Шрифт:
Ідзе экскурсія на Сьнежку (найвышэйшая там гара, нешта 800 мэтраў) [78] , я ўпрасіла мужа, каб пайшлі й мы. Хораша, так хораша, неба блізка, а калі захмарылася, дык воблакі плывуць пад нагамі, не нагледжуся на прыгаство, скачу лёгка, як каза, я ня ведаю змучаньня, але пачынаецца дождж, мы заходзім у турысцкую хату, перакусваем нешта. За намі ўбягае, засопшыся, тып з партфэлем і пытаецца, ці ня ўздумаем ісьці яшчэ на Сьнежку? Шпіён, шпік за намі й тут, у гэтых божых гарах, ледзь ужо дыша, няшчасны вырадак, як жаль, што ня йдзем на Сьнежку…
78
Снежка, найбольш высокая вяршыня ў Судэтах на граніцы Польшчы і Чэхаславакіі (1602 м).
Дамоў у Прагу вяртаемся аўтобусам і пасьля цягніком. У аўтобусе як пад стражай проста адчуваецца, як акружылі. У цягніку ўжо вальней. Едзем дамоў, і нам сумна, ужо сьцяна дыму й сажы над Прагаю, здаецца, цяжэй стала дыхаць.
Юра вернецца за пару тыдняў. Ад’яжджаючы, мы былі ў яго на Сазаве, вазіў нас на лодцы, частаваў абедам. Былі мы з другімі бацькамі й ля іхняга круга, гдзе пяюць і чытаюць малітву. Хлопчык тут чуецца добра, а з нас такі рады, такі рады. Нешта трэба напісаць яму, галоўка не працуе на такой цудоўнай рэчачцы, просіць, каб я яму крыху дапамагла. Сам ён зробіць лепей, калі захоча, але я крыху памагаю. Маці.
Едзем, і я аб ім думаю, так ужо хочацца пабачыць сыночка. За гэтыя тры нядзелі столькі пошты! Назаўтра бяруся за парадкі. Столькі прыгожых рэчаў мне купіў муж, калі мы ад’яжджалі: новы нэсэсэр, туфелькі адныя, другія, шорты. Усё гэта складаю на месца. Выціраю сьцены, вытрасаю дываны, драткую [79] паркет, мыю, шарую, прасую цэлы дзень, да чацьвёртай гадзіны ўначы, каб ужо ўсё гэта кончыць. Праца адганяе трывогу.
Назаўтра доўга сьпімо, мужу яшчэ цераз дзень на працу. На падлогу падае пошта, бягу, бяру лісты, і сярод іх адзін, гляджу, з Польшчы, ад мае сястроначкі Люсі. Заміраю: чаму ж не ад мамы, баюся адкрыць ліста… Божа мой, даю яго мужу… Муж адчыняе ліста, чытае, маўчыць, зьбялеў нейк… Божа мой, мама памерла ў 45-м годзе з голаду ў Казахстане, тата загінуў у гродзенскай турме, Расьціслаў загінуў у арміі Касьцюшкі ў 45-м годзе 28 красавіка, Аркадзій загінуў у 44-м годзе 27 ліпеня ў арміі Андэрса ў Італіі… Ногі мае з ваты, і сьвет кружыцца, кружыцца… Праўда гэта? Праўда гэта? Ці не замнога столькі на чалавека за раз? О, мама… О, Славачка, няўжо й ты наважыўся мяне пакінуць, браціку мой… Аркадзічак, Тату… Гэта няпраўда, няпраўда, няпраўда… Бяда мне, бяда, як перажыць мне й пашто жыць?.. Божа мой, барані дзіця мае адзінае, ратуй маяго мужа… Юрачка, сыночак мой, як табе, Юра? Я, здаецца, згубіла розум, білася аб падлогу галавою, грызла зямлю. Сапраўды, я, здаецца, здурэла.
79
Драткаваць (чэшск. dratkovati) — націраць пол.
Толькі цераз пару дзён пайшла старацца, каб мне дазволілі паслаць пасылку ў Польшчу, апрануць няшчасных, Люсі паслаць лекі, бо хварэла на бруцэлёз, якім заразілася ад гавец у Казахстане…
Трэба было паехаць і паглядзець, ці жывы Юра? Ноччу мне прысьнілася, каб не наракала, што можа быць яшчэ горай, яшчэ страшней. Сьмерць і гора абступілі мяне з усіх бакоў, надыходзіў нейкі абсалютны канец, трагічнае завяршэньне цярпеньня. Што ж, у гэты час муж мой меў ненармальную жонку. Здаецца, ніхто з людзей ня меў такога жудаснага болю, як я… Сестрам я ўсё паслала сваё, і людзі мне памагалі. Адзела іх усіх, пааддавала ўсе, што мела. Люсенька была шчасьлівай. Памаглі ім і мае сябры ў Польшчы, далі ім кватэру ў Вроцлаве, далі працу. Цяпер яны маглі жыць.
