Шрифт:
Што ж, я знайшла і ўрад, і таго чалавека, які быў шчыра рады, што бачыць мяне жывую. Ён завёў мяне да сваяго начальства. А начальніцай «сацыяльнай дапамогі для Чэхаў і Маравы» была фрау Нот. Гэта была высокая жанчына гадоў за сорак. Яна папыталася ў мяне аб падарожжы й сказала, што ля Менску была вялікая здрада. Мы гаварылі яшчэ, і так нейк выйшла, што я, усхваляваная тым, што бачыла, папыталася яе: як яна можа стрываць такія паводзіны сваіх землякоў на нашых землях? Яна адказала мне вельмі паважна, што вельмі нізка ўпалі маральна яе суайчыньнікі й яна ня мае права адыходзіць тады, калі патрэба людзей шляхотных і адданых яе радзіме… Гэта было праўдай.
Як мне расказалі чэхі, дык фрау Нот старалася заўсёды зьмякчыць, зьмяніць суровыя загады таго часу й вельмі актыўна памагала чэхам. Яна паклікала пры мне сваю сакратарку й загадала ёй пускаць мяне да яе ў любы час, калі я пажадаю. Памагла яна мне лёгка замэльдаваць [63] сьвятароў, яна проста загадвала гэстапа, і яе слухалі. Таго чэха мы запрасілі на пачастунак, на чарку. З фрау Нот мы шчыра пасябравалі, і я магла памагаць цяпер, каму мне толькі трэба. Вельмі міла частавала мяне яна ў сваей багатай арыгінальнай кватэры, расказвала пра сваяго жаніха, які працаваў ваенным хірургам. Кожны дзень яна пісала яму лісты.
63
Замэльдаваць (дыял.) — стаць на ўлік, прапісацца.
Хутка ўладкавала я сваіх гасьцей на кватэры. Для мяне не было немагчымасьцяў, і людзі радыя мне памагалі, чым толькі маглі. Не пасьпела сказаць Міціным, як яны ўжо адпусьцілі адзін пакой для сям’і айца Балая, а Лапіцкія пасяліліся ў Моджанах з пані Крэчэўскаю ў кватэры дзядзькі Васіля, за якую мы плацілі. Забылася яшчэ адну рэч: пакуль да фрау Нот, дык сьвятарам сказалі, што іх не прапішуць, бо яны ня маюць працы. Лапіцкі быў задуманы й нарэшце паказаў мне чарнавік, які напісаў яму Ермачэнка. Знача, сьвятар і там ужо быў…
Ермачэнка надыктаваў, што ён быў у Менску чалавекам веруючым, гуманным, памагаў удовам, сіротам, царкве і г.д.
Адна хлусьня, прытым несусьветная, якую Лапіцкі меўся падпісаць. Я адабрала ў яго гэтую пісульку й сама пайшла да праскіх сьвятароў, да айца Ісакія. Кажу яму: «Ратуйце нашых сьвятароў, грошы яны маюць, дык вы дайце ім толькі працу на вока, каб іх тут у ціхай больш-менш Празе затрымаць». Гэта мне яны зрабілі з радасьцю й загадалі, каб айцы ўвечары ўжо прыйшлі служыць вячэрню! Во яны зьдзівіліся, калі я ім сказала йсьці служыць, а калі яшчэ схадзілі мы да фрау Нот і ўсё без Ермачэнкі цудоўна ўладзілася, дык айцец Мікалай Лапіцкі й кажа: «Няма ў вас апартаментаў адпаведных, ні машыны, ні нават каракулевага пальта, і вы можаце зрабіць усе, што хочаце, у Празе, прытым чэснымі шляхамі…» А Ермачэнка недзе ўжо тую паперку гатовіў сабе для наіўных амэрыканцаў… Ну й ну… Загневаўся ён на мяне страшна. Пачаў пісаць і вымагаць ад мяне, каб здавала ў архіў усе, што датычыць Беларусі. Паслала я яго вон.
