Шрифт:
Зноў сядзелі мы ў закратаваных, спэцыяльных купэ. За мною сядзелі жанчыны, якіх адвозілі недзе на Поўнач, адкуль яны паўцякалі. Рэчаў у іх не было, толькі крыху прадуктаў, вялікая любоў да Украіны й надзея вярнуцца дамоў. Як жа ненавідзелі яны чужую зямлю, куды валаклі іх сілай, усе ім забраўшы, да жабрацкіх мяшкоў. У савецкіх цягнікоў было заўсёды некалькі вагонаў для зьняволеных. Вагоны гэтыя былі падзеленыя на добра закратаваныя камеры, у якіх на нізе й на версе вязьлі бітком набіта людзей. На пачатку вагону туалет, у які пушчалі людзей не паводле іх патрэбаў, але паводле капрызу канваіраў, для якіх мукі зьняволеных былі дзікай разрыўкай. Так жа, паводле сваяго капрызу, дзялілі яны воду людзям, і людзі часам аж душыліся са смагі, а з калёшаў ад валенак карысталі як з туалету. На другім канцы вагону быў яшчэ карцар, туды хавалі незадаволеных, над якімі асабліва зьдзекаваліся. Там недзе былі й «апартамэнты» для канваіраў.
Колькасьць зьняволеных, перавозка іх, пункты перасылак, бані і т. п. — гэта было добра з’арганізаванае прадпрыемства, запланаванае ў вялікіх маштабах як нейкая часьць дзяржаўнай дзейнасьці й неабходнасьці «мудрага» марксізму. Ад гэтага станавілася і жудасна, і сьмешна, нават крыху радасна з таго, як нізка скаціўся вораг усяго чалавечага ў сваіх мэтадах нішчэньня людзкасьці. Такое ня мае, ня можа мець будучыні, бо вынішчаныя людзі ня моўкнуць са сьмерцю, а голасна крычаць да сумленьня ўсяго сьвету, гдзе ўзровень чалавека на вышыні. Усе, што сталася ўжо нармальным для абслугі гэтага прадпрыемства й для ўсіх заправілаў гэтай дзяржавы, нармальнаму эўрапейцу сьціскала горла вялікім болем людзкім, бяскарна пралітай крывёю нявінных. Канваіры, нядаўнія «пераможцы» Эўропы, зьвярталіся да сваяго, нядаўна мучанага немцамі народу з такой нечалавечай лаянкай, што скура шэрхла ад іх жудасных, рафінавана брудных слоў, у якіх мяшалі і Бога, і сваю маці, і ўсё, што для нармальнага чалавека застаецца заўсёды сьвятым. Незразумелы садызм распасьціраўся ад Сталіна да канваіраў, і ўзаемным мучэньням у гэтай краіне, здавалася, няма канца й меры. Калі ўжо мяне асуджаную вязьлі далей на поўнач, я пабачыла цэлыя цягнікі з т. зв. «вагонзакаў» і тысячы лагероў ля жалезнай дарогі на Варкуту. Над абсечанымі паўночнымі вятрамі ўбогімі ялінамі ўздымаліся вышкі, вышкі й больш нічога як вышкі.
Ну а пакуль што вязьлі нас у Менск. Пад вечар мы ўжо былі ў Баранавічах, і нейкі начальнік, убачыўшы нас, крыкнуў: «Чамаданнае настраеніе». Гэта ён убачыў не мяшкі на вяровачцы, а сапраўды чамаданы й з гэтага дзіва мусяў крыкнуць.
