Споведзь
вернуться

Геніюш Ларыса Антонаўна

Шрифт:

Цягнік ляцеў насупраць ночы. Ля палатна дарогі паваленыя цягнікі й бункры, бункры. Лясы высечаныя ля чыгункі шырокаю паласою, а далей шэрыя хаты, саламяныя стрэхі, і бяда там, напэўна, і страх. Яшчэ толькі шчасьце, што корміць зямля, а нашыя ўмеюць пражыць і на камені…

У нашае купэ набілася немцаў, усе мне нешта расказваюць. Гэта танкісты. Я ня ўсе разумею, стараюся слухаць. У іх страх, боль і нейкая безнадзея, наракаюць на ўсюды існуючых партызанаў. Адзін немец пытаецца ў мяне, ці не баюся так адна між самымі мужчынамі? Кажу, што не, што немцы, іх ваякі — рыцары, ілгу як нанятая. «Ну, мы рыцары ў сябе ўдома, а на заваёваных землях мы ня рыцары», — кажа фрыц. «Што ж, — адказваю, — сапраўдны рыцар — усюды ён рыцар» — і гляджу немцу ў вочы, ён іх адварочвае ўбок.

Але вось спыняецца цягнік, чутно стрэлы. У купэ ўваходзіць афіцэр, разганяе кампанію й кажа: «Тут будзем стаяць ноч, ля цягніка ёсьць бункер, але ён толькі для немцаў, калі баіцеся ў цягніку, можаце йсьці ў бункер». Я кажу: «Так, я вельмі баюся, але ўсё ж застануся тут, дзякуй вам за ласкавасьць». Афіцэр выйшаў. Русак соп у кутку, недзе стралялі, зрабілася вельмі халадно. Я, здаецца, задрамала. Пад ранкі пачаўся рух, салдаты запалілі малую печачку, стала цяплей. Ля нас паявіўся шустры немец, якому круціліся вочы, ён усе выпытваўся: чаго мы едзем, скуль, хто мы?

У тым часе Русак дастаў карту Беларусі, якую нарысаваў яму некалі Жук, гдзе граніцы Беларусі больш-менш былі згодныя з нашымі этнаграфічнымі. Карта ў руках цывільнага пасажыра зьбянтэжыла немца, ён вырваў яе Русаку з рук і пачаў разглядаць і крычаць нешта. Я тут крыху спалохалася, гдзе ж такое рабіць, едучы насупраць фронту. Дала я немцу бутэльку з каньяком, паказала дазвол з Прагі, каб толькі ён ад нас адчапіўся.

На лініі стукалі, нешта строілі, што ноччу папсавалі партызаны. Выехалі мы позна. Наперад ішла пляцоўка з пяском, ехалі памалу, спыняліся. А цягнікоў паваленых было не пералічыць. Адзін ляжаў, і дым яшчэ йшоў з паравозу. Ну й партызаны! На нейкай станцыі насядала салдат, вагон быў поўны, ехалі яны на фронт. Мне гэта ніхто не казаў, але выгляд іх быў дзіўны, у адных нейкі адсутнічаючы, у другіх атупелы. Задуманыя трагічныя твары з зачыненымі вачыма. Адзін еў, другі разглядаў фатаграфіі, і здавалася, што плюнуў бы ён на гэтую ўсю бойню, каб мог бы, і ўцякаў бы да свае сям’і. Думалася: якое гэта варварства — вайна, якое ўзаемнае забіваньне…

Нарэшце мы апынуліся ў Менску, зьлезьлі з цягніка. Падбеглі да нас рыкшы, самыя сапраўдныя хлапчукі, упрэжаныя ў тачкі. Дзікасьць несусьветная. Узвалілі мы аднаму такому свае рэчы, ён і павёз. Гляджу на Русака й кажу: «Вось і прыехалі мы на Беларусь, каб бедны хлопчык валок нашыя рэчы». Русак падышоў да хлопчыка, упрогся разам з ім у тачку, і так яны йшлі пасярод вуліцы.

Менск ляжаў паранены, разьбіты, адны руіны й нішчата. Я пачала плакаць, нэрвы мае ня вытрымалі. Не магла глядзець на шэрых, убогіх маіх землякоў, на іх твары худыя й на кантраст — сытых немцаў…

Нам паказалі будынак, гдзе быў Кангрэс. Мы прыехалі позна, Кангрэс ужо адбыўся. Да нас падыходзілі людзі, знаёміліся з намі. Мяне ўсе ведалі з літаратуры. Твары людзей чырванелі з нейкага неспакою, аказалася, яны выступалі горда, моцна супраць усіх ворагаў Беларусі й супраць немцаў, не скрываючы гэтага. Кангрэс гэты дазволілі нехрысты толькі адступаючы, калі гінулі ўжо самыя, тады толькі згадалі пра нас. Людзі разумелі гэта.

Да мяне падышоў Вітушка, сказаў, што завязе мяне да Арсеньневай. Калі апынуліся ля ягонай машыны, такога нейкага «казла», ён спыніўся й кажа: «Ларыса Геніюш, я ненавіджу немцаў, я толькі й толькі беларус, але нам трэба здабыць яе для народу, гэту зямлю нашу, і трэба нам усё дзеля гэтага выкарыстаць… Я мусяў сказаць вам гэта». — «А я й так гэта ведала».

