Споведзь
вернуться

Геніюш Ларыса Антонаўна

Шрифт:

Часам прыходжу й гляджу на яе здалёк і бачу, здаецца, гата з адмарожанымі нагамі, як звозіць тугія бярвеньні на хату для сваіх семярых дзяцей. Было ў ёй звонка й было трагічна, бо крывавая будучыня прадзіралася ўжо ў нашую людзкую сьведамасьць прадчуваньнямі жудасных дзён. Узгадавала яна высокіх, мажных і харошых братоў маіх і сагрэла вечным цяплом сэрца маё беларускае, загартавала яго ў дабры й праўдзе, якой не змаглі ніякія ворагі людзкасьці. Думалася: нехта з нас адыдзе, нехта застанецца на гэтай зямлі ў гэтай хаце й будзе чакаць нас, калі прыедзем у вялікае сьвята на магілы дарагіх бацькоў, і ўсім нам будзе як у маладосьці, і памяць бацькоў будзе асьвячаць шляхі нашыя й выпраўляць нашыя памылкі. Мы славяне, мы Беларусы, у якіх ня гіне памяць аб мінулым і да якіх продкі нашыя асабіста ад вякоў ужо прыходзяць на Дзяды, каб разам пабыць у гасьціне. Усё благое адыходзіць у небыцьце, і застаецца чысты ўспамін аб найлепшым. Ходзім па зямлі й чуем, здаецца, спагаду й параду дзядоў сваіх сярод шырокага поля. Адабралі нам нават гэтае, абсьмяялі веру нашую, абычаі нашыя й мову нашую на нашай зямлі. А нашыя Дзяды ўсе ж прыходзяць да нас у кожную восень… I пакуль яны будуць прыходзіць да нас, датуль мы будзем людзьмі.

Жыцьцё нашае было працай, болем, але было й песьняй, якой не было ў другіх народаў. Пяялі ўсюды, і пяялі ўсе. Пяялі — знача жылі! Цяпер у нас пяе толькі гарэлка ў застольлі, раве бяздумна ўголас, калі маўчыць душа нашая, і песьня не кранае сэрца. Чаму ж не пяём? Чаму голас народу спаралізавала, чаго не было нават за лютае паншчыны? Некалі казаў муж нашай Валі-нявестачцы: «Ты яшчэ не засьпявала ў нашай хаце, таму ты ня нашая». Ён вельмі чакаў, каб гэтая «дочка» нашая запяяла… Не мадэрныя, чужыя песьні, а нешта з душы нашай, з душы народу…

Знача, застанецца за намі Залатая Прага. Былі ў мяне з ёю свае гутаркі. Старыя муры й каменьні болей мне гаварылі за жывую сучаснасьць. Узнагароджвалі за пакінуты родны край. Цяпер пазбавяць нас аднаго й другога. Пазбавяць нас зусім усяго, і буду нумарам толькі «0-287», які мне нашыюць на плечы й па якім будуць аклікваць мяне ў нечалавечы мароз нечалавечага краю аленяў і комі…

Хто ж даў права, хто ж даў права вырываць людзям душу й пераліцоўваць, пераварочваць на нейкі лад адвечную душу народаў? Ці могуць судзіць аб вартасьцях тыя, якія не разумеюць паняцьця сапраўдных вартасьцяў людзтва? Недзе яшчэ думалі аб нас, нехта яшчэ хацеў ратаваць нас. Былі гэта чужыя людзі, а лёс гнаў нас ужо на Поўнач загадамі Сталіна й яго халубў. У Празе бушавала рэвалюцыя, і падалі апошнія стаўпы незалежнасьці, якой не ануліравалі нават суровыя акупанты немцы. Крычалі яшчэ на вуліцах сакалы — сіла й гордасьць народу, але й яны замоўклі перад хітрай і грубай сілай.

Дваццаць пяць гадоў пражыў муж мой у гэтым горадзе і ў гэтым народзе. Ён ужо думаў па-чэску, так, як па-беларуску. Цяпер вырывалі яго з карэньнямі, і мне было вельмі жаль яго. Людзей, якіх нельга было зламаць, належала зьнішчыць. Пазьней скажа мне нейкі журналіст, які забрыў на дапрос у знамянітую «амэрыканку», што якая розьніца — з чэскім мы грамадзянствам ці з іншым, гэта толькі пытаньне пару гадоў, калі ўсё гэта будзе — рускае… Адна дзяржава… Нейкі гібрыд Эўропы й азыятчыны, падумала я.