У Баранавічах вязьніца была вялікая, дзеравяная. Усё тут было з дрэва: і дзежка на ваду, і праславутая савецкая параша. Сховішча на рэчы там не было, так як усе савецкія парадкі яшчэ не былі заведзеныя, і мае рэчы пасьля шмону далі мне ў камеру. Сядзела там ужо некалькі жанчын, пераважна маладых. Адна з іх рэкамэндавалася партызанкай. Мова яе была настолькі пераплеценая нецэнзурнымі словамі, што здавалася, гэта асаблівая мова, «дыялект» партызанскі, і толькі брала дзіва, як гэта мог чуць падобнае стары беларускі лес… Жанчыны ўсё ў мяне выпытвалі, а позна ўвечары пачалі памалу нападаць на мяне, рысавацца сваёй партызаншчынай і паглядаць у бок маіх чамаданаў. Нарэшце, адзначыўшы ўсе свае «заслугі» перад савецкай уладай, яны сабраліся дзяліць між сабой мае рэчы, як ваенны трафей, але нейкі таварыш адчыніў акенца й моцна на іх прыкрыкнуў. Ён загадаў ім не чапаць мяне, і яны адсталі. Абманутыя, яны бурчалі, як кошкі, але я па дабраце душы свае дала ім нейкія драбніцы, і настрой іх адразу зьмяніўся. Перад сном яшчэ яны пасьпелі даць мне нязгоршы партызанскі канцэрт, які я з цікавасьцю выслухала. Я толькі думала сабе, што там з маім мужам? Раненько, яшчэ не развіднело, нас адпраўлялі далей. Было нас пад 50 чалавек. Дзялілі нам па куску хлеба, па сырой рыбіне й па капельцы цукру. Цікава было тое, што нейкі афіцэр папытаўся, цi няма ў мяне хустачкі? Хустачка была, і ён усыпаў мне ў яе місачку цукру. Гэта быў каралеўскі жэст з яго боку! Я ўвесь той цукер аддала мужу, але ўдзячнасьць за яго доўга саладзіла маё сэрца. Пагналі нас строем, з сабакамі недзе аж пад горку, гдзе загадалі прысесьці на зямлі, каб нас не было відно. Канвой быў нейкі нязлосны, свойскі, і мы прыпалі да зямлі, як курапаты. Пасьля прыйшоў цягнік, і зноў нас пагрузілі ў зьвярыныя клетачкі, мужа, на гэты раз, недалёка ад мяне, і павезьлі нас у Менск. Мы ехалі Беларусьсю. На станцыях спыняўся цягнік і шчодра папаўняліся нашыя клеткі. Заводзілі па-вясковаму бабы, а іх сыны з торбачкамі мужаліся й панура залазілі ў клеткі. «Мамачка, — казаў муж, — дык мы ўжо ў Беларусі, паглянь, няўжо не адчуваеш сваяго паветра?» — «Адчуваю, — кажу, — аж надта, але чую, што яшчэ больш буду яго адчуваць, таму мне хацелася б быць цяпер як найдалей ад гэтага паветра, на другім канцы зямнога шару».
У Менск прыехалі мы рана. Ля цягніка зноў паявіліся канваіры з сабакамі, і тыя цюцькі вельмі варожа на нас паглядалі, паблісквалі толькі іх завостраныя клыкі. Нам зноў загадалі прысесьці й нахіліць голавы, а пасьля павялі ў іншы вагон, гдзе мы праседзелі да позьняга вечара. Гутарылі мы праз сьценку з мужам, прашчаліся. Я хацела прыгатаваць яго, каб ня лішне спалохаўся — калі будзе зацяжка й не стрываю зьдзекаваньня, дык пастараюся ня жыць. Ён так зьбянтэжыўся, так спалохаўся, што ледзь не памёр адразу, і я абяцала яму, што выжыву. Яшчэ раз папрашчаліся мы з ім у «чорным воране». Вуліца была асьвечаная, хадзілі людзі, і нас хутка ўвялі за браму менскай вязьніцы, т. зв. «амэрыканкі». Тэатральна ветліва прывітаў нас нейкі турэмны начальнік, які вельмі зьдзівіўся, што няма з намі сына, і шчыра аб гэтым пашкадаваў… Ад яго слоў холад пайшоў мне па целе й нядобрае прадчуваньне сьціснула сэрца… Нас разьдзялілі з мужам. Мяне павялі ў нейкі павук. Я вельмі напалохалася, а пасьля пхнулі ў камеру, якая мела форму гроба з прыкаваным сталом і такімі ж прыкаванымі й адложанымі нарамі з бакоў. Узор на гэтую турму запазычылі саветы ў Амэрыцы, як мне пасьля сказалі, і не адна сотня, і не адна тысяча беларусаў у безнадзеі й муках пазнавала тут сутнасьць марксізму-ленінізму з яго першапачатковых жарол… Увесь Менск разьбілі бязьлітасна, наступаючы, немцы, а вось гэтай клятай будыніны не кранула ні адна бомба на нашу бяду! Праседзеўшы там некалькі месяцаў, я абдумвала плян, як з гэтага месца чалавечых мукаў зрабіць некалі музэй ці капліцу, гдзе людзі ўспаміналі б замучаных хоць на задушныя дні.
