Шрифт:
— А я заўсёды гаварыла, што з Касцянкоў Алёша — самы разумны.
Некалі яна гаварыла гэта па чарзе пра Сяргея i пра Дашу. Рая не разумела, чаму маці не любіла ix усіх разам.
Здымак i скупыя словы ў газеце ўзрадавалі не толькі Раю i сяброў Алёшы. Яны ўзрадавалі i настаўнікаў. У той дзень у настаўніцкай увесь час вярталіся да размовы пра Алёшу. Газета хадзіла з рук у рукі, яе паказвалі кожнаму, хто заходзіў у школу. Лемяшэвіча за дзень колькі чалавек спытала:
— Чыталі, Міхась Кірылавіч? Малайчына наш Алёша!
A калі ўбачылі, што размовы гэтыя не падабаюцца аднаму чалавеку — Арэшкіну, настаўнікі пачалі гаварыць яшчэ больш — каб насаліць яму.
37
— Не адставайце, не адставайце, Міхась Кірылавіч! — крычала Лена i смяялася, шпарка з'язджаючы на лыжах з высокага ўзгорка. Смех яе абуджаў маўклівы ўзлесак i поле, залітае яскравьш сакавіцкім сонцам. Быў пачатак першага вясновага месяца, але снег ляжаў некрануты i блішчаў на сонцы так, што балюча было глядзець. Трымаўся мароз, хоць сярод дня капяжы са стрэх выбівалі ў снезе на прызбах канаўкі. Цудоўна ў такія апошнія дні зімы хадзіць на лыжах! Дзень доўгі, не як у снежні, пад вечар бадзёрыць мароз i вока лашчыць снежная ўрачыстасць поля. Як бы ўсюды яшчэ пануе зіма, аднак па нейкіх няўлоўных прыкметах адчуваецца набліжэнне вясны, яе подых, асабліва моцна гэта адчуваецца на такім вось узлеску, дзе вятрамі ачышчана кожная галінка.
Лена надзіва добра хадзіла на лыжах. Міхась Кірылавіч быў не надта спрытны лыжнік, ды яшчэ напачатку крыху прыкінуўся, што не ўмее. Лена ўзялася навучыць яго. Ей падабалася вучыць самога дырэктара школы, адчуваць сваю перавагу над ім хоць у чым-небудзь. А яму гэтыя прагулкі таксама прыносілі шмат радасці. Для яго было вельмі прыемна ісці з ёй па вуліцы, бачыць, як любуюцца на ix крынічане, уяўляць, што гавораць людзі. Ён ганарыўся дружбай з падчаркай. І пачуцці да Лены ў яго былі самыя шчырыя, пяшчотныя, як да роднага дзіцяці. А яшчз больш радасна было бачыць, колькі вялікага чалавечага шчасця прыносіць ix дружба трэцяму чалавеку — Наташы. Яна бязмежна была ўдзячна мужу за гэтую дружбу. Нарэшце ў яе знік страх за будучыню дачкі, які так доўга трымаў яе ў адзіноце, не даваў зведаць усе радасці жыцця. Яна расказвала, як Лена сустрэла вестку аб тым, што яна выходзіць замуж.
— Леначка, — сказала яна, — ты даруй, дачушка, але я ўсё-такі выходжу замуж. — Дзяўчынка, як i раней, насцярожылася, замкнулася. — Я выходжу за Міхася Кірылавіча, за дырэктара вашага.
І дачка раптам засмяялася.
— Мяне спалохаў гэты смех, — прызнавалася Наташа Міхасю— Я не зразумела яго i баялася спытаць. ЦІ гэта быў смех крыўды, ці знявагі, ці, магчыма, задавальнення? Так i не ведаю дагэтуль.
У першыя дні сумеснага жыцця Наташа трымала сябе надзвычай насцярожана, баялася нават адкрыта выяўляць сваё каханне: каб толькі дачка не асудзіла яе. Міхасю Кірылавічу давялося пераконваць, як няправільна яна паводзіць сябе. Ён ставіўся да Лены як да дарослага чалавека, i гэта пакарыла дзяўчынку, хоць, безумоўна, сэрца i думак сваіх яна нікому не адкрыла, нават маці.
