Шрифт:
Еду я адна. Я не зьвярталася цяпер да фрау Піпэр, але яна сама прыйшла да нас, каб ратаваць мяне. Было позна, ехаць было трэба. З Прагі ехаў яшчэ, паводле таго ж загаду, і інг. Васіль Русак. Знача, мы ўдваіх. Думаць не было часу, у жылах яшчэ была маладосьць і страх, адзіны страх толькі за сваю сям’ю, а яна застаецца ў Празе.
У Прагу прыехаў якраз Адольф Клімовіч. Ён затрымаўся ў нас. Прыехаў, каб ратаваць беларусаў. Беларуская хадэцыя [54] , беларуская клерыкальная партыя (1917–1940) пастанавіла ратаваць сваіх, пераправіўшы іх у Чэхаславаччыну, дзеля таго й прыехаў у Прагу Клімовіч. Ведаючы адносіны бальшавікоў да рэлігіі, можна было спадзявацца вынішчаньня, фізычнага вынішчаньня нешматлікіх беларускіх хадэкаў. З немцамі ім было не па дарозе, і яны не хацелі ўцякаць з імі разам. З кароткай гутаркі з Клімовічам было відно, што чэхі арыентуюцца толькі на рускіх, чакаюць іх і хочуць паспрабаваць супрацоўнічаць з імі. Клімовіч прадбачыў канец такога кантакту й высказаў свае меркаваньні, але хто не спрабўе, той не паверыць тым, якія ўжо добра пазналі адных і другіх. Чэхі лічылі сябе найболей культурнымі й разумнымі з усіх славянаў, і ім здавалася, што яны ў падобным саюзе будуць мець гэгэмонію над адсталымі расейцамі і ўсімі славянамі, што ўсе будзе паводле іх плянаў, асабліва ўся эканоміка. Іх пераканаць у тым, як яны памыляюцца, было нельга. Што ж, каго Бог хоча пакараць, таму адыме розум.
54
Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД).
Я прыгатавала крыху прадуктаў, што ў вайну можна было прыгатаваць, каб Янка меў дастатак. А Юрачку мы аддалі Ружэне Вітмаеравай, жанчыне, якая часта наведвалася да нас і была, здаецца, савецкай шпіёнкай, але тады мы аб гэтым ня ведалі. З сабою я амаль нічога ня брала, апрача бутэрбродаў і бутэлькі каньяку на ўсякі выпадак. Муж і Клімовіч праводзілі мяне да цягніка. Я ўбачыла, што забылася ўдома свае невялікія грошы й партманэ. Клімовіч па іх паехаў. Быў гэта ўжо з самага пачатку нядобры знак.
Нарэшце я папрашчалася з імі, і цягнік рушыў. Муж плакаў сьлязьмі. Ехалі мы да граніцы з Польшчаю. Русак маўчаў, ён нешта думаў і толькі соп, я да яго не аказвалася. З намі ехала сям’я вельмі цікавых людзей. Яны папыталіся ў мяне, куды мы едзем. Даведаўшыся праўду, не маглі супакоіцца… Яны гатовыя былі вярнуць мяне сілаю назад, прадбачылі найгоршае. Яны слухалі забароненае радые, чаго баяліся рабіць мы. Пару гадоў ужо, як нам дасталі кароткія хвалі з радыбпрыёмніка й на гузічак начапілі картку, у якой было, што за слуханьне чужога радыё грозіць сьмерць. Баяліся мы за сына. Часам толькі прыходзілі Міціны і ўсоўвалі ў прыёмнік шпільку. Нехта стаяў на вахце, і такім чынам слухалі забароненае. Баяліся мы дворнічыхі, і нездарма. Усемагутная даносчыца пры немцах, такой жа была пазьней і пры бальшавікох.
Чэхі папрасілі ў мяне мой адрас, далі мне свой. Я абяцала ім паведаміць адразу аб сваім падарожжы, безумоўна, калі вярнуся, на што, паводле іх, было мала надзеі. Бліжэй Польшчы паявіліся немцы, якія ехалі дамоў на «урляўб» [55] . Былі гэта, відавочна, «фольксдойчы» [56] , бо гутарылі па-польску. Везьлі яны з Італіі шаўковыя панчошкі, шоўк і іншыя падарункі сваім дамам. Сярод іх выдзяляўся вельмі востры на язык аўстрыяк у скураных кароткіх нагавіцах, малады яшчэ. Я маўчала, але ён нешта ў мяне запытаўся абыякавае, я адказала яму паважна, мусяла сказаць і тое, куды я еду. Аўстрыяк, які ехаў мабілізавацца ў Варшаву, вельмі спалохаўся, ён таксама рад бы вярнуў мяне дамоў, але мы пад’яжджалі ўжо да польскай граніцы.
55
Урляўб (ням. Urlaub) — водпуск.
56
Фольксдойчы (ням. Volksdeutsche) — немцы, што жылі за межамі Германіі.
