Споведзь
вернуться

Геніюш Ларыса Антонаўна

Шрифт:

Нашыя суседзі Байбусы, якім датла згарэла хата, ладзілі вечарынку. Панна Стася з панам Весялухай, сваім пазьнейшым мужам, зусім не адчувалі ні гора, ні страху, ні літасьці над тымі, што гінулі ў лагерах, на франтах, па лесе… Людзі, знача, адзічэлі, калі ў такі час маглі танцаваць, атупелі начыста. Кожны важны немец меў сабе любоўніцу ў Зэльве, і гэта было яшчэ страшней. Гэта былі полькі пераважна, якім здавалася, што занялі яны адпаведныя, «ключовыя пазыцыі» й зноў хоць такім чынам могуць рабіць супраць беларусаў польскую палітыку…

А на плоце вісела аб’ява, гдзе перачысьляліся расстраляныя заложнікі, я не дачытала іх да канца… Стагнала толькі раненая зямля, а людзі, як мурашкі, ціха краталіся, думалі аб жыцьці. Я папыталася ў адной знаёмай, як жа яна жыве з тым немцам, які, напэўна, забіваў людзей… «Ён няшмат забіў, — адказала, — можа, усяго кільканаццаць асоб, і то, калі забіваў іх, дык быў п’яны…» О, Божа, што робіцца з людзьмі, на гэтакага ж глянуць боязна.

Пачаў заглядаць нейкі фрыц і на наш ганак… Нічога я так у жыцьці не баялася, як гэтага чалавека: тоўсты карак быў з незажытымі скуламі, нахабны, сам так і паглядаў у мой бок, і была б сьмерць мне, каб ён мяне крануў, бо такога я ніяк не стрывала б… А ўсе зэльвенскія дамы лічылі такое за гонар…

Згінь ты, прападзі з такой пэрспэктывай! Немцы за мною шпіенілі, а нашая пані Каця ў гэтым памагала… Хто ж бачыў такую жудасьць? Нарэшце я пайшла да камісара папрасіць, каб дазволіў брату да нас прыехаць. Гэты ветліва прыняў мяне, даў дазвол і выразіў жаданьне, каб я засталася настала ў Зэльве.

Славачка прыехаў! Высокі, як дуб, прыгожы. Стаю, паглядаю й плачу. А ён абняў мяне й слова ня вымавіць… Ноч напралёт гаварылі мы з ім. Часам было чутно, як ляціць аэраплан, тады Славачка казаў мне, чый ён, арыентаваўся па гуку. Абгаварылі мы ўсе сямейныя, усе партызанскія справы. Расьціслаў вельмі хацеў, каб я прыехала ў Жлобаўцы, што партызаны радыя чакаюць мяне. Тым, хто забіў бацьку маяго й вынішчыў сям’ю, я ня верыла… У дзядзькі маяго была дачка, і я думала няблага, каб Расьціслаў з ёю ажаніўся. Ён заяжджаў да іх, але калі я папыталася, ці ён кахае яе, хлопец прызнаўся, што кахае іншую, але гэтую возьме, бо я так хачу… Я спалохалася й пачала прасіць яго, каб ажаніўся з той, якую кахае. З ніводнай не ажаніўся, перашкодзіла сьмерць. Ад’яжджаў мой брат пакуль што з мужавай мамай у Пятрэвічы.

У Зэльву прыехаў беларускі канцэрт. Артысты прыйшлі да нас запрасіць мяне на яго. Я вельмі хораша апраналася, адзеньне ў Празе шылася з густам, і таму на мяне ўсе зьвярнулі ўвагу й немцы. Я стаяла разам з іншымі жанчынамі, і мяне за руку стуль вывалаклі наперад. Артысты вельмі хацелі, каб і я нешта сваё сказала. Я шчыра паясьніла ім, што гэта не для мяне… Канцэрт быў вельмі добры, і мясцовы бацюшка запрасіў артыстаў да сябе. Там пры чарцы ім вельмі разьвязаліся языкі, амаль кожны тост быў за мяне. Паразьбіралі ўсе драбніцы з мае сумачкі сабе як сувеніры, а тоўсты немец пачаў пытацца, што я за такая важная пэрсона, няўжо нельга ўспомніць таксама і «Дойчлянд»? [52] У людзей выявілася ўся нейкая спрэсованая нянавісьць да ўсяго, што ня наша, было дзіўна.