Магчыма, што галоўным пачуццём у адносінах да айчыма, якое кіравала паводзінамі Лены, была ўдзячнасць гэтаму чалавеку за шчасце маці, калі яна пераканалася, што маці сапраўды шчаслівая. Так, дарэчы, разумеў i Лемяшэвіч i большага не патрабаваў.
…Міхась Кірылавіч урэшце адважыўся i з'ехаў з узгорка, але ўнізе. наляцеў на куст i зарыўся тварам у снег. Пакуль ён валтузіўся, Лена сур'ёзна i занепакоена падляцела да яго з намерам памагчы. Але ўбачыла яго вясёлы твар i зарагатала.
— Куды ж вы ехалі, тат?.. Такая пратораная лыжня, а вы — у кусты!
Лемяшэвіч замёр, пачуўшы гэтае «тат». Ці, можа, яму здалося? Не, яна сапраўды сказала гэтае слова, нясмела, праглынуўшы апошні гук, паміж смехам, магчыма, несвядома нават, а магчыма, зусім свядома выбрала іменна такі момант. Лемяшэвіча гэта расчуліла i ўсхвалявала. Ніхто яе не абавязваў называць яго гэтак, ніхто слова не сказаў, ён мог застацца для яе на ўсё жыццё Міхасём Кірылавічам. Але яна ведала народны звычай, ведала сялянскія сем'і, дзе былі няродныя бацькі ці маці. А самае, відаць, галоўнае — ёй хацелася ўпершыню вымавіць гэтае дарагое слова, звяртаючыся да жывога чалавека.
Яны пайшлі па полі. На раўніне Міхась Кірылавіч не адставаў, нават імкнуўся ўперад — пракладваць лыжню, каб лягчэй было Лене. Але яна ўпарта не хацела ісці яго лыжняй i ішла побач. Ішлі i размаўлялі, як добрыя сябры. Лена спытала, калі ён падняўся i абтрусіў снег:
— Міхась Кірылавіч, a хіба ў партызан не было лыж?
— Былі, вядома. Але я служыў у коннай разведцы.
— Раскажыце цікавае пра партызан, — папрасіла дзяўчынка.
Такую просьбу яна выказала ўпершыню. Лемяшэвіч падумаў, што ён дарэмна не выкарыстоўваў такой магчымасці, якая магла б яшчэ больш умацаваць ix дружбу, — ніколі не расказаў пра сваю партызанскую дзейнасць. Ён нават не расказаў, як упершыню сустрэўся з Данілам Платонавічам. З гэтага ён i пачаў. Эпізод быў не самы цікавы, але калі ён спытаў:
— А ведаёш, хто быў адзін з гэтых старых? — У Лены ад цікаўнасці загарэліся вочы.
— Хто?
— Здагадайся.
— Ах! — радасна ахнула яна. — Няўжо Даніла Платонавіч?
Так непрыкметна яны дайшлі да Задуб'я. Лена раптам сказала:
— Давайце зойдзем у вёску. Там мама санабход робіць. Мы знойдзем яе i вернемся дадому разам.
Яны ішлі праз высокія гурбы, якія намяло на вуліцы вёскі за зіму. На выслізганых лыжамі i саначкамі гурбах лыжы раз'язджаліся, коўзаліся ў бакі. Трэба вялікі спрыт, каб не ўпасці. Лемяшэвіч нават падумаў, ці не знарок Лена павяла яго сюдой, каб выпрабаваць на такім небяспечным месцы ці, можа, нават горш: паглядзець, як дырэктар пляснецца на вачах у сваіх вучняў. А на вуліцы ix поўна. Адны, малодшыя, убачыўшы дырэктара, хаваліся i назіралі з двароў, другія знарок ішлі насустрач, ахвотна віталіся, скідаючы шапкі.