся, бедны, ён лепей, як я, ведаў жыцьцё й чуў аб гэтай нечалавечай сыстэме. «I вам ня сорамна: 7 чалавек на аднаго слабога, запрацаванага, змучанага доктара?» — прадаўжала я сваё абурэньне. Робячы збольшага вобыск, яны паясьнілі нам, што вобласьць цэлы дзень старалася нас апраўдаць і выратаваць, але ня далі рады. З Масквы прыйшла тэлеграма, і саветы зажадалі нашай выдачы. Чэхі былі, паводле іх слоў, бясьсільныя.
Мы апрануліся, і нас павялі ў суд, гдзе запісалі нашыя пэрсаналіі, а пасьля пад надзорам стражнікаў — у вязьніцу, якая мясьцілася ў старой вежы старыннага вімпэрскага замка. Пару дзён як з гэтага замка скочыў і забіўся нейкі інжынер, калі яго прыйшлі арыштоўваць. Быў праў… Надзірацелі ў вязьніцы гулялі ў карты. Ад кампаніі аддзялілася жанчына вагой ня меней як 120 кг, забрала маю сумачку і ўсё з кішэняў і пачала мяне абыскваць. Муж быў лекарам і ў гэтай вязьніцы…
У бруднай, зялёнай ад плесьні камеры на памосьце, пакрытым мятай саломай, сядзелі дзьве маладыя немкі за пераход граніцы, бо ж тая была тут побач. Я села й толькі цяпер усьведаміла сабе ўсю трагэдыю адзінокага сваяго дзіцяці ў гэтым горадзе і ў гэтым народзе, болей ужо ні аб чым думаць я не магла… Ды наагул я ня думала, здаецца, я то замірала, то зноў адмірала з болю, з нейкага фізычнага адчуваньня той чорнай прорвы, у якую кінуў нас мой безгранічны, бескампрамісны патрыятызм, доля народу, жыць для якога — значыла канаць зажыва ад палякаў, ад расейцаў, ад немцаў. На гэты раз давялося ад чэхаў. У спалучэньні з магутнай і пераможнай дзяржавай Усходу яны даўно забыліся аб гуманных ідэалах Масарыка й ахвотна бралі на сябе ролю паслугачоў крывавага Сталіна й яго сыстэмы. Выняткаў было нямнога. Заробак і наагул грошы для іх велічыня, перад якою зусім натуральна адступаюць усе прынцыпы…
Назаўтра прынясьлі мне ў камеру з кватэры маю невялікую Біблію на тонкай паперы, але чытаць нічога я не магла. Немачкі пайшлі памагаць тоўстай надзорцы, а я глядзела праз закратаванае вакно, здавалася мне, у бок граніцы, гдзе былі людзі, якія маглі выратаваць нашую сям’ю, калі б, едучы да хворых, мы заблудзіліся й пераехалі іх граніцу… Лёс нам, відно, наканаваны зьверху. Я прыпомніла сабе, што за Беларусь цярпець трэба й калі прыйдзецца — трэба памерці, адступаць і каяцца нельга! Гора нашага народу непамерна большае ўжо вякі.
Нехта прыходзіў нас адведваць, была між імі й хворая немка, якую лячыў муж, гэта мяне асабліва ўзварушыла, бо ў Імпэрку іх было мала. 8 сакавіка прынясьлі нам торт, які я раней заказала мужу. Калі нас вывелі на двор на прагулку, муж сказаў, што ён мала думае, што ўсе яшчэ сьпіць пасьля лекарска-бяссонных начэй, і папярэдзіў мяне, што цярпеньне наша зацягнецца… Мяне паклікалі да надзірацеляў і далі паперу й пяро нарэшце напісаць сыну. Я пісала спакойна, але ўсё ва мне енчыла з гора. Вечарам, на дзень мужавых нарадзінаў, прынясьлі ў нашу камеру пару бутэлек віна з нашай кватэры й торт. Прывялі туды мужа, і так, седзячы побач, у прадчуваньні даўгой, можа, вечнай разлукі, з думкамі аб сваім няшчасным дзіцяці, мы разам з надзірацелямі, тоўстай бабай і немачкамі «аславілі» гэты дзень. Муж трымаўся, я таксама старалася не падрываць яго сілаў сваім пярэпалахам з нашага адчайнага сапраўды становішча.
Нас выклікаў чэскі судзьдзя, чаго — ужо ня памятаю, толькі запомніўся мне яго абыякавы, амаль варожы твар, і я не ўтрымалася, каб не сказаць яму, што паэтаў няволяць толькі паганыя народы й маладушныя людзі. Тады ён крыху апрытомнеў са свае тупасьці, але даў мне пазнаць, што ён толькі нямое, сьляпое прыладзьдзе ў «славянскіх» руках вялікага «Руска», на якога спадзяваліся й маліліся ўжо некалькі пакаленьняў яго недальназоркіх продкаў… Так пачынаўся канец «гасьціны» чэскага народу да бяздомнай і бяздольнай беларускай сямейкі, усіх добрых адносінаў нашых чэскіх сяброў і вялікага грубага прыніжэньня, якое там адчувалі ўсе, хто ня гутарыў чыста па-чэску да вайны, у вайну й пасьля яе… Велікадушнасьць у палітыцы свомая [83] толькі сапраўдным народам, чэхі глядзелі перад усім выгады найбліжэйшага дня. Прадаць для іх нават зусім не вінаватых людзей было ўжо ня нова…
83
Свомая (дыял.) — характэрная