У Прагу прыехала й дачка Р. Астроўскага з зяцем, і гэтыя ўсясільныя людзі прыйшлі да мяне з просьбаю дапамагчы. Ім далі дазвол на пражываньне ў Празе, а вось працы мужу-лекару не давалі… Павяла я іх на Чэскі Град да доктара Піпэра. Сьмешна, у тым Чэрнінскім палацы [64] я як удома, быццам некалі там жыла, вось дзіва… Піпэр як Піпэр — прыняў мяне ласкава, даў Мінкевічу працу ў найлепшым праскім шпіталі на Булеўцы. Я яго пачаставала папяросамі, якія заўсёды насіла з сабою ў партсігары дзядзькі Васіля, каб не абразіць, закурыла й сама. Першы раз у жыцьці.
64
Палац у стылі барока ў Празе.
Памагалі мне ўсе: чэхі, немцы, эмігранты, камуністы й нацыяналісты, свае й чужыя. Я дзякавала Богу, што не пакідае нас адзінокіх у чужым народзе й сэрцы чужых людзей робіць для нас спрыяльнымі й адданымі, а сэрцы землякоў нашых — роднымі, кахаючымі імя й асобу маю, маяго сына й маяго мужа, і гэта ў часы, калі так страшна. У Прагу пачалі зьяжджацца ўцекачы з Беларусі, з Украіны. Да пані Косач-Шыманоўскай прыехалі яе сестры, абедзьве сядзелі ў савецкіх лагерох. Вельмі мілыя, у хустачках, скромныя, вучылі мяне розуму, і мне жаль сяньня, што я іх не паслухала.
Амаль усе землякі знаходзілі мяне, нашую хату. Гэта былі пераважна гарачыя патрыёты, якія з болем ад’яжджалі ў сьвет, і толькі таму, што беспэрспэктыўнасьць беларускай нацыянальнай працы пры саветах была ім ведамая даўно. Калі паўставала пытаньне: свабода ці Бацькаўшчына — людзі выбіралі свабоду. Ня ўсе да нас заяжджалі. Ехалі нейкія Аўдзеі й Баўдзеі, якія, казалі, вельмі нажыліся ў часы апошняй вайны, гандлюючы гарэлкаю й прадуктамі ў час голаду. Такія наведвалі Ермачэнку; з намі яны ня мелі б аб чым гаварыць. Астроўскі з сям’ей пакуль што спыніўся ў Русака, да нас зайшоў толькі аднойчы й то на малую хвіліну. Відно было, што яны ня любяць мяне. А вось усе няшчасныя, са сьвежым болем па пакінутай Бацькаўшчыне, былі ў нас сталымі гасьцямі. Разам мы бедавалі. Прыйшоў час маім землякам паглядзець на шырокі, зусім іншы ад нашага традыцыйнага, сьвет.
Юрачка шчыра апекаваўся ўцекачамі. Вучыўся ён надзіва добра. Калі часамі паяўляліся горшыя ацэнкі, дык амбітны хлопчык сядаў за заняткі паважна й зноў ганарыўся посьпехамі. 27 ліпеня 1944 года скромна адсьвяткавалі мае трыццаць чатыры гады. Муж купіў мне залаты пярсьцёначак з амэтыстам, і я загледзелася ў сіні колер цудоўнага каменьчыка. Мне тады прыпомніліся вочы маяго серадольшага брата Аркадзя — такія ж былі беззаганна сінія. Якраз у гэты дзень ён аддаваў Богу душу недзе ў Ларэта ля Рыма ў арміі генерала Андэрса. Аб гэтым прыйшла вестка пасьля вайны. Не пісалі да нас болей і Расьціслаў, і мужавы бацькі. Страх аб іх лёсе спыняў дых. Усе ратаваліся, уцякалі, а Расьціслаў шукаў маці, якую вельмі любіў. Дарма, усе дарма, вера ў дабро можа быць толькі ў гуманных, дэмакратычных дзяржавах.