Што ж, чалавек — жывёліна, якая магла жыць некалі на дрэве, пасьля ў пяшчэры, дык пэвен час стрывае й тут, але гэта будзе рэгрэс! Хвост нам пэўне ня вырасьце, але духовыя вартасьці атупеюць альбо й зьнікнуць зусім. Шчасьце людзей рэч індывідуальная, так і народаў. Як жа страшна пакідаць мілае сэрцу, прывычнае, роднае…

Ці ж заменяць нам бяздумныя й бяздушныя лозунгі сьвята нашых дзядоў? Руінамі глядзелі ў будучыню нашыя старыя замкі, гарады й сьвятыні. Іх заціралі, бурылі вялікую мінуласьць, як хацеў некалі сам фюрэр: зьнішчыць усё й тады цьвердзіць, што немцы прынесьлі культуру. Ён усё зьнішчыў, толькі далейшы яго плян праводзілі нагла ў жыцьце другія калянізатары. Вартасьці спрадвечнага Ваўкавыска пачыналіся ад Баграціёна… I так усё і ўсюды. Паявіліся новыя гэбэльсы, ніяк не ўступаючыя яму ў хлусьні і ярасьці прапаганды. Тое, што людзі называюць свабодаю, нам ужо вырвалі з сэрцаў.

4. Гэгэнна

Доля людзкая, відавочна, даецца нам пры нараджэньні, яе не абыдзеш і канем не аб’едзеш, як кажуць у нас. Колькі разоў я ўжо магла ў гэтым пераканацца за свой век, так як і ў тым, што прадчуваньні мае былі як верныя сябры, якія папераджаюць перад няшчасьцем. Край, з якога я выйшла, і асяродзьдзе яшчэ былі цесна злучаны з зямлёй, прыродай, яе стыхіяй, паверамі й спрыяльнасьцю такіх сілаў, якія падсьведама адчуваюць толькі дзікія зьвяры і ў меншай меры хатняя жывёла, асабліва сабакі. Памятаю, мне ніколі не бывала сумна на бацькавым хутары Жлобаўцы. Я адчувала таварыства дрэў, расьлінаў і матчыну прыхільнасьць да мяне атуленага сутоньнем, засеянага шырокага поля. Мне было цесна й сумна нават у невялікім гарадку Ваўкавыску, гдзе я вучылася, мне бракавала цёплай ласкі маіх нямых сяброў — шырокага поля, дрэў і жывёлы, ня кажучы ўжо аб нашай сям’і, да якой я была да болю прывязанай. Я ня знала, што выпадае, што трэба, што можна, што модна, я толькі ведала і ў душы маёй цаніла тое, што я люблю. Болей за ўсе на сьвеце я любіла маіх бацькоў і Радзіму, якую я разумела тады, як мой народ. Любіла вятры й зямлю, песьні старыя, ціхіх сялянак, коні й маладосьць. Гэта было даўно.

Я ўжо дзесяць гадоў у Празе, у мяне харошы муж і ўжо вялікі разумны сын, але сэрца мае належыць маей Зямлі, і яна мяне асьцерагае. Ужо тры гады, як няма мне спакою. Дрыжу й лекачу, калі чую расейскую мову, а калі бачу савецкіх людзей у ваеннай форме, замірае мне сэрца й хочацца быць там, гдзе іх не відно. Аднойчы йшлі мы са знаёмаю чэшкай пані Тэскавай вечарам па Празе, і мне зрабілася раптам пагана й неспакойна, я аж затрымалася, ня йшлі ногі. Аказалася, мы праходзілі каля савецкага пасольства, аб чым я нічога ня ведала. Маё добрае поле было са мною, быццам шаптала…

I так мы ў Вімпэрку на граніцы Чэхіі і Нямеччыны. Мужа далі там на паўгода лекарам, звольніўшы з фабрыкі, на якой ён працаваў у Празе. Сын вучыўся ў чэскай гімназіі й жыў на кватэры ўкраінцаў Кушчынскіх у Празе. А я то пабуду ў Вімпэрку, то зноў еду да сына. Цяжка без мяне аднаму й другому. А з Вімпэрка як жа блізка да граніцаў свабоднага сьвету, гдзе не крадуць людзей, гдзе людзі жывуць, можа, не багата, але свабодна, не баяцца ні ноччу ні днём нечага такога страшнага, ад чаго мне замірае сэрца й чаго сама яшчэ не разумею. Я не баюся, адвагі хапае мне й рашучасьці ў жыцьці, гэта ня страх. Я выжыла ў вайну, не скрывіўшы, не запляміўшы чысьціні сваяго беларускага сумленьня. Гэта нешта горшае, нейкая непазьбежнасьць, як мукі й пекла яшчэ за жыцьця. Муж прымае хворых у сваім кабінэце, а калі едзем да іх за Вімпэрк, у мяне заўсёды паяўляецца надзея, што ноччу пераедзем граніцу, і я пачынаю дыхаць лягчэй, хочацца толькі, каб разам быў сын, а болей нічога ня трэба. Гэта былі толькі мары, у мужа не было прадчуцьця. У лекараў падобнага не бывае, яны не паэты…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win