Шрифт:
Сяджу, чакаю шафёра. Нарэшце бачу: сунецца дзябелы дзядзька і, убачыўшы мяне, аж грыміць, што я раблю ў яго машыне. Кажу: «Гэтыя рэчы пакінулі тут сябры й казалі, што вы завязеце іх і мяне на станцыю». — «Я нікога не павязу, гэта не мая справа», — грыміць яго вялічаство прэзыдэнтаў шафер. «Ах так, дрэнь, калі столькі людзей у не бясьпецы й трэба ім дапамагчы, ты тут будзеш слухаць мяне ці ня слухаць? Дык ведай, ведай, воўча шкура, што везьці мяне завялікая чэсьць для цябе, нехрыст!» — крычу, а сама выкідаю рэчы з машыны ў горбу [57] . Шафёр сумеўся, можа, ужо й павёз бы мяне, але з такім зьверам, халуём нямецкім сама не паеду! А той жа прэзыдэнт дазволіў сябрам машыну, і што ён тут зьдзекуецца? Людзі глядзяць на мяне, як на дзіва. Падыходзіць, кульгаючы, нейкі чалавек, дае мне палку й кажа: «Дайце яму гэтай палкай, прахвосту, надаелі яны мне. Я лекар, я хацеў тут зрабіць беларускі Чырвоны Крыж. Яны, вось такія, як ён, ня далі мне, гады». Падымаецца бунт на дзядзінцы: капітан жа зыходзіць з карабля апошні! Ніхто ня думае пра людзей. Ажно вярнуліся сябры, цягніка няма. Бачаць яны, што тут робіцца, маўчаць, крывяць насамі, а да мяне падыходзіць бацюшка, ды мой сваяк прытым, прапануе фурманку сваю на рэчы, гасьціну ў сваім доме, што ля вакзала, каб было бліжэй. Яго чалавек ужо пакуе чамаданы на фурманку, але тут перашкода. Зьнекуль явіўся нейкі тып высокі й чорны, называецца Сьцяпанаў. Учапіўся да маіх мужчынаў, а іх якіх дзесяць чалавек, каб нікуды ня ехалі, што ён завядзе нас у сховішча, там пераначуем і г.д. Не дае пакаваць рэчаў. Я крычу, каб ён адышоў і каб яго ніхто ня слухаў, бо яго сховішча ў руінах — гэта чортава лавушка! Я чую руку Ермачэнкі, вось ён яшчэ хацеў, каб быў тут і муж, і сын наш, якому дзесяць гадоў няма… Не адыходзіць, бандыт, толькі кажа: «Ня слухайце гэтую жанчыну, ня едзьце да папа, мы тут весела з вамі правядзем вечар». Мне ўсё ясна, нас тут трэба ўсіх забраць. Безумоўна, ня немцам мы патрэбныя. Ясна як божы дзень. Мяркую, каб бліжэй да станцыі. Ужо іх некалькі сабралася супраць мяне. Нарэшце кажу: «Хто хоча ехаць са мною, няхай едзе, а не, дык будзе вам горай». Сьцяпанаў дастаў пачку папяросаў, цэлую сотню, і частуе імі Езавітава, а той глянуў на яго й кажа: «Не да смаку мне вашыя папяросы…»
57
Горба (дыял.) — куча.
Фурманка паехала, і ўсе мы пайшлі за ёю. Ніхто не адышоў. Не адышоў і Сьцяпанаў з дружкамі. Веў нас тры кіламетры да таго бацюшкі, усё пераконваў, каб вярнуліся, але выйграла я! Дачка татавай сястры, цёці Мані, была жонкай айца Лапіцкага, вось мы да іх і прыехалі. Старэнькі сьвятар Балай сядзеў ля стала й заставаўся з намі, галоўнае, са сваімі рэчамі, а мае сваякі, і жонка, і сын айца Балая ад’яжджалі ў цэркву, гдзе вельмі моцны склеп. Сястронка мяне ня клікала, а я села на канапу ля стала, зьняла чаравікі і ўздыхнула. Супакоілася нарэшце. Сябры былі пры мне. Пасьля пайшлі мы з Езавітавым на станцыю. Усюды ляжала поўна раненых, стагналі. Цягнік ішоў толькі ў пяць раніцай, але каб дастаць білеты на яго, трэба было мець посьвядку аб дэзынфэкцыі ад вошаў — «энтляўсунгшайн»… [58] Ах, ну ж і немцы, гінуць, падцягваюць порткі на хаду і яшчэ трымаюцца да апошняй хвіліны распарадку, ну і «орднунг»! [59]
58
Маецца на ўвазе пасведчанне аб дэзінсекцыі (ням. Entlausungschein).
