Споведзь
вернуться

Геніюш Ларыса Антонаўна

Шрифт:

Я была радая хоць тым, што Мікола мог яшчэ ўбачыць дзядзьку й з яго ўласных рук атрымаць гэты дакумент. Першы экзэмпляр далі мне, другі Міколу, а трэці пакінуў сабе дзядзька Васіль. Ніхто пра гэта нічога ня ведаў, усё рабілася тайна. У Менску ўжо існавала Цэнтральная Рада, а гэта быў як другі ўрад, як апазыцыя. Не па нутру гэта было й немцам, якім дэмакратычная БНР нс магла й не хацела, ніяк не хацела падпарадкоўвацца. Яны давалі дзядзьку Васілю вялікія грошы, каб ён выступіў ад імя БНР. Дзядзька адказаў ім: «Гэта завялікія для мяне грошы, але зямалыя для маяго народу». I так жыў ён на вельмі скупыя сродкі ад чэскага Чырвонага Крыжа. Ён умеў сабе ва ўсім адказаць. Пастушок з дзяцінства, з нішчаты, перанёсшы ў раньнім юнацтве тубэркулёз, дабіўся саматугам сякога-такога становішча, аб якім ня думаўшы кінуўся ў вір барацьбы й змаганьня за волю сваяго народу, ён чэсным і верным застаўся да канца. Найболей было гэта страшным для Сталіна, які ўжо паказаў у 37-м годзе, дый раней, што намерваецца зрабіць з Беларусьсю. Нездарма мне сказалі на сьледстве, што іх паляваньне на мяне пачалося якраз з 43-га года. Я гэта адчувала, ведала, чаму мяне хочуць дастаць у Менск, і вельмі, вельмі баялася Ермачэнкі. Каб ён быў з адньші немцамі, ён даўно выдаў бы Вольфсанаў — думалася мне, але я ведала, што ён вораг чэхаў і наагул вораг дэмакрацыі. Ён вельмі разьлічваў на дзядзькаў тэстамэнт, але дзядзька цяпер яго не баяўся. Дзядзька паміраў. Васіль Русак разьлічваў на гэта таксама, але дзядзька не давяраў і яму. Не падабаўся яму й Кастусь Езавітаў, сябра ўраду БНР, які жыў у Рызе. Ён пачаў хіліцца да немцаў, хоць гэта было ня шчыра, а вонкава. Дзядзька ня мог сьцерпець і гэтага. Ён казаў мне: «Езавітаў, як генеральская кабыла, заўсёды хоча быць першым» — а тут трэба ўмець і быць апошнім. Прыйдзе час, і будзем першымі ня мы, дык патомкі нашыя, на вольнай зямлі нашых продкаў! Час гэты прыйдзе!!! Найболей я баялася ўдару з боку Ермачэнкі, гэта была хітрая штука, ды ў яго руках быў мой муж… Я малілася Богу, каб даў мне сілы быць моцным чалавекам у самых найгоршых варунках жыцьця.

Спакавалі мы з Міколам пару чамаданаў нашага дзяржаўнага архіву, і ён павёз гэта ўсе да сябе з думкай усё гэта пераправіць у Францыю. Я й да сяньня ня ведаю, як яму й ці яму гэта ўдалося. Гэты архіў вельмі хацеў вырваць мне з душы Цанава, паставіўшы шмат пазьней мяне перад абліччам сьмерці. Што ж: «Бяз волі Божай волас мне з галавы не ўпадзе, і я вас не баюся!» — ледзь стоячы на нагах з голаду, хваробы, допытаў і трываўшай ужо год турмы, дастойна й спакойна гаварыла я. А лютасьць маіх прасьледавацеляў і сымерць нагла заглядалі мне ў вочы. А пакуль што ў ноч адыходзіў з чамаданамі Мікола Абрамчык, з трывогай аб лёсе хворага дзядзькі Васіля, нашага архіву, нашага народу.

А дзядзька згасаў з кожным днём. 13 сакавіка 43-га года ў нядзелю я наведала яго. Заўважыла, што яго перавялі да найцяжэйшых хворых. Ляжаў ён жоўты, слабы. Хацеў, каб падалі яму судна. Я папрасіла, каб не ўстыдаўся мяне, ён ужо мала на што рэагаваў. Прасіў толькі, каб я так хуценька не хадзіла, каб крыху прысела ля яго. Аддаў мне свой экзэмпляр тэстамэнту й папрасіў, каб гадзіньнік яго я пакінула сабе. Я яму абяцала гэта. Мы разьвіталіся.

