Крыніцы
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

— Будзе лаяць вас, будзе лаяць мяне, — весела адказаў стары, — Яе абавязак такі.

Але выпускнікі падхапіліся ўжо, як па камандзе. Нехта сказаў:

— Стамілі мы вас. Даруйце.

Даніла Платонавіч не ўгаворваў пасядзець яшчэ: ён разумеў, што моладзі, ды яшчэ ў такі дзень, цяжка быць доўга каля хворага чалавека.

— Дзякую вам, што прыйшлі. Заходзьце. Абавязкова заходзьце. А то Раі адной надакучыла дзяжурыць каля мяне. Ага, Алёшу пісьмо напішыце. Ён парадуецца. І ад мяне — паклон.

A калі яны развіталіся i рушылі гуртам, а не адзін за адным, як ішлі сюды, ён затрымаў ix.

— Пачакайце, яшчэ адна просьба да вас… Помніце, колькі разоў мы з вамі крыніцы чысцілі? Нашы крыніцы, там, у равах. — Ён паказаў у поле, дзе бралі свой пачатак ручаі.— Не забывайце, калі ласка, пра ix, а то заплывуць, заб'юцца, перасохнуць… Крыніцы павінны быць чыстыя!

41

Рая ляжала на траве i чытала, закрываючы касынкай апухлую шчаку — уджаліла пчала. Даніла Платонавіч драмаў у сваім крэсле. З учарашняй раніцы ён маўчаў. Учора, калі Наталля Пятроўна i Аксіння Хвядосаўна вынести хворага ў сад, ён глянуў у бок МТС i адразу захваляваўся, а пасля спытаў у Раі:

— Рая, што гэта я дуба не бачу?

— А яго ўчора спілавалі. Ён не распусціўся, засох, — проста адказала дзяўчына.

— Ну, вось бачыш — засох, — неяк дзіўна ўсміхнуўся Даніла Платонавіч i змоўк.

Кніга была такая цікавая, што Рая забылася нават пра пчол, якія звінелі над галавой i якіх яна вельмі баялася, бо яны чамусьці нападалі на яе часцей, чым на каго іншага. Кажуць, пчолы наогул не любяць жанчын. Але ж Вольга Калінаўна i бабка Наста ходзяць каля ix — i пчолы ix не кусаюць.

Рая не адразу пачула, што Даніла Платонавіч кліча яе:

— Рая… Рая, — нязвыкла ціхі голас у яго стаў.

Яна ўзняла галаву.

— Здаецца, навальніца будзе, Рая.

Яна паглядзела на неба, чыстае, без адзінага воблачка, зацягнутае спякотнай смугой.

— Але, душна вельмі,— i зноў у кнігу.

Другі раз ён паклікаў яе праз паўгадзіны i яшчэ цішэй, амаль шэптам. Яна глянула i спалохана падхапілася. Даніла Платонавіч ляжаў, адкінуўшы галаву на спінку крэсла, дыхаў часта, праз адкрыты рот, нібы яму не хапала паветра ў бязмежным прасторы чэрвеньскага дня. Пальцы яго правай рукі шкрабалі па грудзях, быццам ён хацеў разадраць кашулю, што душыла, але не ставала сілы.

Рая кінулася да яго.

— Даніла Платонавіч, што з вамі? Што з вамі? Мамачкі мае!

Ён паківаў галавой i яшчэ даволі выразна сказаў:

— Адыдзі… Рая…

Яна ў жудасці кінулася дахаты, закрычала:

— Ма-ма!

Але невядомая сіла вярнула яе назад. Яна спынілася крокаў за пяць i не магла адарваць позірку ад яго рукі. Яна нічога больш не бачыла — ні твару, ні вачэй — толькі гэтыя кастлявыя жоўтыя пальцы, якія ўсё слабей i слабей шкрабалі надзвычай белую сарочку. Потым пальцы неяк адразу збялелі, i рука мёртва ўпала на падлакотнік крэсла. Рая зноў у жудасці крыкнула: «Мама!..» — i павярнулася бегчы, але насустрач, спяшаючыся, ішла бабка Наста. Яна адхіліла Раю, ахнула, як бы страшна здзівілася, убачыўшы нябожчыка, потым спакойна перахрысцілася.

— Прыгожа жыў, прыгожа i памёр. Дзянёк які божы! А я ўсё жыву, усё жыву, — і, падышоўшы, яна прыціснула пальцамі яго павекі, каб заплюшчыць вочы.

Тады толькі Рая ўсё зразумела і, спалоханая — яна ўпершыню ўбачыла, як прыходзіць смерць, уражаная прыціснулася лбом да шурпатай кары яблыні і няў, наўзрыд заплакала.

А недзе далёка за рэчкай i лесам грымеу гром набліжалася навальніца.

* * *

Ластаўкі, якія прывыклі да шуму школы i смела лёталі, калі крычалі i гулялі дзеці, палохаліся гэтага маўклівага натоўпу, абляталі яго імкліва бокам i не шчабяталі вясёла на вышках пад дахам. А тыя, што жылі пад страхой хлеўчука, не маглі прыляцець у сваё гняздо, i там танклява i жаласліва пішчалі малыя.

Трупу вынеслі ca школы на двор, паставілі на лаву. Развітацца з другам i настаўнікам прыйшлі сотні людзей: калгаенікі з усяго сельсавета, настаўнікі, раённыя работнікі. У ганаровую варту сталі Жураўскі i той стары настаўнік, які некалі разам з Данілам Платонавічам праводзіў цераз балоты партызанскі атрад. Лемяшэвіч пазнаў яго. Стары плакаў, як ніхто з мужчын.

Прыйшлі з поля трактарысты. Дзяўчаты прынеслі вянок з зялёных калоссяў i васількоў. Кветкі, толькі што сарваныя ў лузе i полі, ніяк не нагадвалі магільныя, яны жылі i як бы сведчылі аб няспыннасці i харастве жыцця. Наогул, усё як бы пярэчыла смерці, усё квітнела навокал, налівалася сокамі. Шчодра свяціла сонда.

Цяжкія хвіліны жалобнага мітынгу — апошняга развітання з чалавекам, які ўжо ніколі не зойдзе на гэты двор, дзе столькі разоў прайшлі яго ногі за сорак год, не ўзыдзе на гэты ганак, які ён сам будаваў i рамантаваў. Прамоўцы падымаюцца на прыступкі ганка каля ног нябожчыка i гавораць. Многія гавораць не тое, што ім хацелася сказаць, але ўсё адно ў такія хвіліны кранаюць любыя словы. У Наталлі Пятроўны ад плачу распух твар. Дар'я Сцяпанаўна, сама глытаючы слёзы, ласкава гладзіць яе руку.

— Наташа, супакойся, табе шкодна. Што зробіш? Такі закон прыроды.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 122
  • 123
  • 124
  • 125
  • 126
  • 127
  • 128
  • 129
  • 130

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win