52

Дойчлянд (ням. Deutschland) — Германія.

Назаўтра быў ужо Славачка. Яшчэ з усходам сонца зноў пад вакном паявіліся артысты, яны клікалі мяне. Усе мы пайшлі на зэльвенскія могілкі, скуль было відаць Зальвянку й другі яе бераг, які ўжо лічыўся «Остлянд», а мы былі «райх»… Сьмешна, каб не трагічна… Мы маўчалі, сэрцам ахапілі ўсю нашую зямлю, гутарылі, што хацелі, ня верылі ў нейкіх даносчыкаў спасярод нас… Пасьля пасядалі, хлопцы мелі гарэлку й закуску. На першай траве выпілі па чарцы, пакаціліся сьлёзы. Хораша ляжаў, выцягнуўшыся на траве, Славачка, быў задуманы.

Артысты, забраўшы сваіх жанчын, адыходзілі. Яны несьлі тое, дзеля чаго галоўнае езьдзілі па сёлах: кашы з яйкамі, з салам. Несьлі іх на калочку па двое. Ім не было ні карэты, ні машыны, ішлі пешкі. Усе абнялі мяне, кожны пацалаваў. Праз сьлезы нешта гаварылі. Пазьней я прачытала ў беластоцкай газэце вельмі цёплае апісаньне нашай гэтай сустрэчы. Пасьля я праводзіла Славачку. Конь у яго быў харошы, але ехалі мы памаленьку, гаварылі пра бацькоў. Ехалі далей і далей, і не хацелася расставацца. Нарэшце далёка за Бародзічамі абняліся, расцалаваліся. Я пайшла хутка, каб не аглядацца, але не стрывала, калі павярнулася, дык убачыла жудаснае. На месцы стаяў і конь, і брат, і ўся яго магутная постаць уздрыгвала з плачу. Мы болей у жыцьці не спаткаліся. Я засталася пры мужу, а сэрцам рвалася туды, гдзе гэты верны, найдарожшы мой брат, каб, забраўшы сына, з ім разам чакаць бацькоў.

Другі раз для мяне зацьвіў бэз гэтай вясною. Мне сьнілася, як ён асыпаў парог наш. «Бэз асыпаў квецьцем твой парог, Расыгіславе, наймілейшы браце».

Назаўтра прыехаў Яначка. Яго проста выкінулі са Слоніма. Немцы, якіх ён лячыў па сваёй спэцыяльнасьці вэнэролага, парадзілі яму маўчаць і казаць толькі «яволь», г. зн. нешта накшталт «так, ёсьць». Ён так казаў, далі яму хатні арышт і за тыдзень паперлі. Палякі на гэты раз зрабілі нам добра, іх даносы, на шчасьце, ня скончыліся сьмерцю мужа. Нядаўна бацька Алега Лойкі езьдзіў як сьведак на Эрэна, слонімскага камісара, у Нямеччыну. Разглядалася й справа расстрэлу мужа. Выратавала яго, як я раней пісала, Прага, знача, зноў Піпэр..

Прыезд мужа быў як дзіва, як цуд. Нам проста ў такое ня верылася. У паперы, якую яму далі, забаранялася яму мэдпрактыка на тэрыторыі ўсяго т. зв. тады «Остлянду»… Янка бараніў сёлы й сьмела выступаў супраць Эрэна… Палякі цешыліся, далбка глядзець і бачыць яны ня ўмелі…

Нехта, хто дапамог выкінуць мужа са Слоніма, зрабіў нам добрую ўслугу. Па тым, што ўначы стралялі па мужу, што даносілі на яго палякі й не любілі немцы, можна было судзіць, што жывым ад іх ня вырвацца, бо, наагул, ліквідавалі людзей самохаць. А гэта бы цуд: ехаць у Прагу! Доўга мы не пабылі ў бацькоў, паехалі яшчэ паглядзець у Пятрэвічы, у тыя некалі так камуністычныя за Польшчы. Сваіх родзічаў мы засталі на сялянскай вечарынцы… Я сумелася: такая вайна, партызаншчына, амаль сьмерць па дарогах, а сяло гоне самагонку, п’е й вось скачуць сабе, як у мірную пару. Мы не маглі так, боль зямлі адгукаўся ў сэрцы. Мне далі дазвол паехаць да брата, але муж мяне не пусьціў, мы спяшаліся ў Прагу.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win