59
Орднунг (ням. Ordnung) — парадак.
Я зноў на канапе. Ля стала ўсе сябры. На стале рэвальверы. Усе нэрвовыя. Прыйшлі яшчэ незнаёмыя. Відаць, і яны разгадалі Сьцяпанава, але маўчалі й паглядалі, што будзе. Адзін сябра ведае маю сям’ю, дзеда. Ён кажа: «Як жа вы, з такое багатай хаты, так ведаеце быт наш, душу нашага народу, скуль вы ўзяліся, такая харошая?» Я тут адна сярод іх. Амаль плачуць, што трэба ўцякаць са свае зямлі, гордыя хоць тым, што вельмі моцна выступалі сябры супраць немцаў на Кангрэсе. Не называю сяброў, няхай жывуць спакойна. На стале паявілася ежа, бутэлька. Пілі й плакалі, і былі ўсе як адзін, а мяне гатовыя бараніць сваім жыцьцём. А тут няпэўнасьць, а можа, не дажывем да заўтра?
Трывога, усе пахаваліся ў склепік, селі на бацюшкіну бульбу й кублы, але Езавітаў выцягауў мяне за руку, абняў і кажа: «Ня бойся, мой салавейка, яны ня будуць горад бамбіць».
Назаўтра ранічкай мы былі ўжо на вакзале. Посьвядкі аб дэзынфэкцыі мы з Езавітавым проста купілі. Занялі мы цэлае купэ. Яшчэ да нас прыселі землякі, і цягнік на адыходзе. Тут я замерла, убачыла Сцяпанава, а з ім нямецкія салдаты, якія напалі на нашае купэ, з крыкам «раўс русішэ швайн» [60] усіх нас выкінулі! А цягнік адыходзіць! Даў мне з сабою Кушаль, каб перавезла яму даўгі кажух, а ў мяне яшчэ рэчы. Дала я кажух Сяднёву, паэту, бо ён нічога з сабою ня меў. Усе кінуліся да другіх вагонаў, хто куды. Цягнік рушыў. На дручку вісеў Кушалеў кажух, а ледзь жывы Сяднёў ехаў на буферах. Ну й ну… Вось штука, вось Сьцяпанаў…
60
Раўс русішэ швайн (ням. heraus russisches Schwein) — вон, руская свіння.
Немцы сядзелі адзін на адным. Набралі з сабою машынкаў, пакункаў, бурчаць на нас, ледзь не выпіхаюць з вагона. Сябры ўгаворваюць іх, а я прашу, каб не ўніжаліся, ужо што будзе, тое й будзе. Едзем дзесяць мінут, а пятнаццаць стаімо й сунемся ўсё так памаленысу. Немцы прыціхлі, усе на мяне паглядаюць, а я кармлю сваіх сяброў — кожны мне прынёс, што меў, і я дзялю ўсім беларусам і незнабмым, усім пароўну. Ехаў там нейкі наш лекар, ехалі іншыя, якіх мы зусім ня ведалі, але з якімі пароўну дзяліліся тым, што было. Немцы бурчэлі, пасьля голасна пачалі лаяцца. Для іх мы ўсе былі «русішэ швайн», і яны, седзячы на сваіх трафеях, скрыгіталі зубамі са злосьці, што іх пышны, наглы й ганаровы паход па калёніі закончыўся тым, чым і меў закончыцца — безгаловым уцёкам дамоў. Хлопцы трывожыліся, але я іх папрасіла, каб стрывалі ўсе рэплікі, маўчалі. Калі было найгорай, дык падняўся адзін старэйшы немец, які сказаў, што ведае нашую мову. Проста сказаў ім: «Вы мелі б вучыцца ад гэтай жанчыны, як быць людзьмі». I яшчэ нешта гаварыў ім. Усе пачалі да мяне прыглядацца, нейкі малады баранэт, якога ў цывільнай вопратцы пасылалі з фронту дамоў, уступіў мне месца, усе мы вальней уздыхнулі.