Калі назаўтра я пайшла ў больніцу, дзядзька Васіль ужо памёр. Мне апалі рукі, каля мяне дзеяліся незразумелыя рэчы. Я атрымала загадкавага ліста ад нейкае Энгельгарт, якая загадала мне прыйсьці ўвечары на вуліцу Філіпа дэ Монтэ, грозячы, калі не прыйду. (Была гэта, як пасьля высьветлілася, афэрыстка.) Падыходзілі да мяне нейкія людзі на вуліцы, усб было несамавіта. Мне трэба было вытрымаць усё й толькі як сьлед пахаваць дзядзьку. Назаўтра я ўсё, што магла, аформіла ў паграбальным урадзе. Чэхі ў вынятковай ласкавасьці далі дзядзьку мэталёвы гроб, чаго вайною нікому не рабілі. Мне думалася, што некалі мы пазьбіраем усіх сваіх жывых і мёртвых і прывязем у свой беларускі дом, які будзе народным, бацькавым, любым домам для нас. Некалі, некалі… А тым часам то я раўла, то ізноў гатавалася да пахаваньня. Быў бы хоць Яначка, а то сама, як палец.

Назаўтра прыехалі Мікола Абрамчык і Стась Грынкевіч з Бэрліна, прыйшла пані Крэчэўская, і мне стала лягчэй. Стася я ведала з лістоў. Пісаў ён мне з нямецкага лагеру ваеннапалонных польскай арміі, гдзе быў разам з мужавым сваяком, якому мы пісалі, пасылалі кніжкі, часам пасылку. Быў гэта добры беларус, афіцэр польскай арміі, недакончаны лскар. Яго патрыятызм, інтэлігенцыя й выхаваньне ды нейкая чэснасьць беларуская прытым мне падабаліся. Вызначылі час пахаваньня. На Альшанскія могілкі ў праваслаўную капліцу перавезьлі цела памершага. Хоць дадаткова было заплачана за агаленьне нябожчыка, на жаль, і тут мяне ашукалі. Людзей на пахаваньне сабралася вельмі многа. Было шмат вянкоў. Я трымалася вельмі добра. Юрачку вяла пані Ядзя, адна мая знаёмая. Ён, здавалася, разумеў усю важнасьць гэтай хвіліны, быў спакойны, задуманы. Хораша адпраўляў набажэнства айцец Ісакій, расеец, вельмі харошы чалавек і сьвятар. Калі ён пачаў гаварыць апошняе слова па дзядзьку, ды такое — аб долі Беларусі, аб долі памершага, як бы сам быў з нашага народу. Вось тады я ня вытрымала, абмякла, падкасіліся ногі. Мяне вывелі. Бог няхай будзе літасьцівы й вечна міласэрны да таго харошага сьвятара. Вельмі многа зрабілі здымкаў з пахаваньня, а калі ўжо ўсе разышліся, Стась Грынкевіч пабег яшчэ па фатографа, і ўжо фатаграфавалі мяне ля магілаў. Дзядзьку Васіля палажылі ля ягонае жонкі Паліны з Ляўтаў, бо магіла загадзя была закупленай і разьлічанай на дваіх. Стаяў там і помнік з вырытым знакам Пагоні. На помнік толькі прырабілі пасьля мрамарную дошку з імем дзядзькі. Яго званьня напісаць было нельга. Не прызнавалі й тады незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі. Гітлер і яго генералы й не генералы будавалі т. зв. Новую Эўропу, тысячалетні нямецкі «райх» [43] , гдзе беларусам у рэшце рэшт адводзілася месца нявольнікаў, як і ўсім славянам. Прымаючы словы спагаданьня ад чэхаў і роздых нацыянальнасьцяў эмігрантаў, я адчувала, што адышоў наш вялікі чалавек, які як умеў, так чэсна адносна сваяго народу рэпрэзэнтаваў нашую Айчыну за межамі. Цёплае слова сказаў і Гайда, гэта быў чэх, пасол у Ліцьве за часу прабываньня там БНР, які застаўся заўсёды верным сябрам беларусаў і асабіста дзядзькі. Многа пазьней пад час неймаверна шалёнай пургі на Інце падышла да мяне адна эстонка й пачала вельмі хваліць дзядзьку Васіля Захарку. Яна яго ведала. Яе родная цётка-эстонка была жонкай консула чэскага Гайды. Сем’і з сабою дружылі, і гэтая маладая жанчына ня раз гасьціла з імі ў дзядзькі Васіля, калі бывала ў Празе.

43

Райх (ням. Reich) — дзяржава, імперыя.

I так 14 сакавіка 1943 года памёр Васіль Захарка. На яго месца засталіся мы. Я, такая простая й амаль вясковая, якой адзінаю зброяй была невысказана вялікая любоў да Беларусі, чэснасьць жыцьцёвая й мой талент. Мікола ведаў мовы, добра арыентаваўся ў палітыцы, меў ужо практыку ў змагайьні за Беларусь. Усе надта хацелі ведаць, хто ж на месца дзядзькі Васіля? Мы пакуль маўчалі. Мароз мне па скуры хадзіў, калі я думала пра Ермачэнку, ды ня толькі ён… На вечар па дзядзьку Васілю ўсе нейк пайшлі, сабраліся па групках. Да нас пайшлі толькі мы: пані Крэчэўская, Мікола, Стась і я. Было нам нейк сумна і ўсё ж добра ў цеснай, сваей беларускай сямейцы. Мы дык ужо сабе давяралі. Пані Крэчэўская перадала тады Міколу пашпарт беларускі Пятра Антонавіча Крэчэўскага й стары вялікі артыкул з амэрыканскай газэты (ня памятаю назовы) аб прагалошаньні 25 сакавіка 1918 года Беларускай Народнай Рэспублікі.