Мы пераходзілі ў польскі цягнік, а пакуль што йшлі на таможню. Аўстрыяк узяў мае рэчы й пэўна стаў побач мяне. Я ў жыцьці ня бачыла такога страшнага, зьверскага чалавека з седлаватым носам, як той галоўны таможнік. Ён енчыў, рваў, кідаў рэчы й наводзіў на ўсіх жах. Палякі нейк не палохаліся, яны, відавочна, прывыклі, але ў Празе падобнае было хіба толькі на гэстапа. У мяне быў пашпарт без грамадзянства, але зьвер схапіўся толькі за маю кніжку «Ад родных ніў», ён трос ёю й нешта крычаў, што тут за «русіш літаратура». Спалохаўся й мой спадарожнік і папытаўся ў мяне, што за кніжка. Калі я яму расталкавала, што кніжка мая, выданая ў Празе, ён праверыў гэта, пагаварыў нешта са зьверам і, схапіўшы мой чамадан, павёў мяне хутчэй у цягнік. Я мусяла сказаць яму, што я паэтка, што прывяло фрыца ў захапленьне. Дзіўны быў гэта чалавек — прозьвішча было ў яго славянскае. Ён зусім перамяніўся й ледзь ня плакаў, што мне трэба ехаць у самае пекла. Ён запрасіў мяне на абед у рэстаран-вагон, гдзе шчодра дазваляў абстрыгаць свае картачкі на нас дваіх. Я запрапанавала яму каньяк, а йн мне аддаў свой дэсэрт. Немцы на нас паглядалі, але ён трымаўся як джэнтэльмэн. У Варшаве ён завёў нас з Русаком у пачакальню для немцаў і не адышоў ад мяне, пакуль ня здаў мяне на рукі доктару Шчорсу, якога аднайшоў у Варшаве, і не пераканаўся, што гэта зусім парадачны чалавек і мне нічога ня грозіць. За ўсе гэта прасіў толькі, каб я яму адказала на ліста, калі ён мне напіша ў Прагу. Як жа сардэчны, як жа харошы быў гэты чалавек, быццам Піпэры.
Варшава здалася мне сумнай, бязлюднай. Кожны дом, гдзе былі немцы, быў аплецены калючым дротам. Гэта падняло маю павагу да палякаў. Месцы ў трамваях былі падзеленыя для палякаў і немцаў. Людзі на вуліцах былі настарожаныя, сумныя, апранутыя вельмі скромна.
Шчорс вёз нас да сябе, гдзе ля шпіталя была ў яго кватэра. Мы спачатку пайшлі з ім да яго маці, якая ляжала пасьля апэрацыі на апэндыцыт. У Шчорса былі яшчэ сябры з Бэрлша. Ехаць на Кангрэс ён не зьбіраўся й дзівіўся, куды гэта нясе нас.
Мне вельмі хацелася ведаць, што ж задумаў на гэты раз Ермачэнка… Неабыякавасьць яго да мае асобы настарожвала.
Назаўтра раненько мы ўжо ехалі ў напрамку Беларусі. Каля Беластоку ўжо пачалі паяўляцца цягнікі пад адкосам, і штораз то іх было болей. Цягнік ішоў толькі да Ваўкавыска, а там былі толькі цягнікі вайсковыя, на якія нас ніхто не хацеў браць. Русак, як пень, нічога ня думаў, не прадпрымаў, сядзеў, соп і драмаў. Мне сказалі, каб я зьвярнулася да нейкага начальніка. Той быў вельмі расстроены. Сумна паглядзеў на мяне й папытаўся, ці не баюся. Кажу яму, што не баюся й ехаць нам трэба. Ехалі мы, мінаючы Зэльву, а там недзе быў брат мой, былі мужавы бацькі, але спыняцца цяпер ля іх было небясьпечна і мне, і ім. Спыніцца ў такі час гэта знача застацца назаўсёды, а ў Празе чакала дзіця.
Нарэшце селі мы ў цягнік, гдзе ўсе ваенныя й ніводнай жанчыны. Акружылі мяне немцы, якія ехалі з адпускоў у Менск. Яны хвалілі беларусаў, баяліся партызанаў. Да цягніка падбягалі дзяўчаты з маслам і яйкамі, адной з іх я пачапіла свае пацеркі, так мне хацелася нешта пакінуць тут.
Мне вельмі хацелася піць, пад’яжджалі да Мастоў. Усюды былі надпісы «толькі для немцаў», гэта было аж страшна, і мяне проста ўзрывала ад гэтага. Я ўвайшла ў буфет і кажу: «Я ня немка й хачу піць, вось вам грошы, папрашу ліманад». Мне далі бутэльку, і я яе забрала ў цягнік. Адпускнік немец парадзіў мне болей гэтага не рабіць. А як жа тут вытрымаць, калі кожная нечысьць толькі й ведае, што заводзіць у нас розныя свае парадкі, абсалютна не беручы пад увагу карэннага насельніцтва краіны, яго найсьвяцейшых правоў… Колькі ж будзе такое трываць?..