А цягнік поўз і два разы столькі стаяў, што поўз. На кожнай такой стаянцы прыходзілі да мяне сябры, якія трапілі ў другія вагоны. Кожны нешта мне нес: хто цукерку, хто кусочак бісквіту з хаты, Мірановіч, наш мастак, — вялікую срэбную латышскую манэту «лат», якія латышкі носяць як мэдальёны. А Найдзюк назьбіраў ля чыгункі на замінованым полі суніцаў чырвоных першых і прынёс іх мне. Пазіраюць на нас немцы, і ім няўцям такое. Адзін ня вытрымаў і пытаецца ў мяне: «Скажэце, мадам, няўжо ў вас столькі любоўнікаў?» Усе мы сумеліся: пра што пра што, але пра любоў у іх разуменьні мы тут начыста забыліся, гледзячы на параненую нашую зямлю. Адзін сябра кажа: «Гэта ж нашая паэтка». Немец не разумее гэтага, кажа, што і ў іх ёсьць паэткі, але ж пачуцьця такога да іх няма… I мы ніяк не вытлумачылі немцу нашую ўзаемную, глыбокую, як гора нашае Радзімы, любоў.
Далей ад Менску перапынкі рабіліся меней частымі, на адным з іх зьлез і немец, які задаў нам такое пытаньне. Быў кульгавы й памаленьку пайшоў ля вагонаў. Калі вярнуўся, дык прынёс і падаў мне букецік васількоў, нічога не сказаў пры гэтым, відно, што нас зразумеў. На адным такім перапынку выцягнулі мяне сябры з вагона. Была гэта нейкая станцыя. Здалёк бег хударлявы сьвятар, і каса толькі паддзыгала яму на шыі. Відно, спяшаўся, каб уцячы ад фронту. Мяне паклікалі ў вагон, гдзе я ледзь не абамлела: на лаўцы стаяла бутэлька гарэлкі, закусь, каля яе Ярэміч і жудасны Сьцяпанаў — разам выпівалі… 0, сябры мае наіўныя, беспрынцыповыя, недальназоркія…
А цягнік прысьпяшаў бег. Сябры апусташалі мой радзікюльчык, усе прасілі ў мяне сувэніраў, давалі свае. За вокнамі мільгалі сёлы, шэрыя яшчэ хаты й жанчыны ля іх, танклявыя, шэрыя, зажураныя. Зусім як на абразах Мірановіча. Мы стаялі з ім і спрачаліся. Я бачыла заўсёды нашую Беларусь гожай, квітнеючай, радаснай. Ён мне даводзіў, што памыляюся, а я яму казала, што бачу наперад. Па дарозе людзі вылазілі, і стала вальней. Па шляху раўналегла з цягніком ехала безьліч машынаў — ні канца, ні пачатку… Немцы ўжо асвоіліся з намі зусім, толькі мы на іх мала зьвярталі ўвагі. Паволі сядала сонца, разьвітальныя яго праменьні клаліся на высечаную ад дрэў паласу, на палі, на сёлы, а там было мае сэрца й мае вочы. Мне здавалася: бачу свой дом, цяжка ступае тата па сьцежцы, сьмяюцца сёстры, гамоняць браты й мама клапоціцца, як прыняць і чым пагасьціць мяне, дзіця, адарванае ад яе сэрца. Заўседы ўдома, калі заходзіла за хатаю сонца й апошнія яго праменьні нейк трагічна лізалі ўзгорак нашага панадворка, мне рабілася трывожна й сумна за заўтрашні дзень. Сэрца шчамілі прадчуцьці нядобрага, і я бегла дамоў, абвівала рукамі бацькаву шыю, стаўшы на цыпачкі, ці туліла голаў на маміны грудзі. Яна як бы крывілася крыху з маіх такіх дарослых нечаканых пяшчотаў, але адчувалася, што шчасьлівая гэтым, бо замаўкала й выцірала вочы. У такія хвіліны я цалавала галованьку Люсі й раз сказала на сьвіньню нашую «сьвіначка-дзецятко», чым мяне пасьля доўга падрочвалі [61] . Я дзякую таму часу за любоў да мяне амаль усіх стварэньняў, дрэваў і самой зямлі. А можа, гэта я ўсё так кахала тады?
61
Падрочваць (дыял.) — дражніць.