А тым часам я села на прыкаваны столачак і пачала думаць пра мужа. Аб сыну мы стараліся не гаварыць і ня думаць, гэта балела нястрымана, амаль фізычна, і рвала нэрвы. Па дарозе з Баранавічаў у Менск перакідаў, на гэты раз ужо беларускі канвой, мужавы рэчы. Я толькі чула са свае клеткі, як муж прасіўся ў яго: «Бярэця што хачаце, толькі пакіньце мне мае кніжкі, яны ж мэдыцынскія, прашу вас, пакіньце, пакіньце…» Мне стала сорамна за мужа, што так бн уніжаецца дзеля кніжак. Я ня ведаю, ці той канвой кніжкі пакінуў, але ведаю толькі, што забраў яму і свэтар, і нагавіцы найлепшыя, і наагул забраў, што хацеў…
Мяне палохалі бандыцтва й самаволя. Яшчэ ў тую ноч увялі мяне ў камеру на нізе вязьніцы. Было там некалькі жанчын, і адна з іх, Жэня Шостак, ведала мяне з прэсы. Яна заапекавалася мною, памыла мяне, дала пад’есьці. Я заўважыла, што пагана бачу. Акрамя Жэні былі ў камеры нейкая Нэла з Менску, Надзя Еўтухова з Полацку й старэнькая бібліятэкарша з Менску, якая вельмі бедавала па пакінутых удома адзінокіх кошках… У камеры было чыста, і да мяне былі ўсе ветлівыя.
Пачаліся дапросы. Сьледавацель мой, нехта Коган, яўрэй, быў хітры чакіст. Ён не крычаў на мяне, але ўсё гутарыў, агітаваў мяне, успамінаў партызанку, хваліў савецкую ўладу. Я слухала, але суровая рэчаістасьць прамаўляла да мяне больш. Часамі ён расказваў мне аб гуманнасьці савецкага сьледства, а побач разьлягаліся нечуваныя маты-пераматы, пабоі, крыкі й жаночы плач. Ён тады замаўкаў. Аднойчы прыйшоў на дапрос нейкі шустры чалавек у цывільным, які вельмі выпытваўся ў мяне пра Астроўскага. Мяне ён пачаў папракаць у незалежніцкіх тэндэнцыях, дык я яму сказала, што па Савецкай канстытуцыі кожная з савецкіх рэспублік мае права нават аддзяліцца з Саюзу, дык што ў гэтым дзіўнага? Астроўскага я ведала мала, безумоўна, не ідэалізавала яго й сказала дзядзьку таму, што аб ім думала. Допыты-агітацыя працягваліся. Погляды мае на палітычныя справы, дастаткова ўмацаваныя дэмакрацыяй Захаду, аналізам гітлераўскай дыктатуры і іншых крывава-таталітарных рэжымаў, былі дастаткова пэўнымі, мой сьледавацель ня мог даць са мною рады. Раз прыйшлі на допыт нейкія ваенныя, відно, высокай рангі, хоць я на гэтым мала разумеюся. Яны сказалі мне, што я не любіла нацысцкіх кіраўнікоў, як я адношуся да савецкіх? Я адказала, што «непрыемлімые». — «Чаму?» — «Негуманныя!» — «Як негуманныя, мы гіростыні ў цюрмах даем!» — «Так, — кажу, — і 10, і 15, і 25 гадоў пакараньня сваёй моладзі, забіраеце ёй усю магчымасьць людзкога жыцьця й шчасьця». Яны болей нічога не пыталіся. Выйшлі. Раз уварваўся да таго сьледавацеля нейкі малады ваенны, які сказаў, што на Захадзе друкуюць мяне, памятаюць. Кажу: «Перапячатваюць, пэўна». Калі сьледавацель пісаў пратакол і не хацеў згаджацца з тым, што я гаварыла, я звычайна казала: «Пішэця, што хочаце, вашага права не лічу правам, а вас — юрыстам у даслоўным значэньні гэтага слова».