Толькі я стала горам для сваей сям’і, уся душа мая была з мёртвымі. Удома быў толькі мой цень. На імшу я дала па іх у касьцёл, і каталіцкі ксёндз маліўся па іх. Яшчэ сьцерва папярэдзіла мяне, што пражскія сьвятары, якія засталіся, цяпер агенты іхнія і ўсё даносяць… Ня ведаю, ці гэта было праўдаю, але мне рабілася страшна нават ад пачутага расейскага слова.
А сёстры жылі, ачунялі. Што толькі магла, я ім слала — і прыгожую ябланецкую біжутэрыю, і лекі, і новае, і крыху ношанае, і гэтым жыла. Жаль мне было часам мужа, бо са мною ўжо не было ніякай гутаркі, як з дурнем. Настаўлю фагарафіяў памершых і ўглядаюся.
А на працы ў мужа пачало ня ладзіцца, пачалі яго змушаць уступіць у партыю, але бн сказаў ім, што лекар і ксёндз ня сьмеюць быць партыйнымі. Партыяў чатыры, а яны для ўсіх. Пачалі памалу капацца пад намі ўсюды, і спакою ўжо ў нас не было.
Аднойчы прыйшоў ліст, на якім было толькі напісана: «Доктар Іван Геніюш у Празе». Шукалі нас доўга, але знайшлі. Ліст быў ад брата Аляксея. Ліст быў прыблізна такі: дарагі швагер, гдзе мая сястра й гдзе наш Юра? Пачалася перапіска. Паляцела трагічная вестка й да яго. Ён быў у Англіі, прыгожы, рослы, з крыжамі заслугі, але без раненьняў выйшаўшы з вайны. Аркадзі сканаў у яго на руках і пахаваны ў Ларэта ў Італіі, у братняй магіле з палякамі, з якімі й ваяваў.
Брату хацелася памагчы мне, пасылаў, што мог, найболей ангельскія цыгарэты, бо іх усё было мала. Аднойчы прыслаў мне й залаты крыжык у папяросах цудоўнай мастацкай работы. Я не расставалася з ім, аж зьдзерлі мне яго разам з абручальным персьценем і гадзіньнічкам у савецкай турме й болей іх мне не вярнулі…
Я крыху супакойвалася. Нас наведаў брата прыяцель, англічанін Сыднэй Алард. Вельмі цікавіўся нашай сям’ёй. Бываў у нас, што вельмі не падабалася нашаму навакольлю, і мы проста самохаць ішлі да нейкае згубы, ня хочучы ніяк пакарыцца хмарнай рэчаістасьці. Жылі трудна, але жылі, як хацелі, жылі, як сапраўдныя людзі, ня крывячы сваім сумленьнем і не прадаючы яго ні дорага, ні танна, бо на чалавечае сумленьне цаны няма! Такое не прадаецца, і няхай мне ніхто ня кажа, што нельга ўстояць!!! Няма сумленьня й няма чалавека! Касьцяк людзкі — гэта людзкое сумленьне.
Нас пачалі падганяць, каб мы бралі грамадзяніства. Муж хацеў чэскае, аж пішчаў. Вельмі гнаны чужынец, праз усё жыцьцб бн хоць раз хацеў быць грамадзянінам дзяржавы. А Сыд Алард таксама пытаўся ў мяне: «Хто бароніць людзей без грамадзянства?» Я кажу яму: «Бог!» — «А англійскіх грамадзян бароніць Бог і кароль», — мудра адказаў Сыд… Жаль, я не зразумела тады як належыць разумных слоў братняга друга, дый ён мог бы сказаць мне гэта хоць яшчэ адзін раз, і жыцьцё нашае было б лягчэйшым…
I так мы пачалі старацца чэскае грамадзянства, як хацеў муж. Чэхі ня проста давалі людзям пасьляваеннае сваё грамадзянства. Яны нас трасьлі-ператрасалі, перавяралі ўсе костачкі й ніякіх грахоў не маглі за намі знайсьці. Было толькі ім не зразумела, чаму за нас, чужынцаў, бяруцца ўсе іх чатыры партыі. Яны нам гэта сказалі. Ніяк не маглі зразумець, што беларусы мы, што мы людзі, людзі ў кожных абставінах жыцьця, якія ня здрадзілі праўдзе, шляхотнасьці, сваёй Бацькаўшчыне, народу і ўсім добрым людзям на сьвеце. Вузкалобыя гэтага не маглі зразумець.