Назаўтра мы ўсе разам паехалі ў Моджаны, гдзе перабіралі, сартавалі й адбіралі, што трэба было неадкладна вывезьці з беларускага архіву дзядзькі Васіля. Рэчы яго скромныя мы, пасьля дэзынфэкцыі, аддалі ўсе Стасю Грынкевічу. Ён павёз іх тым беларусам, якія былі на працы ў Нямеччыне й ня мелі дастаткова адзеньня. Так я дамовілася з дзядзькам. Сартаваць архіў нам ніхто не перашкаджаў. Нікога з немцаў не было на пахаваньні, і здавалася, яны нічога ня ведаюць. Адкідаючы непатрэбнае, Мікола проста адсунуў пудэлачка [44] ад запалак. Я падняла яго, і ў ім знай шлі мы цудоўныя беларускія значкі яшчэ з 1918 года з Пагоняю. «Благаславенна ўсе, да чаго ты дакранешся», — сказаў мне Мікола й дзіўна нейк на мяне паглядзеў. Была вайна, і не было рэчаў, адзеньня, абутку, а ў дзядзькі былі харошыя, новыя чаравікі як на Міколу, дык кажу яму: «Вазьмі ты сабе па дзядзьку хоць чаравікі, хоць нешта, твае ж падзёртыя». — «А чым я ад цябе горшы, Ларыса Геніюш, я ж ня бачу, каб ты сабе што-кольвечы брала». Так адказаў мне Мікола, і гэта напоўніла мяне нейкім даверам да яго й спакоем за ход нашых спраў. Усё, што было найболей вартасным, мы спакавалі й перавезьлі да нас. Там перапакоўвалі, каб адвезьці далей. У гэты час да нас прыйшоў Забэйда-Суміцкі. Яго не ўпусьціць мы не маглі. Я далей стаяла на каленях і пакавала. Узяўшы ў рукі дзяржаўную пячаць, я пацалавала яе спачатку. Цікава, што гэты выпадак сказаў мне на сьледстве сьледавацель. А можа, сам Мікола, калі гаварыў аб гэтым…

44

Пудэлачак (дыял.) — карабок.

I так сябры паехалі, павезьлі з сабою часьць архіву, бо мы вельмі баяліся, і не без падставы, што немцы будуць мець на яго зуб. А пакуль што я хадзіла як учадзеўшы, усе думала: што ж будзе далей? Не давала гэта нам нейкае ўлады, але мы мелі шчасьце захаваць мінулае, факт і традыцыю прагалошаньня незалежнасьці нашай, што для кожнага народу сьвятая, вялікая рэч. Розна складаецца лёс народаў. Ёсьць самастойнасьць дзяржаўная, ёсьць фэдэрацыі, але як бы не было, маючы такі факт за сабою, мы адчувалі, што мы народ! Нельга адбіраць, ануляваць, заціраць вялікага ў жыцьці людзей і народаў, нельга абядняць нацыі, забіраючы ім іх дасягненьні. Не, я не аддам мінулага!

Час ішоў, дзядзьку Васіля прыпамінала ўсё: кожны сустрэчаны эмігрант, кожная справа, якая датычыла Беларусі. Цяпер толькі адчувалася, як гэты ціхі й скромны змагар высока трымаў імя Беларусі. Не было да каго паехаць, не было з кім парадзіцца — толькі на ягоную магілу. Не было болей людзей у Празе, для якіх беларуская справа была б важнейшай за асабістую. Дзядзька наскрозь іх бачыў і ведаў, што ў разе чаго ад’ютанты яны, не камандзіры, і спалягаць на іх нельга. Часам думалася: ня тых выслаў Браніслаў Тарашкевіч, якія ахвярна прынясуць здабытыя знаньні й жыцьцё Радзіме. Пэрспэктывы асабістага спакою й дабрабыту даўно ўжо ў іх заглушылі тое лепшае, што яшчэ, можа, адчувалі яны ў юнасьці. Некалі-такі, казалі, надзейны Астапкевіч, ажаніўшыся з чэшкаю, думаў цяпер толькі іхнімі катэгорыямі, таксама Клаўсуць, таксама дакторка Сідарук, якая, каб не паехаць на ўсход, сымулявала хваробу пазваночніка. Гэта якраз нічога, але бабка зусім забылася, скуль яна й на якую стыпэндыю атрымала асьвету.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win