Я нічога не махлявала, бо віна мая датычыла толькі Камітэту самапомачы ў Празе, гдзе я была скарбнікам. Ад гэтага я не адмаўлялася, дый Коган паказаў мне раз архіў Камітэту, які яшчэ ў 1942 годзе «згінуў» з кватэры Ермачэнкі. Тут я зьдзівілася! Выслухаўшы пра тэлеграму Гітлеру, Коган сказаў мне, што Ермачэнка за прозьвішча Геніюш у той тэлеграме дастаў вялікія грошы! Ён хахатаў, гаварыў, што Ермачэнка ўжо ад 1921 года служыў у нямецкай разьведцы, але ў мяне паявілася ўражаньне, што ён служыў і ў савецкай… Тэлеграму ж тую падаў Гітлеру ён сам, падпісаўшы прозьвішчам мужа, бо яго нечакана, як тслькі ўвайшоў, зрабілі старшынёй таго сходу, на якім і зачытаў Ермачэнка тую тэлеграму. Тэлеграмы ніхто з беларусоў не падпісаў, але на бланку, пад яе тэкстам, былі акуратна, пад капіроўку выведзеныя подпісы ўсіх беларусаў, якія былі й не былі на тым сходзе! Мне стала да абрыдлівасьці гадка. Такая дзяржава й трымаецца на лжы, на ашуканстве, на падробленых дакументах, гадка! У час найстрашнейшай небясьпекі, апутаныя нацысцкай хітрасьцю, усё ж людзі адважыліся не падпісаць тое тэлеграмы, а тут «падпісваюць» за іх праз капіроўку, ануліруючы ўсё захаванае ў цяжкі час чалавечае ў людзях! Не, горай, падлей за самае нізкае… Мне прыпомніўся Вольфсан, стары яўрэй, які разам з сям’ею выратаваўся ў гэтым маленечкім Камітэце й таксама быў на тым сходзе, як кожны, бо ўсе атрымалі загад, што ён сказаў бы на гэта, каб бачыў сваю такую падробленую подпісь пад той тэлеграмай…
Часам Коган гаварыў аб сабе, аб тым, што яго бацькі, бедныя яўрэі, далі асьвету ўсім сваім сынам і яму ў тым ліку. Казаў, якія яны чэсныя й харошыя людзі. А то часам шкадаваў, што не было мяне вайною ў Беларусі, за што мяне трэба судзіць, бо я прынесла б многа карысьці ў змаганьні з фашызмам, і г.д. Я слухала. Калі ж ён пачынаў крытыкаваць рэлігію, я проста радзіла яму кінуць гэтую безнадзейную справу, матывуючы тым, што было шмат разумнейшых за яго суб’ектаў, якія вось ужо амаль 2000 лет змагаюцца з гэтым і гінуць, як жамера [95] ўбогая, а рэлігія, вера хрысьціянская мацнее, пашыраецца й ратуе народы! Тады ён фыркаў і казаў, што яго старыя бацькі толькі вераць. «Ну бачыце, — кажу, — вы ж іх нядаўна хвалілі, што ўмелі добра выхаваць сыноў, дык, знача, рэлігія іх зрабіла такімі!» Ён ня меў ужо чаго казаць. Аднойчы казаў, што мой муж у Слоніме меў нейкія прыяцёлкі і г.д. «Дурніца, — кажу, — вось каб ён год жыў адзін і нікога ня меў, гэта было б ненармальна, ён жа малады мужчына і, шчасьце, ніякі не манах!»
95
Жамера (дыял. жамярня, Сцяшковіч Т. Слоўнік Гродзенскай вобласці. Мн., 1983) — дзетвара.