Мы паехалі да Кушаляў. Натальля Арсеньнева была сама ўдома, мы прывіталіся. Я памылася. Раптам увалілася ў хату поўна моладзі, яны хацелі, каб я пабыла з імі, у іхняй кампаніі гэты вечар. Натальля Арсеньнева іх ветліва ўсіх выправадзіла. Мяне ўлажыла ў пасьцель, і я, плачучы, як дзіця, заснула. Вечарам збудзілі мяне, прыйшоў Кушаль. Мала ў жыцьці я сустракала так шляхотных, бескарысных патрыётаў, якім быў Кушаль. Ён, як і Вітушка, жыў і дыхаў толькі тым, што мог нешта рабіць для Беларусі.

Мы былі ў такім становішчы, што нам нельга было абмінуць найменшай магчымасьці, гдзе можна было б заявіць аб тым, што мы людзі й зямля гэтая — наша зямля! Аб сабе з нас мала хто думаў, думалі аб народзе, аб справе. Нам нельга было падняць наш народ, але старацца захаваць яго фізычна, ратаваць яго ад ворагаў, ад абыякавых, штурхаючых сёлы на гібель, было неабходна.

«Малая розьніца між немцамі й рускімі для нас», — адказаў мне Кушаль, калі я ганіла немцаў. «Яны нелюдзі, але й тыя нічога добрага, акрамя лагероў і сьмерці, пакуль што не прынясьлі нам». Я змоўкла. Пачалася трывога, і мы спусьціліся ў склеп, гдзе я адчувала сябе як у Празе, бо публіка была там эўрапейская. Аказалася, што ў гэтым доме жывуць немцы й склеп супольны. Назаўтра з Натальляй Арсеньневай мы пайшлі ў Дом ураду. Нас агледзелі, далі пропуск, і мы падняліся наверх. Сустрэў нас першы Кастусь Езавітаў. Ён быў несказана рады з нашае сустрэчы, бо даўно ўжо шмат пісаў мне, называючы мяне салаўём беларускай эміграцыі. Прыйшоў да нас і Юрка Віцьбіч. Ён сабраўся ад’яжджаць, раскрыў свой чамаданчык і паказаў мне, што, акрамя кашулі, узяў з сабою ў дарогу маю кніжку… Назьбіралася моладзі. Нехта нас фатаграфаваў. Пасьля Езавітаў пазнаёміў мяне з Радаславам Астроўскім. «Я чуў пра вас», — сказаў мне Астроўскі, нейк крыху непрыязна глянуўшы на мяне. «I я пра вас чула», — кажу яму ў адказ. Прэзыдэнт сьпяшаўся, сказаў усім сабрацца ў вялікую залю. Мы туды пайшлі таксама. На цэнтральнай сьцяне вісеў вялікі партрэт Астроўскага. Людзей сабралася поўна. Астроўскі загадаў усім эвакуавацца, каб пайшлі атрымаць трохмесячную зарплату й зьбіраліся ўцякаць. Людзі заварушыліся. Я ўбачыла сваяго знаёмага яшчэ з дзяціных гадоў. Ён падышоў да мяне, і я крыху супакоілася, бо ведала, што гэты харошы чалавек выратуе мяне з найгоршага. Мы зноў паехалі да Кушаляў, але без Натальлі. Яна пабегла да бацькоў Адамовіча, якія былі самыя, яна наагул найменей думала пра сябе, памагала іншым.

Усім было загадана сабрацца ўжо з рэчамі ля будынку, гдзе быў Кангрэс. Я пачала пакаваць рэчы Кушаляў, завязваць усе ў клункі. Кушаль паглядзеў па хаце й кажа: «Трэба каб нашае сэрца было пры нас, глупства ўсе гэта, набытное». Пакідалася многае. Насмажыла я нейкай яешні, накарміла ўсіх, і мы паехалі на той панадворак, гдзе ўжо сабралася многа людзей. Не відно было чамаданаў: клункі, клункі. Сэрца сьціскалася, гледзячы на гэтых людзей. Куды ехаць, да каго ехаць? Мы, якіх павыклікалі з-за граніцы, мелі права ад’ехаць цягніком. Было нас даволі. Сябры выпрасілі нейк пэрсанальную машыну Астроўскага й злажылі туды свае рэчы. Пасадзілі мяне ў машыну, каб ехала за імі, калі прыйдзе шафер. Поўная машына партфэляў, чамаданчыкаў, і я сяджу ля іх, вартую. Твар у мяне заплаканы, хоць усе да мяне тут добра адносяцца, але горад у руінах гняце несуцешна. Немцы едуць, гаргечуць, а мы тут сядзімо, чакаем варожае ласкі — згінь ты, прападзі… Падышоў да мяне Алесь Салавей, прысеў такі прыгожы юнак, прадэклямаваў мне мае вершы. З маленькім клуначкам і маладой жонкай з дзецям на руках падышоў яшчэ адзін паэт. Гэта ўсяго іх багацьця. Душаць сьлёзы. Для ўсіх багатая мая Беларусь, жывуць тут і пасуцца розныя адшчапенцы, толькі для сваіх дзяцей яна такая няшчодрая. А яны яе любяць, нясуць жыцьцё сваё ёй у ахвяру й гінуць, і вецер заносіць пылам сьляды іх. Між іншым, той паэт з жонкаю трапіў да баўэра ў Нямеччыне. Памерла дзіцятка іх, не было ў чым пахаваць, аж кляты фрыц зьлітаваўся: даў дзьве дошчачкі беларусянятку памершаму. Закапалі малое, як жывёлінку.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win